Мінулы навучальны год стаў для педагогаў Гомельшчыны наватарскім і значным

- 17:09Новости

На абласной жнівеньскай канферэнцыі ў Гомелі па добрай традыцыі чарговы раз падкрэслілі любоў, майстэрства і адданасць высакароднай прафесіі. Бо менавіта педагогі сёння ствараюць базу для тых ідэй, якія заўтра зменяць свет. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адкрываючы галоўны педсавет рэгіёна, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко акцэнтаваў увагу педагагічнай грамадскасці на выніках работы сістэмы адукацыі рэгіёна і вызначыў асноўныя задачы на новы навучальны год. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў у сваім звароце да прысутных таксама падкрэсліў, што мінулы год стаў для педагогаў наватарскім і значным.

Спікерамі зазначалася, што сёння ў Гомельскай вобласці рэальна створаны роўныя ўмовы для атрымання адукацыі як у буйных гарадах, так і ў сельскай мясцовасці. Як доказ гэтага — самы высокі сярэдні бал па выніках выпускных іспытаў у навучэнцаў Нараўлянскага раёна. У тройцы лідараў таксама школьнікі Чачэрскага раёна і Цэнтральнага раёна Гомеля. Вышэй за сярэднеабласны бал — у выпускнікоў Светлагорскага, Жлобінскага, Лоеўскага, Мазырскага, Савецкага і Чыгуначнага раёнаў Гомеля.

У гэтым годзе адзінаццацікласнікі Гомельшчыны атрымалі 227 стабальных сертыфікатаў па ЦЭ, ЦТ, занялі 2-е месца сярод абласцей рэспублікі. Найбольшую колькасць такіх сертыфікатаў атрымалі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Гомеля (52), Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (22), Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (16). 35 педагогаў падрыхтавалі навучэнцаў, якія па выніках ЦЭ і ЦТ атрымалі два і больш стабальных сертыфікатаў. Адразу 11 стабальнікаў падрыхтавала настаўніца матэматыкі Гомельскага абласнога ліцэя Наталля Цімашэнка. Сем стабальнікаў — у матэматыка Мазырскага абласнога ліцэя Вольгі Голік. Шэсць найвышэйшых вынікаў — у выпускнікоў выкладчыцы фізікі Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Людмілы Гарбачовай.

Дарэчы, вобласць традыцыйна лідзіруе ў рэспубліканскіх конкурсах мастацкай, дэкаратыўна-прыкладной, тэхнічнай творчасці, робататэхнікі, “Энергамарафоне”, аглядзе-конкурсе інавацыйнай творчасці. Гэтыя і многія іншыя вынікі — дастойны ўклад у агульную скарбонку Гомельшчыны ў Год якасці.

— Сёння ў галіне працуюць больш за 28 тысяч педагагічных работнікаў, у бягучым годзе прыбылі 763 маладыя спецыялісты, з іх 216 атрымалі адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — падкрэ­сліў Руслан Смірноў. — У цэлым галіна забяспечана прафесійнымі кадрамі. Пастаўленая летась задача — ажыццяўленне якасці работы па арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі педагагічных кад­раў — выканана. Задачу абнаўлення педагагічнага корпуса дапамагаюць вырашаць профільныя педагагічныя класы. У вобласці замацавальнасць маладых спецыялістаў за апошнія 5 гадоў трымалася на ўзроўні 70%, у 2023 годзе перасягнула 80%.

Для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі мінулы навучальны год стаў знакавым па шэрагу пытанняў. Якасную адзнаку атрымала сістэма пошуку і падтрымкі таленавітых школьнікаў, развіццё алімпіяднага руху. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцамі заваявана 107 дыпломаў, што на 11 больш, чым у мінулым годзе. Гэта найлепшы вынік Гомельшчыны сярод абласцей рэспублікі за апошнія 6 гадоў.

— Гэтыя і іншыя перамогі паказалі, што адукацыя, якую атрымліваюць дзеці ва ўстановах нашай вобласці, са знакам якасці. Для таго каб не толькі ўтрымаць паднятую высокую планку, але і імкнуцца да новых вяршынь, неабходна працягнуць старанна і карпатліва працаваць. Ёсць рэзерв для руху наперад. Мы шмат чаго дасягнулі, перад намі стаяць яшчэ больш сур’ёзныя і стратэгічна важныя задачы. Перамога выбірае падрыхтаваных. Упэўнены, што разам — згуртаванай педагагічнай камандай — справімся: забяспечым высокі ўзровень якасці навучання і выхавання нашых дзяцей, — рэзюмаваў Руслан Смірноў.

Па-сапраўднаму асаблівым гэты дзень стаў для тых спецыялістаў, выхаванцы якіх дасягнулі высокіх вынікаў у конкурсах, рэс­публіканскіх і міжнародных алімпіядах. Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровыя граматы і падзякі Гомельскага аблвыканкама ва ўрачыстай атмасферы ўручаны 41 прадстаўніку рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Таксама былі адзначаны педагогі, якія прынялі актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі, ім перададзены грашовыя сертыфікаты. Пад апладысменты залы ключы ад новага школьнага аўтобуса ўручылі начальніку аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкама Людміле Тупіцы. Маладым спецыялістам Гомельшчыны, якія толькі ўліваюцца ў педагагічную сям’ю, — ключы ад арэнднага жылля.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара