Міжнародны круглы стол аб’яднае гісторыкаў з Латвіі і Беларусі

- 11:22Навіны рэгіёнаў

Міжнародны круглы стол, прысвечаны 100-годдзю дзяржаўнага будаўніцтва ў краінах, якія некалі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, адбудзецца 18 мая на гісторыка-філалагічным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова. Папярэдняя дамоўленасць адносна арганізацыі круглага стала была дасягнута падчас наведвання ўніверсітэта Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Марціньшам Вірсісам.

Замежны госць прэзентаваў грунтоўнае даследаванне пад назвай “Гісторыя Латвіі” ў перакладзе на беларускую мову. У гэтай кнізе прафесары Латвійскага ўніверсітэта Ілгварс Бутуліс і Антоній Зунда ў даступнай форме эсэ зрабілі экскурс у гісторыю сваёй краіны ад старажытнасці да нашых дзён.

— Я лічу, што гэтая кніга зробіць нашы народы яшчэ больш блізкімі, — гаворыць Марціньш Вірсіс. — У мінулым беларусы і латышы маюць шмат агульнага. Спадзяюся, што і ў будучыні нашы сувязі, у тым ліку навуковыя, будуць паспяхова развівацца.

Пасол выказаў зацікаўленасць у больш цесным супрацоўніцтве паміж гісторыкамі абедзвюх краін. У прыватнасці, ён спадзяецца на сустрэчу вучоных на адной пляцоўцы, якой мог бы стаць вышэйзгаданы круглы стол. Дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Уладзімір Васільевіч Барысенка пацвердзіў магчымасць рэалізацыі такога сумеснага міжнароднага праекта і прапанаваў іншыя перспектыўныя шляхі супрацоўніцтва. Так, гутарка вялася пра распрацоўку турыстычнага маршруту, які быў бы цікавы латвійскаму боку, а таксама пра ўзаемны акадэмічны абмен.

Прэс-служба МДУ імя А.А.Куляшова.