Мір вашаму дому

- 12:39Родная земля

Што аб’ядноўвае беларускі райцэнтр Буда-Кашалёва і венгерскую сталіцу Будапешт? Каб адказаць на гэтае пытанне, варта яшчэ раз уважліва прачытаць назвы населеных пунктаў. Прачыталі? Здагадаліся? Правільна, корань “буда”. Нягледзячы на вялікую адлегласць, розную гісторыю, розныя дзяржаўныя прыналежнасці, у гэтых двух гарадоў падобнае паходжанне. Як і Будапешт, які ўтварыўся ад злучэння Буды і Пешта, Буда-Кашалёва стала Буда-Кашалёвам у выніку аб’яднання Буды і Кашалёва. “Буда” — значыць “дом”, “пасяленне”, “будынак”. Як будуюць сваё жыццё і жыццё роднага краю мясцовыя жыхары, даведаемся падчас наведвання сярэдняй школы № 1 райцэнтра і Камунараўскай сярэдняй школы.

Буда і Кашалёва

І там, і тут спачатку была Буда, якая ўтварылася на месцы буды — будыніны. Як выглядала старадаўняя буда на месцы сучаснага Будапешта, мы не ведаем, затое вядома, як выглядала буда на месцы сучаснага Буда-Кашалёва. У другой палове ХІХ стагоддзя, калі будаваўся ўчастак Любава-Роменскай чыгункі, акурат на тым месцы, дзе красуецца будынак сучаснай станцыі Буда-Кашалёўская, стаяла будка чыгуначнага вартаўніка. Вакол гэтай будыніны і ўзнікла паселішча. Калі чыгунку праклалі і сталі патрэбны рабочыя рукі для працы на станцыі, вакол той самай будкі вартаўніка пачалі сяліцца жыхары вёскі Кашалёва. Так з цягам часу і ўзнікла Буда-Кашалёва, хаця асобная вёска Кашалёва існуе і да сённяшняга часу. Вось такая цікавая гісторыя.

Згодна з іншай версіяй, вёска Буда існавала задоўга да таго, як у гэтым краі былі пракладзены першыя чыгуначныя рэйкі. Як бы там ні было, менавіта з чыгункай звязана развіццё краю, а таксама стварэнне герба райцэнтра. Лічыцца, што яго галоўны сімвал — вялізны звон — калісьці знаходзіўся на станцыі і апавяшчаў жыхароў аб прыбыцці цягнікоў. Хто ведае, можа, гэты легендарны звон гучаў на ўсю ваколіцу, калі з Буда-Кашалёва адпраўляліся ў кірунку Парыжа вагоны з мясцовымі дубамі. Як сведчыць гісторыя, буда-кашалёўскія дубы-волаты выкарыстоўваліся пры будаўніцтве Эйфелевай вежы. Славіліся не толькі мясцовыя дубы, але і лаза. У Кашалёве калісьці жылі майстры, якія стваралі выдатныя кашалі. Адсюль паходзіць і другі корань назвы райцэнтра.

Марская душа

Народныя майстры, якія спрытна спраўляліся з магутнымі дубамі і гнуткай лазой, рабочыя-чыгуначнікі, военачальнікі, людзі самых розных прафесій — усе яны складаюць славу і гонар Буда-Кашалёўскага раёна. Вывучэнне біяграфіі славутых землякоў, іх яркага жыццёвага шляху з’яўляецца асновай краязнаўчай работы, якая праводзіцца мясцовымі настаўнікамі і вучнямі. З тэмы “Военачальнікі — нашы землякі” сваё даследаванне мінулага малой радзімы пачынала яшчэ ў школьныя гады пад кіраўніцтвам педагога Іны Уладзіміраўны Янчанка выпускніца сярэдняй школы № 1 Буда-Кашалёва, а цяпер настаўніца гісторыі гэтай установы Вікторыя Мікалаеўна Цілічэнка. Цэнтральнае месца ў даследаванні займае імя Валянціна Пятровіча Дразда — знакамітага военачальніка, віцэ-адмірала, які ўпісаў сваё імя ў гісторыю развіцця савецкага ваенна-марскога флоту і летапіс Вялікай Айчыннай вайны.

Месца нараджэння — вельмі важная старонка ў біяграфіі любога чалавека, а тым больш флатаводца. Буда-Кашалёўшчына, віцэ-адмірал… Якая тут сувязь? На Буда-Каша-лёўшчыне — ні мора, ні шырокіх рэк, ні вялізных азёр, толькі невялікія рачулкі і азёры. Загадкавая буда-кашалёўская душа. Загадкавая беларуская марская душа. Адкуль у нашых землякоў любоў да мора? А можа, гэта покліч продкаў, можа, недзе глыбока ў душы кожнага з нас прыхавана генетычная памяць пра вялізнае мора, хвалі якога некалі пляскалі на месцы нашай сінявокай і пра якое калісьці пісаў Герадот. Разгадкай загадкавай беларускай марской душы, у прыватнасці, душы Валянціна Пятровіча Дразда, вывучэннем яго жыццёвага і баявога шляху займаецца калектыў першай буда-кашалёўскай школы.

Валянцін Пятровіч Дрозд нарадзіўся ў Буда-Кашалёве ў сям’і чыгуначнага стрэлачніка 4 верасня 1906 года. Пасля заканчэння двух класаў чыгуначнай школы ўлетку 1918 года паступае ў чыгуначную майстэрню, працуе падручным слесара. У 1924 годзе пераязджае ў Ленінград, дзе ўладкоўваецца слесарам на Кіраўскі завод. Здаецца, заставацца Валянціну рабочым, удасканальваць сваё слесарскае майстэрства, аднак у 1925 годзе камсамольская арганізацыя накіроўвае яго ў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя М.В.Фрунзэ. У студзені 1933 года прызначаны камандзірам мінаносца “Валадарскі”, прайшоў складаны шлях малодшых афіцэрскіх пасад. У 1936 годзе прысвоена званне капітана 3-га рангу. У складзе групы савецкіх добраахвотнікаў накіраваны на аказанне дапамогі рэспубліканскаму флоту Іспаніі. Дона Рамона, як называлі нашага земляка іспанцы, за мужнасць і адвагу ўзнагародзілі ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга, прысвоілі пазачарговае званне капітана 1-га рангу. 28 мая 1938 года прызначылі на пасаду камандуючага Паўночным флотам, а праз год ён становіцца контр-адміралам. Свае камандзірскія здольнасці праявіў падчас вайны з Фінляндыяй. Займаў пасаду начальніка Чарнаморскага вышэйшага вучылішча ў Севастопалі. Адмірал уласным прыкладам натхняў асабісты склад на подзвігі. 29 студзеня 1943 года Валянцін Пятровіч трагічна загінуў пасля варожага артылерыйскага абстрэлу на лядовай трасе недалёка ад Кранштата. Пахаваны ў Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу. Яго імя ўвекавечана на мемарыяльнай дошцы ў памяць пра выхаванцаў Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча імя М.В.Фрунзэ. Імем знакамітага буда-кашалёўца названы карабель і адна з вуліц роднага горада, пастаўлены яму і помнік.

— З мэтай вывучэння адносін мясцовых жыхароў да асобы таленавітага адмірала мы з вучнямі правялі апытанне. Прыемна, што буда-кашалёўцы ведаюць пра знакамітага земляка. Падчас апытання выказваліся прапановы аб неабходнасці стварэння ў райцэнтры музея баявой славы, музейных куточкаў, прысвечаных баявым заслугам землякоў і абаронцаў Буда-Кашалёўшчыны. Перад маладым пакаленнем стаіць адказная задача захавання гістарычнай памяці, — падзялілася Вікторыя Мікалаеўна.

Свой музей

Даследаванне лёсу знакамітых землякоў вядзецца на базе школьнага музея. Як паведаміла дырэктар школы Алена Сяргееўна Некрашэвіч, кожнаму класу ў пачатку навучальнага года даецца пэўнае заданне па зборы матэрыялу. Апошняя тэма, якая распрацоўваецца калектывам школы, — гэта вывучэнне біяграфіі землякоў воінаў-інтэрнацыяналістаў. Летам настаўнікі і вучні плануюць наведаць вёску Крывы Рог і дапамагчы навукоўцам у археалагічных раскопках. Дарэчы, наконт раскопак. Менавіта юнымі буда-кашалёўцамі яшчэ ў 60-я гады была знойдзена магіла генерал-маёра Мікалая Андрэевіча Прышчэпы, які пасля цяжкага ранення загінуў у 1941 годзе ў медсанбаце і быў пахаваны ў лесе. Героя перапахавалі ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, што ў цэнтры Буда-Кашалёва.

Школьны музей — гэта школьны музей, гэта тое, што ствараецца не адным пакаленнем настаўнікаў і вучняў, а вось свой музей — гэта свой музей, гэта тое, што створана менавіта табой, тое, што пяройдзе ў спадчыну тваім дзецям і ўнукам. Стварыць школьны музей, канечне, прыемна і пачэсна, а стварыць свой музей — прыемней удвая. Стварыць дамашні музей — мара дзяцінства Вікторыі Мікалаеўны. “У мяне ёсць мара: адкрыць дома музей. Усё, што я збірала ў школьныя і студэнцкія гады і чым папаўняла дамашнюю калекцыю, захаваецца для маіх дзяцей. Узяць, напрыклад, гісторыю веткаўскага музея. З чаго ён ствараўся? З прыватнага музея, дамашняй экспазіцыі. Можа, і мой музей некалі атрымае званне народнага”, — падзялілася Вікторыя Мікалаеўна. “Абавязкова атрымае”, — мільганула думка, калі слухаў, як настаўніца апантана дзялілася сваімі музейнымі планамі.

Рожкі ды рошвы

А яшчэ настаўніца марыць стварыць макет традыцыйнага буда-кашалёўскага народнага строю. “Любая справа, у тым ліку краязнаўчая, павінна фінансава акупляцца. Стварэнне музея патрабуе пэўных фінансавых выдаткаў. Чаму б не заняцца рамесніцкай дзейнасцю? Ствараць экспазіцыю і элементы народнага строю. Чаму б не? Любы даследчык павінен быць майстрам у пэўнай справе. Калі я даследую народны строй, то павінна ўмець ткаць. Калі б я даследавала ганчарства, то, напэўна, купіла б сабе ганчарнае кола”, — адзначыла настаўніца.

Па словах Вікторыі Мікалаеўны, для Падняпроўя і, у прыватнасці, Буда-Кашалёўшчыны характэрны наступныя віды вышыўкі: роспіс, іголка наперад, павуцінка, або радок-выразы, двухбаковая, набор, вышыўка крыжыкам, гладзь, сакаленне, расшыванне, радок, працяг, завалаканне, мярэжка, або ажурная вышыўка. Тыповай для Буда-Кашалёўшчыны з’яўляецца рошва — група дэкаратыўна злучальных швоў, якімі сшывалі паліцы тканіны, абрусаў, дэталі адзення рабіліся шляхам пляцення, іголкай, кручком. Тыповай для буда-кашалёўскага строю з’яўляецца белая кашуля з чырвона-чорным арнаментам, чырвона-чорны андарак, белы фартух, чорны, цёмна-сіні гарсэт. Для Буда-Кашалёўскага раёна характэрны ажурная ўстаўка на сурвэтках, зборачкі на манжэтах. Яшчэ адна асаблівасць — у завязванні жаночай хусткі. Замужнія жанчыны завязвалі яе ў рожкі, як у гераінь аповесцей Гогаля. Завязванне хусткі ў рожкі — гэта не проста адметнасць Буда-Кашалёўшчыны, але і аснова для сцэнарыя цікавай гульні, якую можна праводзіць на выхаваўчым мерапрыемстве і фрагмент якой спецыяльна для “Настаўніцкай газеты” быў паказаны навучэнцамі 6 “А” класа, дзе Вікторыя Мікалаеўна з’яўляецца класным кіраўніком.

Савецкае мястэчка

Камандзіроўка на Буда-Кашалёўшчыну стала для мяне своеасаблівым працягам нядаўняга падарожжа па Валожыншчыне, калі разам з чытачамі студзеньскай “Роднай зямлі” мы наведалі Валожын, Івянец, Ракаў, пазнаёміліся з адметнасцямі жыцця былых заходнебеларускіх мястэчак. Асаблівага росквіту местачковае жыццё на Валожыншчыне дасягнула ў 30-я гады. Ва Усходняй Беларусі ў гэты час таксама былі мястэчкі (камуны, а пазней — пасёлкі), дзе бурліла-віравала адметнае жыццё. Адзін з такіх населеных пунктаў з гучнай назвай Камунар быў створаны ў 1921 годзе, акурат у той час, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы. На процілеглым баку мяжы, якая на 18 гадоў падзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю, на тэрыторыі сучаснага Буда-Кашалёўскага раёна ўзнікалі такія населеныя пункты, як Бальшавік, Акцябр, Інтэрнацыянал, Новае Жыццё, Новы Шлях, Савет, Чырвоны Сцяг, Рэкорд, Пераможца, Чырвоны Кастрычнік, Перамога, Камсамольск, Камінтэрн.

Камунараўскія бярозы

Можна па-рознаму адносіцца да гэтых назваў і да той эпохі, у якую яны ўзніклі, аднак тое, што гэта наша гісторыя, — факт. А гісторыю, як вядома, забываць не трэба. Але вернемся да Камунара. Камунар ад слова “камуна”. Камуна — гэта нешта агульнае, агульная справа, а на Беларусі агульная справа заўсёды была ў пашане (варта ўзгадаць слова “талака”). Дык вось, 21 лютага 1921 года паблізу пасёлка Камунара была створана камуна імя Карла Маркса. У яе ўступіла 10 сем’яў беднякоў з вёсак Радзеева і Блюдніца. У камуне было 250 га былой памешчыцкай зямлі і сад у 15 га. З цягам часу камуна ўмацавалася, пашырылася яе гаспадарка. Пры камуне працавала школа. У 1937 годзе была створана камунараўская машынна-трактарная станцыя (МТС), якая ў 1957 годзе была ператворана ў саўгас “Камунар”. Пачалося будаўніцтва пасёлка. Асноўнае яго развіццё выпала на 70-я гады, калі ў 1973 годзе пачала дзейнічаць птушкафабрыка. Для работнікаў птушкафабрыкі ўзводзіліся шматпавярховікі, на Буда-Кашалёўшчыну прыязджалі працаваць людзі з усіх куточкаў Саюза. У свой час нават стаяла пытанне надаць Камунару статус райцэнтра.

— Калі я трапіла сюды па размеркаванні, то была проста здзіўлена. Здаецца, сельскі населены пункт, а ўсе вуліцы заасфальтаваны, на кожным слупе — доўгія прыгожыя ліхтары. Тут нават быў парк атракцыёнаў на беразе возера. Клуб, шматпавярховыя жылыя будынкі, заасфальтаваныя дарогі, магазіны, атракцыёны — усё гэта створана дзякуючы фабрыцы. Сёння на фабрыцы працуе больш за 2 тысячы чалавек самых розных спецыяльнасцей, таму з фабрыкай мы падтрымліваем самыя цесныя сувязі ў справе прафарыентацыйнай выхаваўчай работы з навучэнцамі, якая актыўна вядзецца ў шосты школьны дзень. На фабрыцы ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, таму на прадпрыемстве працуюць не толькі заатэхнікі і птушнікі, але і інжынеры, людзі самых розных прафесій, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Камунараўскай сярэдняй школы Святлана Мікалаеўна Малахава.

Прафарыентацыйная работа ў школе вядзецца ў рамках рэалізацыі праекта “Гісторыя і прафесіі “Беларуснафта — Асобіна”. Настаўнікі і вучні вывучаюць гісторыю стварэння і развіцця прадпрыемства “Беларуснафта — Асобіна”, вызначаюць найбольш цікавыя для навучэнцаў прафесіі, збіраюць інфармацыю пра навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюцца адпаведныя спецыялісты. А гэта інжынер, бармен, юрыст, інжынер-праграміст, кухар, аператар ЭВМ, бухгалтар, аграном, вадзіцель аўтамабіля, мытнік, заатэхнік, лабарант, маркетолаг, інжынер-эколаг, птушнік. “Пры выбары прафесій мы раім вучням не арыентавацца на меркаванне выпадковых людзей, не выбіраць прафесію за кампанію, а даведацца як мага больш пра змест прафесіі, выбраць тое, да чаго ляжыць душа, не выбіраць прафесію камусьці на зло, улічваць медыцынскія проціпаказанні”, — адзначае Святлана Мікалаеўна.

У 1973 годзе саўгас “Камунар” быў ператвораны ў птушкафабрыку “Камунарка”, а ў 1979 годзе падпiсаны акт аб зліцці птушкафабрыкі “Камунарка” і Гомельскай бройлернай фабрыкі. Калектыў фабрыкі паспяхова спраўляўся з планамі і неаднаразова станавіўся пераможцам у сацыялістычных спаборніцтвах. У 1980 годзе птушкафабрыка была ўзнагароджана дыпломам на ВДНГ. Найбольшага росквіту фабрыка дасягнула падчас дырэктарства Валянціна Кірылавіча Клімкова. Дарэчы, у памяць пра гэтага чалавека сярод настаўнікаў і вучняў Камунараўскай сярэдняй школы праходзіў турнір па баскетболе. Нездарма, бо Валянцін Кірылавіч вельмі любіў гэты від спорту. З фабрыкай звязана не толькі развіццё пасёлка, але і развіццё Камунараўскай сярэдняй школы, якой, дарэчы, у студзені споўнілася 60 гадоў. У 2000 годзе было арганізавана ўнітарнае прадпрыемства “Асобіна”, у склад якога ўвайшлі Гомельская бройлерная фабрыка, Буда-Кашалёўская птушкафабрыка, саўгас Галавачова, Узаўскі камбінат хлебапрадуктаў. У 2005 годзе створана прадпрыемства “Беларуснафта — Асобіна”.

— Камунараўскі сельсавет — адзінае месца ў Буда-Кашалёўскім раёне, дзе ў мінулым годзе быў прырост насельніцтва. Камунар — выдатнае месца для жыцця. Ёсць клуб, школа, возера з катамаранамі, ратавальная станцыя, магазіны, стадыён, выдатнае транспартнае спалучэнне з райцэнтрам і Гомелем. У 2004 годзе, калі я прыехаў працаваць у Камунар, мне настолькі спадабаўся пасёлак, што вырашыў пабудаваць дом, пусціць тут свае карані. Тут зручна жыць. А як тут прыгожа летам, які тут прыгожы бярозавы гай! Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для самарэалізацыі, развіцця дзяцей. А пачаўся росквіт Камунара ў савецкі час. Вялізныя грошы, якія зарабляла прадпрыемства, укладваліся ў развіццё інфраструктуры пасёлка. Жыццё ў пасёлку паўплывала і на характар жыхароў. Яны ганарацца Камунарам і ведаюць сабе цану, — адзначае дырэктар Камунараўскай сярэдняй школы Міхаіл Мікалаевіч Барысевіч.

Табою ганаруся

Дабрабыт Камунара, як і дабрабыт усіх населеных пунктаў Буда-Кашалёўскага раёна, — гэта вынік працавітасці мясцовых жыхароў. Нездарма на вялізных банерах, якія красуюцца ў населеных пунктах, можна прачытаць такія словы: “Квітней, мая Беларусь!”, “Мір вашаму дому!”, “Зямля любімай Беларусі — дзяцінства светлага куток, табой адною ганаруся!”. Жыхарам Буда-Кашалёўшчыны сапраўды ёсць чым і кім ганарыцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.