Моладзь, якая будуе сваю будучыню

- 10:20Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў VII Форум лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў школьнага самакіравання, ініцыятыў “Лідары XXI стагоддзя: новы фармат”. Кожны год юныя энтузіясты з’язджаюцца з усіх раёнаў Гомельскай вобласці, каб прадэманстраваць вынікі ўжо існуючых праектаў, а таксама прапанаваць новыя ідэі і задумы. Палац даўно стаў платформай для працы крэатыўнай, жыццярадаснай і аптымістычнай моладзі.

Урачыстае адкрыццё форуму пачалося з музычных падарункаў, якія гучалі са сцэны. Вядучыя стараліся хутчэй развесяліць гасцей, якія прыехалі здалёк. А затым адбылося ўзнагароджанне: праекты “Савет старшакласнікаў: адкрый свой раён зноў” і “Прафесійныя канікулы”, якія стартавалі на леташнім форуме лідараў і ўжо ўвасоблены ў жыццё, былі адзначаны дыпломамі і кубкамі за вялікі ўклад у сацыяльнае жыццё моладзі. Свае ўзнагароды атрымалі і лепшыя відэаролікі ў рамках праекта “Савет старшакласнікаў: адкрый свой раён зноўку”, якія стварылі юнакі і дзяўчаты з Рагачоўскага, Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў.

Далей арганізатары форуму прапанавалі маладым людзям прыняць удзел у трох секцыях, дзе прысутнічалі і эксперты — запрошаныя госці, разам з якімі ўдзельнікі мерапрыемства маглі абмеркаваць актуальныя праблемы сучаснасці.

Маладзёжны прэс-цэнтр

Адной з такіх секцый стаў “Маладзёжны прэс-цэнтр”. На яго правядзенне арганізатараў натхніў леташні праект навучэнцаў Калінкавіцкага цэнтра творчасці “Рэклама школьных СМІ”. У гэтым годзе абмяркоўваўся яшчэ ад зін праект, прапанаваны карэспандэнтам “Настаўнiцкай газеты” па Гомельскай вобласці, а таксама адным з экспертаў секцыі Наталляй Лутчанка. У яго аснове — ужо існуючы творчы праект на партале галіновага выдання пад назвай “Маладзёжны прэс-клуб”, які ўяўляе сабой сайт падтрымкі самадзейных сродкаў масавай інфармацыі і юных журналістаў. Цяпер зацікаўленыя вучні могуць публікаваць там нататкі, рэпартажы, замалёўкі і артыкулы.

Падчас секцыі некаторыя ўдзельнікі форуму мелі магчымасць расказаць аб газетах Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя і Лельчыцкай раённай гімназіі. Рэдактары “Ліцэйскага весніка” і “Гімназічнага экспрэса” падзяліліся вопытам работы ў школьных газетах, адказалі на пытанні равеснікаў і экспертаў.

Сярод запрошаных экспертаў секцыі быў таксама аўтар і вядучы праграм тэлерадыёкампаніі “Гомель” Аляксандр Гавейка. Ён правёў майстар-клас па стварэнні відэаролікаў, дзе кожны ўдзельнік змог пабыць у ролі аператара, рэжысёра і карэспандэнта. Разам з Наталляй Лутчанка Аляксандр Уладзіміравіч падзяліўся каштоўнымі парадамі і прафесійнымі сакрэтамі, якія абавязкова дапамогуць удзельнікам секцыі ў іх далейшай журналісцкай дзейнасці.

Яўгенія ДОЎГАЛЕВА.

Не быць абыякавым

У рамках секцыі абласнога савета старшакласнікаў лідары сустрэліся з начальнікам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргеем Парошыным, яго намеснікам Жаннай Ждановіч і начальнікам аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення Ірынай Драбышэўскай.

Сустрэча атрымалася вельмі цёплай. Напачатку старшакласнікі і члены вучнёўскага самакіравання падзяліліся вынікамі сваёй дзейнасці за апошнія месяцы, а таксама ўспомнілі прыемныя моманты рэалізацыі папярэдніх сумесных праектаў.

Наступным этапам стала абмеркаванне ўдзельнікамі форуму найбольш важных і хвалюючых пытанняў, якія задавалі старшакласнікі. Ці патрэбна ўкараненне нанатэхналогій у вучэбны працэс? Як падняць папулярнасць педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі? Як змагацца са шкоднымі звычкамі моладзі? Гэтыя і многія іншыя пытанні разглядаліся на сустрэчы. І трэба адзначыць, што дзеці, якія прыехалі на форум, былі настроены вельмі сур’ёзна, яны настойліва дабіваліся ад дарослых вычарпальных адказаў. Гэта выклікае гонар за маладое пакаленне, якое клапоціцца пра будучыню нашага грамадства, няхай і на ўзроўні сваёй навучальнай установы. Сустрэчы ў такім фармаце робяць істотны крок насустрач супрацоўніцтву органаў маладзёжнага самакіравання і кіраўнікоў сферы адукацыі. Менавіта гэта дапамагае зразумець, чаго вучні чакаюць ад школы і яе педагогаў, што хвалюе юнакоў і дзяўчат і якія ідэі яны гатовы сёння рэалізоўваць.

“Самае жудаснае — абыякавасць”, — такія словы прагучалі падчас мерапрыемства і адразу ж сталі яго дэвізам. Насамрэч, толькі сумесная карпатлівая праца нераўнадушных маладых людзей і дарослых дапамагае развівацца, нешта ствараць і дасягаць пэўных вяршынь.

Аляксандра КАМКО.

Сусветнае кафэ

Абсалютна новы фармат — а форум збіраў старшакласнікаў ужо сёмы раз — быў прапанаваны лідарам і актывістам дзіцячых і маладзёжных арганізацый. Яны працавалі ў секцыі пад назвай “Сусветнае кафэ”.

“Сусветнае кафэ” — гэта сусветна вядомая тэхналогія, якая дазваляе віртуозна сумяшчаць прыемнае з карысным, пераносіць утульную атмасферу кафэ ў аўдыторыі і рабіць абмеркаванне камфортным, прыемным, крэатыўным і прадукцыйным. Прыдуманае ў 1995 годзе “Сусветнае кафэ” шырока выкарыстоўваецца ў Еўропе ў розных сферах: як у бізнесе, так і ў адукацыі. Такі фармат дазваляе стварыць пляцоўку для дэманстрацыі пэўнага вопыту, планавання і генерацыі новых ідэй. Гутарка паміж удзельнікамі ўяўляе сабой творчы працэс, які спрыяе абмену ведамі і вопытам, а таксама дае магчымасці для далейшага супрацоўніцтва. Менавіта так будавалася трэцяя секцыя на абласным форуме лідараў.

У ролі эксперта секцыі выступіла дырэктар прыватнай установы “Тэрыторыя развіцця — ХХІ стагоддзе” Ірына Багданец. Яна прапанавала навучэнцам работу па пяці тэмах: “Рабі дабро, ці Я валанцёр”, “Народныя струны ў маладзёжнай душы”, “Чаму мы можам навучыць дарослых?”, “Інтэрнэт на карысць нам і навакольным”, “Як змагацца са шкоднымі звычкамі?”. Вынікам работы “Сусветнага кафэ” сталі прапановы па актуальных напрамках, а таксама канкрэтныя крокі па распрацоўцы маладзёжных сацыяльных праектаў.
На цырымоніі закрыцця мерапрыемства выступілі прадстаўнікі кожнай секцыі. Яны дзяліліся ўражаннямі аб праведзенай рабоце, знаёмілі прысутных з планамі і мэтамі рэалізацыі новых праектаў, зацверджаных на VII Форуме лідараў.

Вынікі форуму былі адлюстраваны ў рэзалюцыі, якую зачытала старшыня абласнога савета старшакласнікаў Кацярына Гаўрыленка. “Мы вяртаемся з праектамі, ідэямі і сур’ёзнымі намерамі. З імі мы прыйдзем да нашых аднагодкаў, адміністрацыі ўстаноў адукацыі і кіраўніцтва раёна. І нашы ідэі мы будзем актыўна прасоўваць”, — адзначалася ў дакуменце.

На працягу года навучэнцы Гомельскай вобласці будуць рэалізоўваць праекты і ініцыятывы, вынікі якіх падвядуць на наступным абласным форуме лідараў.

Наталля ЛУТЧАНКА.