Моладзь, спорт, сяброўства

- 11:08Спартыўныя падзеі

У Год малой радзімы развіццю маладзёжнага турызму (экскурсійнага і спартыўнага) удзяляецца асаблівая ўвага. З 31 мая па 3 чэрвеня ў Маладзечанскі раён Мінскай вобласці зляцеліся, нібы птушкі, таленавітыя, смелыя і прыгожыя, спартыўныя маладыя людзі, каб паказаць свае турыстычныя ўменні, знайсці новых сяброў, напоўніць жыццё яркімі ўражаннямі. Менавіта тут, на беразе ракі Вілія, Міністэрствам адукацыі разам з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства быў праведзены рэспубліканскі турыстычны злёт студэнтаў Рэспубліканскай універсіяды — 2018.

У злёце прынялі ўдзел студэнты 17 устаноў вышэйшай адукацыі. Сярод іх ёсць каманды, якія з 1999 года, калі прайшоў першы турыстычны злёт студэнтаў, удзельнічалі ва ўсіх спаборніцтвах. Гэта каманды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пазней далучылася каманда Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і інш.

Ва ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў, якое адбылося на паляне турзлёту 31 мая, прынялі ўдзел член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Леанідавіч Невар, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Анатольеўна Сіманоўская, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў злёту прагучалі канцэртныя нумары ў выкананні студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Адметнай падзеяй стаў адкрыты дыялог прадстаўнікоў каманд з дэпутатамі, прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання “Маладзёжны турызм: сучасны стан, праблемы і перспектывы развіцця”. Студэнты абмяняліся інфармацыяй пра стан маладзёжнага турызму ў сваіх навучальных установах і праблемы і прыйшлі да агульнага меркавання, што там, дзе існуюць спартыўныя секцыі турыстычнага напрамку або турыстычныя клубы, калі ёсць у іх лідары, калі падтрымлівае кіраўніцтва УВА развіццё маладзёжнага турызму, то ёсць і вынікі.

Праграма турыстычнага злёту ўключала спартыўныя спаборніцтвы і творчыя конкурсы. Спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму, па начным спартыўным арыентаванні, водным і велатурызме, творчая конкурсная праграма, удзел у адкрытым дыялогу зрабілі злёт яркім, дынамічным, займальным спартыўна-масавым мерапрыемствам. Злёт — гэта не толькі спартыўныя дасягненні, але і магчымасць раскрыць свой творчы патэнцыял і заявіць пра сваю актыўную жыццёвую пазіцыю.

Чатыры дні турыстычнага свята праляцелі хутка. 3 чэрвеня былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы і прызёры злёту. Па выніках конкурснай праграмы 1-е месца заняла каманда Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, 2-е месца падзялілі каманды Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

У агульным заліку турзлёту пераможцамі і прызёрамі сталі: каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (1-е месца), каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (2-е месца), каманда Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (3-е месца). На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і кубкі Міністэрства адукацыі па кожным відзе спаборніцтваў і конкурсаў. Спадзяёмся, што гэты турыстычны злёт стаў яшчэ адным крокам на шляху ўмацавання студэнцкай садружнасці, а дні, праведзеныя на злёце, пакінуць у памяці ўдзельнікаў самыя яркія і моцныя ўражанні.

Лідзія ЖУР,
намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра
экалогіі і краязнаўства, галоўны суддзя злёту.