59 дыпломаў (11 — І ступені, 17 — ІІ ступені і 31 — ІІІ ступені) і 3 пахвальныя водзывы заваявалі сталічныя школьнікі на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, якая была арганізавана на базе гімназіі № 24 Мінска, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Дыпломамі І ступені адзначаны дзевяцікласнікі: навучэнка гімназіі № 2 Мінска імя А.В.Навіцкага Васіліна Сяліцкая (настаўніца Святлана Бірына), навучэнка сярэдняй школы № 43 Марыя Ільянок (Жанна Канаш), навучэнка гімназіі № 43 Соф’я Іванова (Марына Дашкевіч), навучэнка гімназіі № 24 Аліса Аляшкевіч (Алена Петрусевіч). Пераможцы сярод дзесяцікласнікаў: навучэнка гімназіі № 7 імя В.І.Лівенцава Лізавета Жукоўская (настаўніца Таццяна Сямёнава), навучэнка сярэдняй школы № 1 імя В.П.Чкалава Нэлі Кукель (Жанета Чэчат), навучэнка Ліцэя імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ Марыя Натынчык (Зоя Тарашкевіч, Аляксандра Сакулевіч). Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі адзінаццацікласнікі: навучэнка гімназіі № 56 Лізавета Гламбоцкая (Іна Хайбуліна), навучэнка гімназіі № 7 імя В.І.Лівенцава Ганна Седзюкевіч (Марына Васілёнак), навучэнка гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Вера Пшыгодская (Людміла Кушнярова) і навучэнка гімназіі № 24 Вікторыя Станелік (Таццяна Панцялеева). Высокія вынікі ў навучэнцаў гімназій №№ 56, 7, 24, 27, 16, 43, сярэдніх школ №№ 43, 42, 217, Ліцэя імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ.
— Вельмі важна верыць у свае сілы і веды. Лічу, што, калі цябе прымушаюць працаваць, вынік будзе мінімальны. А калі ты сам хочаш займацца, атрымліваеш задавальненне ад атрымання новых ведаў, то абавязкова будзе поспех. Вельмі важна, калі цябе падтрымліваюць. Мяне падтрымлівалі бацькі, мая настаўніца М.У.Васілёнак, педагогі гімназіі.
Арганізацыя алімпіяды цудоўная, захоўваюцца ўсе нормы і правілы, усё празрыста, адкрыта. Водгук мы пісалі на верш Б.Пастарнака “Ганне Ахматавай”. Я была гэтаму рада, бо перагледзела перад алімпіядай паэтаў-юбіляраў і магла прывесці факты з біяграфіі аўтара, паказаць кантэкст эпохі, у якую быў напісаны твор. Комплексную работу я заўсёды чакаю са спартыўным інтарэсам: што новага яшчэ могуць прапанаваць аўтары-складальнікі? Асабліва люблю заданні па літаратуры: шмат чытаю, знаёмлюся з біяграфіямі аўтараў. Вось і сёлета без асаблівых цяжкасцей пазнала ўрывак з паэмы М.Гогаля “Мёртвыя душы”. Веды па рускай мове і літаратуры абавязкова спатрэбяцца мне ў жыцці. Хацелася б пайсці ў журналістыку. Ужо былі першыя спробы: брала інтэрв’ю ў Веры Паляковай-Макей, — падзялілася ўражаннямі ад спаборніцтваў пераможца алімпіяды навучэнка гімназіі № 7 імя В.І.Лівенцава Ганна Седзюкевіч.
У Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры прынялі ўдзел 134 навучэнцы: 45 дзевяцікласнікаў, 44 дзесяцікласнікі і 45 адзінаццацікласнікаў. Сярод іх — прадстаўнікі школ і гімназій, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў горада, Ліцэя БДУ.
— Традыцыйна спаборніцтвы складаліся з двух тураў: комплекснай работы па рускай мове і літаратуры і сачынення-водгуку на лірычны твор, — адзначыла старшыня журы алімпіяды старшы выкладчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ Ала Занкавец. — Сёлета ў 9 класе навучэнцам прапаноўваўся верш В.Тушновай “Поўнач”, у 10 класе — К.Ваншэнкіна “Снег”, у 11-м — Б.Пастарнака “Ганне Ахматавай”. Гэта дастаткова складаныя творы. Магчыма, пашанцавала дзесяцікласнікам, бо верш быў больш празрыстым. Удзельнікам алімпіяды неабходна было прадэманстраваць веданне творчасці аўтараў і разуменне
мастацкага тэксту. Навучэнцы добра справіліся з напісаннем водгуку. Асабліва ўразіў 9 клас. Самы высокі вынік — 34,5 бала з 40 магчымых. Другі тур (комплексная работа) уключаў 12 заданняў: 8 — па мове, 4 — па літаратуры. Заданні былі вельмі цікавымі, глыбокімі. Навучэнцы прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў, кемлівасць, эрудыцыю.
Журы рэкамендуе педагогам, якія рыхтуюць навучэнцаў да алімпіяд, звяртаць больш увагі на тэксты па літаратуры, падрабязна іх разбіраць, засяроджваць увагу на важных дэталях. Што тычыцца рускай мовы, то ёсць такое паняцце, як зона вар’іравання. Гэта ўчастак ведаў, дзе магчымы варыянты. Вось на іх трэба засяроджвацца: націск, які мяняецца ў словах, зменлівыя вымаўленчыя нормы і інш. Настаўнікам таксама важна прымаць удзел у мерапрыемствах, якія арганізоўваюць рэгіянальныя ІРА па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд (вэбінарах, семінарах).
У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел больш за 1500 сталічных навучэнцаў школ, гімназій, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Базамі правядзення алімпіяды сталі 13 устаноў адукацыі горада.
Па словах намесніка старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольгі Смірновай, сярод гімназій горада найлепшыя вынікі прадэманстравалі гімназія № 41 імя В.Х.Сярэбранага, гімназія № 7 імя В.І.Лівенцава, гімназія № 56. Высокія вынікі па матэматыцы і фізіцы паказалі навучэнцы гімназій № 41 і №10, па хіміі і біялогіі — навучэнцы гімназій №№ 41, 29, 32. Сярод школ традыцыйна лідарства ўтрымліваюць сярэдняя школа № 73 (па нямецкай мове), сярэднія школы №№ 114, 139, 159 (па іспанскай мове), сярэднія школы № 7 і № 30 (па гісторыі). Сёлета значна павялічылася колькасць удзельнікаў алімпіяды па кітайскай мове (48 навучэнцаў). Лепшыя знаўцы мовы Паднябеснай вучацца ў гімназіі № 23 і сярэдняй школе № 10. Сярод раёнаў сталіцы самую высокую выніковасць паказалі Партызанскі, Маскоўскі і Фрунзенскі раёны.
На ўзроўні самааддачы
Абсалютнай пераможцай алімпіяды прызнана адзінаццацікласніца гімназіі № 56 Мінска Лізавета Гламбоцкая.
Дзяўчына ўдзельнічае ў спаборніцтвах трэці год запар. Яна сур’ёзна займаецца рускай мовай і літаратурай з 5 класа, гадамі назапашвала веды, прачытала шмат мастацкай літаратуры. Яе любімыя аўтары — Антон Чэхаў, Аляксандр Грыбаедаў. Лізавета лічыць, што набытыя веды і навыкі абавязкова спатрэбяцца ёй у жыцці. У далейшым яна плануе звязаць свой лёс з філалогіяй.
— Сёлетнія заданні былі дастаткова цікавымі, — адзначае гімназістка. — Напісаць водгук на верш было няпроста, бо твор патрабаваў глыбокага ведання біяграфіі і Пастарнака, і Ахматавай. У Б.Пастарнака — свая мова, сваё разуменне свету, якое адлюстравана ў яго творах, што можа заблытаць чытача. Чатырох гадзін для напісання сачынення для мяне было мала. Што тычыцца комплекснай работы, то гэтым разам былі цікавыя і нескладаныя заданні па літаратуры. А ў заданнях па мове неабходна было прадэманстраваць не столькі практычныя навыкі, колькі веды па тэорыі.
Да высокага выніку дзяўчыну прывяла настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Хайбуліна, якая, дарэчы, з’яўляецца трэнерам мінскай каманды навучэнцаў да ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.
