Мова аб’ядноўвае

- 15:30Апошнія запісы

15 снежня адбылося падпісанне Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Федэральным міністэрствам замежных спраў Германіі аб рэалізацыі пілотнага праекта DSD-1 ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. З беларускага боку дакумент падпісала намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка, з нямецкага — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар.
— Гэты праект стаў працягам супрацоўніцтва па вывучэнні нямецкай мовы ва ўстановах адукацыі Беларусі, якое пачалося яшчэ ў 2008 годзе, — расказала Раіса Станіславаўна. — І мы рады адзначыць, што сёння наша ўзаемадзеянне атрымлівае дастойны лагічны працяг. Мы разумеем значнасць гэтага праекта для нашых навучэнцаў і для нашых педагогаў, таму што мова заўсёды была і будзе трывалым мостам паміж нашымі краінамі і нашымі народамі. Дзякуючы веданню нямецкай мовы, наша моладзь можа наладжваць зносіны са сваімі равеснікамі з Германіі, вывучаць культуру і літаратуру гэтай краіны, ладзіць рэальныя сустрэчы і рэалізоўваць сумесныя праекты. Падпісанне гэтага пагаднення дазволіць нам развіваць і далей супрацоўніцтва паміж краінамі ў вывучэнні нямецкай мовы, а разам з гэтым пашыраць умовы для яе вывучэння.
Гэты праект прызваны павысіць ролю нямецкай мовы ў Беларусі і пашырыць магчымасці ў яе вывучэнні. З гэтай мэтай прадугледжана пашырэнне германа-беларускага супрацоўніцтва за рамкі ўжо існуючых школьных праектаў у Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску. А значыць, такое супрацоўніцтва будзе развівацца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
Як адзначалася на сустрэчы, у рамках пілотнага праекта будзе ажыццяўляцца моўная сертыфікацыя на ўзроўні А2 (DSD-А2) і В1( DSD-1), сарыентаваная на Агульны еўрапейскі стандарт сертыфікацыі моўных ведаў. Міністэрства адукацыі рэкамендуе для рэалізацыі праекта ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны, у якіх навучэнцы вывучаюць нямецкую мову. Сертыфікацыя навучэнцаў гэтых устаноў адукацыі ажыццяўляецца па жаданні саміх навучэнцаў.
Паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Федэральным міністэрствам замежных спраў Германіі дасягнута дамоўленасць аб тым, каб у рамках пілотнага праекта выкарыстоўваць дыплом, які ўжо больш за 40 гадоў паспяхова прымяняецца ва ўсім свеце, у якасці сродку добраахвотнай сертыфікацыі ведаў нямецкай мовы беларускіх навучэнцаў таксама ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Нямецкі моўны дыплом выдаецца на аснове экзамену па адзіных ва ўсіх краінах свету заданнях, за змест якіх адказвае Цэнтральны камітэт па пытаннях нямецкага моўнага дыплома канферэнцыі міністраў культуры і адукацыі земляў Германіі, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі федэральнага і зямельнага ўзроўню.
У сувязі з павелічэннем колькасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх рэалізоўваецца гэты праект, беларускі бок мае намер падаць спіс выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якім даручаны арганізацыя і правядзенне сертыфікацыі і ацэнка экзаменацыйных работ.
Германскі бок мае намер па ўзгадненні з беларускім бокам прымаць удзел у падрыхтоўцы і правядзенні метадычных і іншых мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі гэтых выкладчыкаў.
Паколькі колькасць школ, дзе праводзіцца сертыфікацыя на атрыманне дыплома, за апошнія два гады значна павялічылася, нямецкія калегі прапанавалі вывучыць магчымасць далучэння выкладчыкаў МДЛУ для арганізацыі праверкі работ у рамках ажыццяўлення сертыфікацыі “Дыплом нямецкай мовы І ступені”.
Больш падрабязнае размеркаванне задач вызначаецца ў выніковым пратаколе, які падпісаны рэктарам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і экспертам-кансультантам Цэнтральнага ўпраўлення па справах нямецкай школьнай адукацыі за мяжой (Германія).
З мэтай каардынацыі дзейнасці па рэалізацыі праекта прадугледжана стварэнне двухбаковай камісіі, якая мае права прыцягваць да сваёй работы кансультантаў і экспертаў для вырашэння асобных пытанняў па арганізацыі і правядзенні сертыфікацыі.
Пасол Петэр Дэтмар даў высокую ацэнку распаўсюджванню нямецкай мовы ва ўстановах адукацыі і назваў гэты працэс паспяховым і дынамічным, які станоўча ўплывае на ўзровень адносін, што складваюцца паміж Беларуссю і Германіяй.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.