Мір, адпачынак, здароўе

- 11:07"Настаўніцкай газеце" — 70

…Май 1946 года, усяго год, як закончылася Вялікая Айчынная вайна. А ў маладым выданні беларускіх педагогаў — “Настаўніцкай газеце”, першы нумар якой убачыў свет 20 снежня 1945 года, журналісты пішуць пра адпачынак, лета, усесаюзныя здраўніцы. Адпачываць нашым педагогам тады дапамагалі прафсаюзы. Робяць яны гэта і сёння, толькі ўжо ў крыху іншым фармаце і іншых аб’ёмах. Пра арганізацыю летняга адпачынку беларускіх настаўнікаў-2015 мы папрасілі расказаць прадстаўнікоў двух прафсаюзных камітэтаў работнікаў адукацыі і навукі — Мінскага гарадскога і Гомельскага абласнога.

Пуцёўкі для ветэранаў

Загадчык аддзела арганізацыйнай работы Мінскага гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Антонаўна Каленчык нагадала, што ўжо даволі доўгі час прафсаюзы не размяркоўваюць пуцёўкі ў дамы адпачынку, санаторыі і дзіцячыя лагеры, як гэта было раней. Такой работай займаюцца камісіі па аздараўленні пры ўпраўленнях адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў. Прафсаюзы ж выконваюць місію па матэрыяльнай падтрымцы тых, хто або сам вырашыў аздаравіцца, або жадае адправіць на аздараўленне дзіця.
— Зараз мы ўдзельнічаем у аздараўленні педагогаў, але ўжо яго не арганізоўваем, — заўважае Ірына Антонаўна. У сістэму ўнітарнага прадпрыемства “Белпрафсаюзкурорт” уваходзяць 13 аздараўленчых устаноў, куды могуць паехаць члены любога прафсаюза, у тым ліку нашага. Пры гэтым чалавек, дзякуючы прафсаюзнай дапамозе, атрымлівае добрую скідку — 25%. І нашы педагогі такой магчымасцю актыўна карыстаюцца. Канечне, нашы арганізацыі на месцах стараюцца аказаць людзям і іншую пасільную дапамогу. Напрыклад, можна напісаць заяву і атрымаць матэрыяльную дапамогу на аздараўленне. Стараемся як мага больш кампенсаваць выдаткі членаў нашай прафсаюзнай арганізацыі на гэтыя мэты.
І.А.Каленчык таксама ўдакладніла, што, згодна з пастановай Прэзідыума Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, на 25-працэнтную скідку на пуцёўкі ў санаторыі “Белпрафсаюзкурорта” маюць права ўсе члены прафсаюза, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, што набываюць пуцёўкі за ўласныя сродкі ці за сродкі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі або вышэйстаячых прафсаюзных арганізацый. Падставай для скідкі, такім чынам, з’яўляецца даведка, якую выдае старшыня пярвічнай прафарганізацыі або вышэйстаячай прафарганізацыі. Каштаваць жа пуцёўкі могуць па-рознаму. Так, сёлета санаторый “Крыніца”, што ў Ждановічах, на беразе вадасховішча пад Мінскам, прапанаваў пуцёўкі на 13 дзён за больш чым 5 млн рублёў (без уліку прафсаюзнай скідкі).
Скідку таксама можна атрымаць на пуцёўкі для дзяцей членаў прафсаюза да 14 гадоў, якія выязджаюць на аздараўленне разам з бацькамі, і дзяцей, якія едуць у санаторыі і аздараўленчыя арганізацыі без бацькоў.
— Калі ж дзіця едзе ў аздараўленчы лагер, то мы можам аказаць яго бацькам адпаведную матэрыяльную дапамогу, — працягвае спецыяліст. — Так, за 2014 год Мінскі гарадскі камітэт выдзеліў на гэтыя мэты 149 млн 32 тысячы рублёў, аздаравіліся з такой дапамогай 956 дзяцей. Гэта прыкладна на 50 млн больш, чым было пазалетась. А сёлета, думаю, сума на патанненне пуцёвак у аздараўленчыя лагеры яшчэ павялічыцца. У першую чаргу, безумоўна, стараемся падтрымаць мнагадзетныя і няпоўныя сем’і.
У асноўным, як расказала Ірына Антонаўна, дзеці сталічных педагогаў едуць адпачываць у лагеры, размешчаныя пад Мінскам, што цалкам зразумела. Што да санаторыяў, дзе могуць аздаравіцца іх бацькі-педагогі, то гэта ўстановы, размешчаныя па ўсёй Беларусі, якія маюць розныя лячэбныя профілі. Ёсць тыя, дзе можна падлячыць органы дыхання, нервовую сістэму, органы стрававання і г.д.
Акрамя таго, гарадская прафсаюзная арганізацыя набывае пуцёўкі для ветэранаў педагагічнай працы. Летась іх бясплатна атрымалі 11 чалавек, сёлета пакуль 3, але ж і сезон толькі пачаўся.
— Летам і вясной прафсаюзныя “пярвічкі” арганізоўваюць дні здароўя, — дадае мая суразмоўніца. — Калектывы школ, іншых устаноў выязджаюць на прыроду. Арганізатары такіх паездак — прафсаюзныя камітэты. Канечне, мы арганізоўваем і экскурсіі для членаў прафсаюза. А яшчэ ўсе члены нашай гарадской прафсаюзнай арганізацыі могуць займацца спортам. Згодна з гарадскім галіновым пагадненнем, члены прафсаюза могуць бясплатна наведваць 76 трэнажорных залаў, 14 басейнаў, 8 тэнісных кортаў, карыстацца некалькімі лыжнымі базамі — зімой жа таксама можна і трэба аздараўлівацца. Я ўжо не гавару пра галіновыя спаборніцтвы і спаборніцтвы турыстаў, якія праходзяць пастаянна.
Акрамя ўсяго, у педагогаў сталіцы вялікай папулярнасцю карыстаецца аздараўленне ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння. На аздараўленне ў гэтай установе таксама можна атрымаць матэрыяльную дапамогу, звярнуўшыся ў прафкам.
Пуцёўкі ў цэнтр выдзяляе і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва праз камісіі па аздараўленні, выдае фонд частку пуцёвак у санаторыі “Белпрафсаюзкурорта” і ў некаторыя іншыя. Такая пуцёўка абыходзіцца педагогу ў 30—40% ад яе кошту. Памер дапамогі залежыць ад памеру зарплаты настаўніка ці іншага работніка. Але ў гэтым выпадку 25-працэнтная прафсаюзная скідка на кошт пуцёўкі не распаўсюджваецца.

Залежыць ад рэгіёна

— Аздараўленне педагогаў — адзін з найбольш важных кірункаў работы нашых пярвічных і раённых арганізацый, — гаворыць Наталля Якаўлеўна Давыдзенка, намеснік старшыні Гомельскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Формы работы залежаць, напрыклад, ад памераў прафсаюзных арганізацый на месцах. Так, скажам, у Жлобінскім раёне ў нас каля 5 тысяч членаў прафсаюза, а ў Нараўлянскім і Лоеўскім — па 700—800. Усяго ж у вобласці членамі галіновага прафсаюза з’яўляюцца больш за 86 тысяч чалавек, дзейнічае каля 1300 пярвічак.
На Гомельшчыне, як і ўсюды ў Беларусі, члены прафсаюза атрымліваюць 25-працэнтныя скідкі на пуцёўкі ў санаторыі “Белпрафсаюзкурорта”. Але ў дадатак да гэтага ўсе супрацоўнікі сістэмы адукацыі вобласці, якія з’яўляюцца членамі прафсаюза, маюць дадатковую скідку на пуцёўкі. У розных раёнах вобласці ў залежнасці ад іх магчымасцей яна можа быць рознай — ад 10% да 25%. Найбольшую скідку, напрыклад, могуць атрымаць педагогі, якія працуюць у Цэнтральным і Чыгуначным раёнах Гомеля. Такім чынам, ім пуцёўка абыходзіцца ўсяго ў палову яе кошту. У Рэчыцкім раёне, між іншым, у 2014 годзе прафсаюз выдаткаваў 34 млн рублёў на патанненне пуцёвак педагогам, якія скарысталіся паслугамі санаторыяў “Белпрафсаюзкурорта”. А ў Чыгуначным раёне абласнога цэнтра ўжо ў 2015 годзе 12 членаў прафсаюза скарысталіся льготай па 25-працэнтным дадатковым патанненні пуцёвак. На гэта выдаткавана 11 млн 250 тысяч рублёў.
Дарэчы, падобныя скідкі прадугледжаны і на пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры дзецям педагогаў. Грошы ў памеры скідкі чалавек атрымлівае пасля таго, як вернецца з санаторыя ці прывязе сваё дзіця з летніка і пацвердзіць выдаткі дакументальна. Хаця кожны год абласная прафсаюзная арганізацыя выдаткоўвае грошы на патанненне пуцёвак у лагеры не толькі для дзяцей педагогаў. Так, сёлета па запыце чатырох раёнаў вобласці на гэтыя мэты накіравана 47 млн рублёў.
Ёсць і асобныя цікавыя прыклады па ўдзеле прафсаюзных арганізацый у аздараўленні педагогаў. Так, у Веткаўскім раёне мясцовы прафсаюз цесна супрацоўнічае ў гэтым кірунку са сваім сацыяльным партнёрам — аддзелам адукацыі, спорту і турызму. У індывідуальным парадку аддзел дапамагае пакрыць частку выдаткаў на аздараўленне тым педагогам, якія едуць адпачыць у санаторыі, што не адносяцца да сістэмы “Белпрафсаюзкурорта”, — сярод гэтых санаторыяў няма ўстаноў неабходнага ім профілю. Ужо ў маі бягучага года два педагогі з Веткаўскага раёна атрымалі 3 і 2,5 млн рублёў на такое аздараўленне.
— Яшчэ зусім нядаўна, — расказвае Н.Я.Давыдзенка, — прафсаюзныя арганізацыі са Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў арганізоўвалі паездкі на курорты Украіны. Цалкам бралі на сябе арганізацыйныя пытанні і аплачвалі палову праезду. На жаль, у сувязі з вядомымі падзеямі, апошнія такія паездкі адбыліся два гады назад. Хаця людзі да іх прывыклі і да гэтага часу пытаюцца, ці будзе падобны адпачынак прадоўжаны. І прапановы з украінскага боку ёсць, але, канечне, адказаць жадаючым штосьці канкрэтнае пакуль немагчыма.
Па словах Наталлі Якаўлеўны, паездкі на Чорнае мора доўгі час арганізоўваў і прафкам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Арганізацыю такіх паездак брала на сябе намеснік старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўніверсітэта Таццяна Аляксееўна Валчкова. Цяпер і тут паездкі пакуль адмянілі.
Зразумела, што ў забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах Гомельшчыны і дарослыя, і дзеці маюць права на дадатковае аздараўленне. Праўда, гэта ўжо задача не прафсаюзаў. А вось у чым многія пярвічкі дапамагаюць супрацоўнікам сваіх устаноў, дык гэта ў аплаце абанементаў у басейны. У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога ў мінулым годзе прафкам выдаткаваў 48 млн рублёў на гэтыя мэты. А ў Рэчыцы мясцовы прафсаюз дамовіўся з адміністрацыяй басейна “Алімп” аб 50-працэнтнай скідцы для кожнага члена прафсаюза.
— Канечне, мы стараемся падняць настрой і ўмацаваць дух і здароўе нашых педагогаў экскурсійнымі паездкамі, спартыўнымі спаборніцтвамі, — заўважае мая суразмоўніца. — Дзякуючы прафсаюзам, нашы людзі многа ездзяць па Беларусі, бываюць за яе межамі — у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Пскове, Чарнігаве, да якога ад нас, дарэчы, менш чым 100 кіламетраў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Мінскага гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.