Моладзь і інаватыка

- 11:33Навіны рэгіёнаў

У горадзе Серпухаве Маскоўскай вобласці адбылася Х Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў і студэнтаў “Моладзь і інаватыка”. Паспяхова выступілі на мерапрыемстве і навучэнцы — прадстаўнікі Мінскай вобласці.

Каля 300 работ з Расіі, Беларусі і Сербіі спаборнічалі ў рамках 24 секцый разнастайнай накіраванасці: матэматыка, геаграфія, эканоміка і кіраванне, экалогія, горадабудаўніцтва, духоўнае краязнаўства і інш. Свае даклады на канферэнцыі прадставілі і навучэнцы са Слуцка — горада-пабраціма Серпухава.

Дыплома I ступені была ўдастоена работа “Віхуры ў вадкасці і газе” Ксеніі Каладоўскай, навучэнкі гімназіі № 1 Слуцка, і Юліі Краўчанка, якая вучыцца ў гімназіі Оршы. Работа была створана пад кіраўніцтвам Таццяны Яўгенаўны Максіменка, настаўніцы гімназіі № 1 Слуцка, і прадстаўлена ў секцыі “Актуальныя пытанні хіміі і фізікі”.

Дзмітрый Масакоўскі і Валерыя Махлай, якія таксама вучацца ў гімназіі № 1 Слуцка, адзначаны дыпломам III ступені за работу “Нараджэнне самалёта. Ажыўшая легенда”, якую прадставілі ў секцыі “Тэхнічная творчасць”. Работа выканана пад кіраўніцтвам Т.Я.Максіменка, а таксама педагогаў Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі Міхаіла Аляксандравіча Лобана і Віктара Васільевіча Патоцкага.

Адзначым, што ўсе дыпламанты — пастаянныя ўдзельнікі навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд, іншых інтэлектуальных спаборніцтваў. Перамогі ў Серпухаве — вынік іх стараннай працы.

Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва ўдзельнікаў НПК.