— Сакрэт поспеху Лізаветы — у вялікай зацікаўленасці рускай мовай і літаратурай, у жаданні праявіць сябе і нечалавечай працаздольнасці, — адзначае настаўніца. — З павагай адносячыся да ўсіх прадметаў, лічу, што алімпіяда па рускай мове і літаратуры (як і па беларускай) самая складаная, бо навучэнец павінен быць спецыялістам адразу ў дзвюх галінах. І тут важная працаздольнасць на ўзроўні самааддачы, прычым як з боку вучня, так і з боку настаўніка. Калі навучэнец не бачыць, што гэтая падрыхтоўка патрэбна настаўніку, то праз некаторы час і яму становіцца не так цікава.
Па словах І.Хайбулінай, усе раздзелы мовы былі прадстаўлены ў заданнях комплекснай работы. Яны дазволілі праверыць не толькі базавыя веды навучэнцаў, але ў большай ступені і іх уменні, адштурхнуўшыся ад якіх можна было выйсці на наступны ўзровень.
— Напрыклад, можна спытаць, як пішацца тое ці іншае слова альбо папрасіць вучняў расставіць знакі прыпынку ў той ці іншай канструкцыі, а можна прапанаваць, як гэта было ў 11 класе, заданне на сінтаксіс па мадэлі: калі гэта правільна — пагадзіся, калі не — прывядзі свой аргумент, які тлумачыць, чаму гэта няправільна. Вучню, такім чынам, неабходна пракруціць мільён розных канструкцый у галаве, каб прыняць той ці іншы пункт гледжання і пацвердзіць яго. Цікавыя заданні былі прапанаваны і па літаратуры. У 10 класе, напрыклад, удзельнікам неабходна было прыгадаць, у якіх творах сустракаліся вобразы птушак.
Я з асалодай назірала, як вучні выходзілі з аўдыторыі пасля напісання водгуку. У той момант яны ні пра што іншае гаварыць не маглі. Яны ўсе былі ў вершах. Ім хацелася падзяліцца ўражаннямі, бо ў аўдыторыі яны чатыры гадзіны маўчалі, знаходзіліся сам-насам з думкамі. Гэта быў своесаблівы клуб аматараў рускай паэзіі. І гэта дарагога варта.
На маю думку, няхай лепш вучань прыходзіць з алімпіяды і гаворыць: “Мне было складана”, тады ён будзе разумець, што яму ёсць куды расці. Калі ж навучэнец прыйшоў на алімпіяду і ў яго ўсё лёгка атрымалася, то ён або неаб’ектыўна сябе ацэньвае, або штосьці не так з заданнямі, — расказвае Іна Артураўна.
У алімпіядным руху І.Хайбуліна ўжо 26 гадоў. За гэты час у педагога сфарміравалася эфектыўная сістэма работы.
— Беручы пяцікласнікаў, уважліва размаўляю з настаўнікамі пачатковых класаў, — дзеліцца суразмоўніца. — Высвятляю, у якіх дзяцей ёсць схільнасці да мовы, хто піша без памылак, хто добра чытае на памяць. Немалаважным з’яўляецца момант, наколькі бацькі гатовы супрацоўнічаць. Трэба, каб мамы і таты былі аднадумцамі педагога. У мяне, напрыклад, ёсць вучань, які амаль да 2 гадзін ночы піша работу, высылае яе мне, а потым паўдня спіць. І бацькі павінны з разуменнем да гэтага ставіцца.
Пачынаючы з 5 класа штотыднёва праз факультатывы, заняткі клуба юных філолагаў, праз стымулюючыя і індывідуальныя заняткі вядзецца работа. Як правіла, навучэнцы займаюцца ў групах. У сярэднім звяне яны спрабуюць свае сілы ў гарадскіх алімпіядах, конкурсах, інтэрнэт-алімпіядах. На гэтых спаборніцтвах можна на людзей паглядзець і сябе паказаць. А дзесьці з 9 класа складаецца індывідуальны план падрыхтоўкі кожнага вучня, які хоча працягваць навучанне і на старшай ступені.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара