Міжнародны дыялог аб маленькіх школьніках

- 11:06Навіны рэгіёнаў

Пытанні выкладання рускай мовы і літаратуры ў пачатковых класах абмеркавалі на міжнародным узроўні. Падзяліцца думкамі на гэты конт педагогі Расіі і Беларусі маглі падчас семінара, які прайшоў у Мінскім абласным ІРА.

Семінар “Сучасныя тэхналогіі ў выкладанні рускай мовы і літаратуры на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі” падрыхтавалі і правялі супрацоўнікі Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнікамі яго сталі настаўнікі пачатковых класаў Мінскай вобласці і Мінска.

Семінар ладзіцца ў рамках рэалізацыі праекта “Руская мова і руская культура: актуальныя праблемы выкладання”. Ініцыятарам праекта з’яўляецца Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў за мяжой і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве. Праект аб’ядноўвае педагогаў Расіі, Беларусі, краін Прыбалтыкі. Нядаўна семінары прайшлі ў Літве, Латвіі, Эстоніі, цяпер і ў Беларусі.

Выкладчыкі МПДУ правялі для беларускіх педагогаў лекцыі, майстар-класы, інтэрактыўныя заняткі. Калегі пагадзіліся, што, працуючы ў розных краінах, яны сустракаюцца з аднолькавай праблемай — зніжэннем чытацкай цікавасці ў дзяцей. Ды і наогул праблема набывае глабальны характар.

Для прывіцця любові да чытання ёсць мноства сродкаў. Наталля Аляксандраўна Бандарэнка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры інтэрактыўных тэхналогій Маскоўскага інстытута адкрытай адукацыі, расказала аб інтэрактыўных тэхналогіях як рэсурсе ў мадэляванні сучаснага вучэбнага ўрока і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, якія могуць дапамагчы настаўніку ў рабоце. На майстар-класах Наталля Аляксандраўна прадэманстравала тэхналогію педагагічнай майстэрні, якая прадугледжвае, што дзеці самі “канструююць” веды. Тэхналогія дазваляе развіваць пазнавальную актыўнасць, уменне працаваць у камандзе, павышае матывацыю. Таксама Н.А.Бандарэнка паказала цікавыя прыёмы развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо b прывяла прыклады выкарыстання ІКТ на ўроках у пачатковых класах.

Юлія Ігараўна Салаўёва, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры рускай мовы і методыкі яе выкладання ў пачатковай школе Інстытута дзяцінства МПДУ, звярнула ўвагу беларускіх калег на тэмы “Канцэпцыя камунікатыўна-дзейнаснага падыходу да літаратурнай адукацыі малодшых школьнікаў” і “Праектная дзейнасць на ўроках літаратурнага чытання ў пачатковай школе”. Праекты, як сцвярджае спецыяліст, сапраўдныя памочнікі ў прывіцці цікавасці да чытання. Юлія Ігараўна падзялілася вопытам работы, калі вывучэнне кожнай тэмы заканчваецца рэалізацыяй пэўнага праекта, ідэю якога прапаноўваюць самі дзеці. Так можа з’явіцца выданне вершаў дзяцей, аўдыяказка, інсцэніроўка, выстава малюнкаў, інтэрактыўная літаратурная карта і інш. Гэта дазваляе эмацыянальна пражываць тэкст, дае яму ўласнае творчае асэнсаванне, што прыводзіць да цікавасці да чытання. Таксама рэалізацыя праектаў спрыяе развіццю ў дзяцей камунікатыўных навыкаў, развівае іх творчыя і арганізатарскія здольнасці.

Людміла Сцяпанаўна Падымава, доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі МПДУ, звярнула ўвагу педагогаў на псіхалагічныя прычыны цяжкасцей малодшых школьнікаў пры фарміраванні навыку чытання. Любая тэхналогія павінна выкарыстоўвацца педагогам з улікам псіхалогіі дзіцяці — узроставых асаблівасцей і кагнітыўнага паспявання мозга. Цяжкасці ў навучанні з’яўляюцца, калі гэтыя асаблівасці настаўнік не ведае або ігнаруе. Людміла Сцяпанаўна расказала аб механізмах, што ляжаць у аснове развіцця маўлення, чытання, а таксама аб тым, як гэтыя працэсы адбываюцца ў сучаснага “лічбавага” пакалення дзяцей.

Семінар ладзіўся на працягу двух дзён, яго ўдзельнікі актыўна абменьваліся вопытам і метадычнымі знаходкамі. Мерапрыемства будзе мець працяг: арганізатары праекта “Руская мова і руская культура: актуальныя праблемы выкладання” запрашаюць зацікаўленых калег у Пскоў, дзе міжнародны дыялог аб маленькіх школьніках прадоўжыцца на навукова-практычнай канферэнцыі.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.