Мнагамернае чытанне станоўча ўплывае на развіццё дзяцей, упэўнены педагогі-наватары

- 14:08Образование

Вынікі рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў” прэзентавалі на Магілёўшчыне. Форум сабраў звыш 80 педагогаў­-наватараў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.         

На працягу трох гадоў тэхналогію мнагамернага чытання ўкаранялі ў 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна. Надоечы настаўнікі падзяліліся сваімі напрацоўкамі.

— Па колькасці ўдзельнікаў праекта Магілёўская вобласць стала самай шматлікай у краіне. Прычым у інавацыю былі ўключаны як гарадскія, так і сельскія навучальныя ўстановы. Да рэалізацыі новых задач усе педагагічныя калектывы паставіліся творча. Фармат заняткаў адзіны, але настаўнікі арыгінальна падыходзілі да іх правядзення. Працуючы з тэкстамі, яны зай­маліся з навучэнцамі не проста чытаннем, а праз пэўныя практыкаванні фарміравалі ў іх увагу да дэталей, уменне лагічна думаць, параўноўваць, аналізаваць, абагульняць. Усё гэта развівае галоўныя навыкі ХХІ стагоддзя — крэатыўнасць, кааперацыю, камунікацыю, крытычнае мысленне, — адзначыла навуковы кіраўнік праекта, прафесар кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Гін.

У ходзе форуму ўдзельнікі інавацыі абменьваліся думкамі і ідэямі, расказвалі пра складанасці і поспехі. Так, у сярэдняй школе № 21 Магілёва ажыццяўленне праекта праходзіла масава.

— Да праекта далучыліся больш за 120 вучняў і чатыры настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Дзеці былі рознага інтэлектуальнага ўзроўню, але, дзякуючы карпатлівай працы, усе навучыліся глыбокаму, усвядомленаму разуменню любога тэксту. Гэта істотна паўплывала на іх вучэбную паспяховасць. На гарадскіх малышковых алімпіядах навучэнцы рэгулярна атрымліваюць дыпломы практычна па ўсіх прадметах. На алімпіядзе па функцыянальнай дасведчанасці ў складзе каманды вобласці з 11 чалавек выступалі пяцёра нашых вучняў, а чацвёртакласніца Ганна Саўчанка паказала самы высокі бал у рэспубліцы. Усе эфектыўныя напрацоўкі плануем укараняць на сярэдняй і старшай ступені навучання, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Суворава.

Станоўчыя змяненні ў дзецях заўважылі і ў Ціманаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна. Па словах намесніка дырэктара Іны Раманенка, навучэнцы літаральна сталі чытаць па-новаму, навучыліся выкарыстоўваць гаджэты ў адукацыйных мэтах. Нягледзячы на цяжкасці ў пачатку рэалізацыі праекта, укараненнем інавацыі ва ўстанове вельмі задаволены. Тут праводзяць практычныя майстар-класы, актыўна папулярызуюць тэхналогію мнагамернага чытання.

На трансляцыю вопыту ўпор робяць усюды. А ў сярэдняй школе № 2 Касцюковіч ужо запланавалі семінар, на які запросяць настаўнікаў з усяго раёна.

— Мнагамернае чытанне ва ўсіх сэнсах станоўча ўплывае на развіццё дзяцей. Элементы гэтай тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюцца ў выкладанні вучэбных прадметаў. Плануем прадэманстраваць нашы дасягненні і прыцягнуць у інавацыю калег, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Юркова.

Зараз інавацыйны праект перадаецца для разгляду ў экспертны савет пры Акадэміі адукацыі. Навуковыя кансультанты і педагогі спадзяюцца, што тэхналогія атрымае дазвол на масавае распаўсю­джанне.

— За час рэалізацыі ва ўстановах адукацыі праект добра зарэкамендаваў сябе, — падкрэсліла Святлана Гін. — Тэхналогія патрэбна сучасным навучэнцам, бо функцыя­нальная дасведчанасць дазваляе дзецям быць паспяховымі не толькі ў школе, але і ў жыцці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара