Напярэдадні 8 Сакавіка карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагутарыла са старшынёй Беларускага саюза жанчын Вольгай Шпілеўскай аб новых праектах аб’яднання, «палёце» яго маладзёжнага крыла і актыўнасці жанчын-педагогаў.
— Інфармацыя аб шматлікіх ініцыятывах БСЖ ідзе ў СМІ і месенджарах літаральна бесперапынным патокам. Якія з рэалізуемых праектаў адзначылі б асабліва?
— Беларускі саюз жанчын быў актыўны на працягу ўсёй сваёй дзейнасці, бо актыўнасць і неабыякавасць закладзены ў прыродзе жанчыны. Пасля 2020 года мы сталі яшчэ і разумець, што ў тым ліку ад нашай жаночай пазіцыі залежыць парадак у краіне.
Уся наша дзейнасць накіравана на тое, каб абазначыць ролю жанчыны ў дзяржаве. Мы не праводзім акцыі, каб паставіць птушачку. Ніхто не кантралюе колькасць нашых мерапрыемстваў і не даводзіць нейкія планы. Лічым, што акцыя адбылася толькі тады, калі да яе далучылася максімальная колькасць людзей, калі ёсць станоўчы эфект, пазітыўныя водгукі.
Ініцыятыў мы рэалізуем шмат, яны вельмі разнастайныя. Так, адзін з нашых новых праектаў “Яе рук справа” накіраваны на тое, каб паказаць талент і прыгажосць душы беларускіх жанчын. Прадстаўніцы розных прафесій прэзентуюць свае лепшыя творы на вялікай выставачнай пляцоўцы гандлёвага цэнтра “Сталіца”. Кожная з удзельніц праекта пакідае ў падарунак адну са сваіх работ. Напрыканцы плануем прадставіць іх на аб’яднанай выставе і правесці дабрачынны аўкцыён, а сабраныя грошы накіраваць на добрую справу, вызначаную самімі мастачкамі. Прымяркуем гэта да Дня народнага адзінства 17 верасня.
Да 23 лютага ажыццявілі акцыю “Матуліны пірагі”, падчас якой наведалі вайсковыя часці і пачаставалі ваеннаслужачых прысмакамі. Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў 15 лютага правялі цёплыя сустрэчы з ветэранамі і матулямі загінуўшых на афганскай зямлі байцоў. Заўсёды актыўна ўдзельнічаем у рэспубліканскім навагоднім дабрачынным марафоне “Нашы дзеці”, а ў гэтым годзе далучыліся да новай ініцыятывы “Ад усёй душы” для пажылых людзей. Віншуем у радзільных дамах жанчын, якія сталі мамамі ў Дзень Незалежнасці Беларусі, у іншыя знакавыя святы, дапамагаем збіраць у школу дзяцей з малазабяспечаных сем’яў і шмат чаго яшчэ.
Стала добрай традыцыяй праводзіць жаночыя форумы. Так, у лістападзе мінулага года прайшоў рэспубліканскі форум сельскіх жанчын, на які з’ехаліся ўдзельніцы з усёй краіны. Яны змаглі абмеркаваць актуальныя пытанні, наведаць Вялікі тэатр, храм-помнік у гонар Усіх Святых, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Водгукі былі самыя найлепшыя, плануем зрабіць такія сустрэчы традыцыйнымі. А ўжо ў маі правядзём форум жанчын-прадпрымальніц.
10 сакавіка ў Мінску пройдзе гарадская канферэнцыя “Уклад жанчыны ў развіццё дзяржавы: тэндэнцыі і перспектывы”.
— БСЖ заўсёды ў першых шэрагах і калі патрэбна гуманітарная дапамога людзям, якія трапілі ў бяду…
— Сапраўды, мы актыўна дапамагалі, калі востра паўстала тэма бежанцаў і з краін Блізкага Усходу, і потым з Украіны. Сумесна с дабрачынным фондам Аляксея Талая збіралі дапамогу для жыхароў Данбаса падчас акцыі “Жанчыны Беларусі — дзецям, пацярпелым ад ваенных дзеянняў”. А хіба маглі нашы жанчыны застацца абыякавымі да гора перажыўшых моцнае землетрасенне ў Сірыі і Турцыі? БСЖ адправіў у гэтыя краіны 4,5 тоны гуманітарнай дапамогі — гэта коўдры, падушкі, пледы, спальныя мяшкі, цёплае адзенне, сродкі асабістай гігіены, падгузнікі, іншыя неабходныя рэчы.
Не засталіся ў баку і ад нядаўняй трагедыі на нашай зямлі, калі ў аварыі ў Смалявіцкім раёне загінулі 11 пасажыраў маршруткі. Сярод загінуўшых — дзве мнагадзетныя маці. Рашэннем Мінскай абласной арганізацыі БСЖ дзеці з гэтых сем’яў будуць узяты пад наша крыло, будзем падтрымліваць іх на пастаяннай аснове.
— Раскажыце аб вектарах вашага супрацоўніцтва ў міжнароднай сферы.
— У нас падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з жаночымі аб’яднаннямі розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Вельмі шчырыя сувязі склаліся з калегамі з Санкт-Пецярбурга, працуем разам па шэрагу кірункаў. Нягледзячы на вялікую — больш за 3 тысячы кіламетраў — адлегласць, рэалізуем цікавыя праекты з жанчынамі Ханты-Мансійскай акругі.
Плённае ўзаемадзеянне наладжана з жанчынамі іншых краін — удзельніц СНД, а таксама Кітая, В’етнама, іншых дзяржаў. Геаграфія супрацоўніцтва пашыраецца. Так, у найбліжэйшы час плануем падпісаць пагадненне з прадстаўніцамі Кубы.
Дзявочы вянок Міра
— Як змяніліся за апошні час вашы рады?
— Па даных на 1 студзеня гэтага года, у складзе БСЖ — 5229 пярвічных арганізацый, што на 236 больш, чым на аналагічную дату мінулага года. Раней сярод членаў нашай арганізацыі былі ў першую чаргу прадстаўнікі сфер адукацыі і аховы здароўя. Цяпер пярвічкі актыўна ствараюцца ў банкаўскай галіне, сродках масавай інфармацыі, МУС, МНС, іншых структурах. Працуем над тым, каб з’яўляліся яны і ў недзяржаўным сектары. Асабліва актыўна гэтая работа вядзецца ў Віцебскай вобласці, дзе пры абласным БСЖ нават створана прадпрымальніцкае крыло.
Настаўнікі застаюцца нашай апорай. Іх шмат, іх пярвічкі крэатыўныя і лёгкія на пад’ём.
— Наколькі актыўная ў складзе арганізацыі педагагічная грамадскасць? Дзе праяўляе сябе з асаблівым энтузіязмам?
— Настаўнікі застаюцца нашай апорай. Іх шмат, іх пярвічкі крэатыўныя і лёгкія на пад’ём, яны актыўна ўдзельнічаюць у самых розных мерапрыемствах. Так, наш праект “Яе рук справа” ў верасні мінулага года адкрыла выстава настаўніцы мастацкіх дысцыплін філіяла “Бераставіцкая школа мастацтваў” у аграгарадку Пагранічны Наталля Жэлязоўская. Яна прадставіла свае работы, выкананыя ў змешанай тэхніцы з акрылавых фарбаў і шкла. А крыху пазней сваёй творчасцю падзялілася педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Хойнікаў Вікторыя Новікава, якая стварае карціны з молатай кавы.
Зараз мы думаем над тым, каб правесці асобнае мерапрыемства менавіта для жанчын-настаўніц. Важнасць іх працы для нашага грамадства цяжка пераацаніць, хочацца ўшанаваць іх асабліва.
— Маладзёжнае крыло Беларускага саюза жанчын — у чым асаблівасць яго работы?
— Яно аб’ядноўвае рабочую і навучэнскую моладзь. Маладзёжнае крыло створана не так даўно, але праяўляе сябе актыўна. Прыемна, што цяпер наша арганізацыя яшчэ і такім чынам годна прадстаўлена на розных маладзёжных і не толькі пляцоўках. Так, літаральна днямі дзяўчаты прынялі ўдзел у рэспубліканскім свяце “Наваполацк — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2023”.
Сярод ініцыятыў адзначу конкурс маладзёжных праектаў “Дзявочы вянок Міра”, падчас якога прэзентуецца шмат яскравых праектаў. Адзін з іх, настольную гульню “Васільковая Беларусь: кубікі гісторыі”, плануем пакласці ў аснову новай рэспубліканскай інтэлектуальнай віктарыны для сем’яў, у якіх выхоўваецца двое дзяцей. Плануем правесці яе ў канцы года.
Вядома ж, старэйшыя калегі па аб’яднанні дапамагаюць маладзёжнаму крылу і словам, і справай. Мы разумеем, што гэтыя дзяўчаты некалі прыйдуць нам на змену і трэба прыкласці ўсе сілы, каб яны працавалі на стварэнне. Рэгулярна сустракаемся з моладдзю, абмяркоўваем актуальныя пытанні нашай сучаснасці, у тым ліку самыя вострыя. Нядаўна арганізавалі сустрэчу з маладзёжным крылом БСЖ у БНТУ. Прыемна было пабачыць разумныя, жывыя вочы, зацікаўленасць у тым, каб нешта рабіць, развівацца, ісці
далей.
Спрадвечныя імкненні
— Якія ініцыятывы аб’яднанне прысвяціла Году міру і стварэння?
— Мір і стварэнне — гэта спрадвечныя жаночыя імкненні. Кожная наша абласная, гарадская, раённая арганізацыя прапануе свае ініцыятывы. Так, Гродзенская абласная арганізацыя сумесна з расійскімі калегамі плануюць правесці сямейны баль-асамблею “За мір не толькі на зямлі, а ў кожным доме і сям’і”. У красавіку і кастрычніку высадзяць 20 прысад міру ў кожным раёне вобласці. У маі пройдзе абласны форум паспяховых сем’яў “Мір у сям’і — згода ў краіне”. Маладзёжнае крыло ініцыіравала стварэнне да Дня Незалежнасці вялікага палатна міру з дзіцячых малюнкаў. А, напрыклад, у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці ў праграме — чэлендж “Дзякуй за мір”, стварэнне віртуальнага музея аб жанчынах раёна, пасадка кветак каля сельскіх помнікаў і шмат іншага.
— Калі размаўляць на мове асацыяцый — з якім вобразам суадносіцца ў вас Міжнародны жаночы дзень? Што б хацелі пажадаць нашым жанчынам?
— Для мяне 8 Сакавіка — гэта кветкі і яшчэ раз кветкі. А пажадаць хачу, каб вясна прынесла ў кожны дом цяпло і дабро. Няхай мір і стварэнне, якія з’яўляюцца сімвалам гэтага года, будуць нашым унутраным станам на ўсё жыццё.
Аксана МЫЦЬКО
Фота БелТА і прадастаўлена БСЖ