Мультыплікатары з дзіцячага сада

- 11:35Навіны рэгіёнаў

Усе дзеці любяць мультфільмы. Яшчэ нядаўна і сённяшнія дарослыя хуценька беглі дадому пасля школы, каб не прапусціць дзённы сеанс “Качыных гісторый” ці “Мішак гамі”. Сёння ў нашых дзяцей новыя любімыя героі. У інтэрнэце жартуюць: калі ты маці ці бацька, то можаш не ведаць, што адбываецца ў свеце, але дакладна ведаеш, што дзядулю Лунціка завуць Шаршуля, а песеньку фіксікаў беспамылкова заспяваеш, нават калі цябе разбудзяць ноччу. Словам, мульцікі для дзяцей — адна з самых любімых забаў. Бацькі і педагогі, разумеючы гэта, пачалі выкарыстоўваць іх у педагагічных, выхаваўчых мэтах. Так з’явіліся, напрыклад, развіццёвыя мультфільмы. Многія педагагічныя тэхналогіі і методыкі дазваляюць выкарыстоўваць урыўкі з мультфільмаў на занятках, на розных этапах урокаў. А бывае, што педагогі разам з дзецьмі самі бяруцца за справу і ствараюць мульцікі. Так адбываецца ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Барысава, дзе маленькія выхаванцы не толькі глядзяць мультфільмы, але і здымаюць іх.

Усё пачынаецца з педагога

Тых, хто спрабуе сябе ў мультыплікацыі, часцей можна сустрэць у школах. Выпадкі, калі гэтым займаюцца дашкольнікі, хутчэй унікальныя, таму што справа гэтая няпростая. Як жа за яе рашыліся ўзяцца ў Барысаве? Як звычайна бывае, пачалося ўсё з творчага, ініцыятыўнага і захопленага педагога. У Вікторыі Юр’еўны Мірочнік стварэннем мульцікаў займаецца ўся сям’я. Аднойчы паспрабавалі — і мультыплікацыя стала любімым хобі. Было прачытана мноства кніг, засвоены камп’ютарныя праграмы, прыдумана безліч сцэнарыяў. Так з’явілася сямейная мультыстудыя “Страказа”. Анастасія Мірочнік, дачка Вікторыі Юр’еўны, са сваімі творчымі работамі паспяхова ўдзельнічае ў міжнародных конкурсах.

Сваім хобі педагог зацікавіла дзяцей у школе, дзе раней працавала. А калі прыйшла ў дзіцячы сад, спачатку і не думала, што да мультыплікацыі можна прыцягнуць малых. Ідэя ўзнікла пасля таго, як разам з выхаванкай Алёнай Дайнэка педагог рыхтавала даследчую работу для конкурсу. Тэмай абралі “Таямніцы мультыплікацыі”, у рабоце раскрывалі сакрэты стварэння анімацыйных фільмаў, а для нагляднасці знялі мультфільм “Слаўны князь Барыс” аб гісторыі заснавання горада Барысава. Стварэнне мультфільма горача абмяркоўвалася дзецьмі ў групе, і многія таксама захацелі паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Насустрач творчаму імкненню Вікторыі Юр’еўны і жаданням дзяцей пайшла і загадчыца ДЦРД Таццяна Мікалаеўна Станкевіч. Прыблізна год назад з’явілася аб’яднанне па інтарэсах для старэйшых выхаванцаў цэнтра, якое паспяхова дзейнічае і сёння.

Як нараджаюцца цуды

— Глядзець мульцік весела і цікава, а ствараць яго доўга і няпроста, — расказвае Вікторыя Юр’еўна. — У прафесійных студыях над гэтым працуюць вялікія каманды — рэжысёры, мастакі, сцэнарысты, аператары, гукарэжысёры. У нашым цэнтры ўсе гэтыя ролі выконваюць дзеці. Зразумела, каб справа была ім па сілах і выклікала цікавасць, патрэбна плённая, правільна наладжаная праца педагога.

У многіх узнікне пытанне, наколькі дарагое гэтае хобі і ці шмат каштуе абсталяваць у дзіцячым садзе мультыстудыю. З тэхнічнага боку ўсё проста: небходны ноўтбук або камп’ютар, смартфон з нядрэннай камерай, лямпа і штатыў. Дадаць да гэтага фантазію, творчасць, працу — і ўсё атрымаецца.

Работа пачынаецца з пошуку ідэі. Барысаўскія дашкольнікі знаходзяць тэмы ў штодзённым жыцці. Напрыклад, яны зрабілі віншавальны мультфільм для мам на 8 Сакавіка, знялі і вясёлую мультазбуку, паколькі хутка пойдуць у школу. Бывае, што тэму для работ падказваюць конкурсы. Для конкурсу, што праводзіў Асвод, дзеці стварылі анімацыйную работу “Тонкі лёд” аб бяспечных паводзінах на вадаёмах зімой.

Калі ідэя вызначана, пішацца сцэнарый. Яго дашкольнікі прыдумваюць разам, а педагог запісвае. Затым пачынаецца падрыхтоўчы працэс: неабходна прадумаць, як будуць выглядаць персанажы, як яны будуць рухацца, якім будзе фон.

Ёсць розныя віды мультфільмаў у залежнасці ад спосабу іх стварэння. Традыцыйна гэта пластылінавыя, намаляваныя, лялечныя мультфільмы, камп’ютарная анімацыя. Ёсць і менш вядомыя спосабы. Так, падапечныя Вікторыі Юр’еўны Мірочнік спрабавалі ажыўляць карцінкі з дапамогай пяску, солі, кававых зярнят. Але найчасцей выкарыстоўваюць плоскія фігуры з пластыліну. Спачатку ствараюцца нерухомыя сюжэтныя фоны — карціна пластылінам на паперы або кардоне. Часам выкарыстоўваецца і намаляваны алоўкамі ці фарбамі фон. Потым з’яўляюцца героі з пластыліну — і нарэшце, можна пачынаць здымаць. Каб персанаж пачаў рухацца, яго фігурку здымаюць на адным месцы, потым фігурку або некаторыя яе часткі крыху перакладаюць, літаральна на некалькі міліметраў. Зноў здымаюць. Затым зноў перакладаюць… І так шмат разоў. Пры мантажы гэтыя перасоўванні паскараюцца — і атрымліваецца рух. Праца карпатлівая і няхуткая. Вікторыя Юр’еўна расказвае, што, напрыклад, толькі для таго, каб князь Барыс з мульціка Алёны Дайнэка праскакаў на кані ў адзін бок, яго фігурку давялося перакладаць каля 50 разоў.

Калі здымкі завершаны, надыходзіць час агучвання. Дзеці рыхтуюцца — вучаць тэкст, рэпеціруюць, а потым запісваюць рэплікі персанажаў. Разам з педагогам выбіраюць музыку, якая будзе суправаджаць мультфільм.

Завяршальны этап — мантаж. Яго педагог робіць сама пры дапамозе спецыяльнай камп’ютарнай праграмы. Дзеці ў гэты час з нецярплівасцю чакаюць, што атрымаецца.

Карысныя мульцікі

Занятак, які на першы погляд можа здацца несур’ёзнай забавай, насамрэч прыносіць дзецям шмат карыснага і дае магчымасці для рознабаковага развіцця. Па-першае, развіваецца мысленне, матывацыя на пазнавальную дзейнасць. Для таго каб выбраць тэму, трэба добра паразважаць, абмеркаваць шмат розных пытанняў. А калі тэма вызначана, яе трэба ўсебакова вывучыць, даследаваць. Гэта дае дашкольнікам прастору для мыслення, стымул даведвацца новае.

Па-другое, стварэнне мультфільмаў суправаджаецца бесперапынным абмеркаваннем усяго: ад тэмы і герояў да колеру пластыліну і сюжэта. Вікторыя Юр’еўна пастаянна стымулюе дашкольнікаў размаўляць, дыскутаваць, выказваць меркаванне, задаваць пытанні і адказваць на іх. Усё гэта спрыяе развіццю маўлення. Гэтаму дапамагае і агучванне работы, калі дзеці вучаць свае ролі і стараюцца для запісу вымавіць усё правільна і прыгожа.

Трэці станоўчы момант — творчае і эстэтычнае выхаванне. У дзяцей развіваецца творчае ўяўленне, фантазія, крэатыўнасць, а таксама любоў да прыгожага. Чацвёртым трэба назваць развіццё дробнай маторыкі: стварэнне герояў — цудоўная работа для маленькіх ручак. Пятае — выхаванне ўседлівасці, стараннасці, адказнасці. І гэта яшчэ не ўсё. Мультыплікацыя дае цудоўныя магчымасці для ўзаемадзеяння з бацькамі. Яны дапамагаюць дзецям і робяць гэта з задавальненнем, бо ім цікава такая справа.

Зразумела, каб заняткі былі па-сапраўднаму карыснымі, побач з дзецьмі павінен быць вопытны педагог, які правільна іх пабудуе, зробіць разнастайнымі і цікавымі, вызначыць, што дзеці зробяць самі, а што варта даручыць дарослымі, знойдзе дадатковыя магчымасці для развіцця хлопчыкаў і дзяўчынак падчас іх творчай дзейнасці.

— Але ўсё гэта варта намаганняў, — прызнаецца Вікторыя Юр’еўна, — бо нішто не можа параўнацца з тымі эмоцыямі, гонарам за свае дасягненні, якія адчуваюць дзеці, калі глядзяць самі і дэманструюць сябрам, сваякам мультфільм, створаны ўласнымі сіламі.

Добрая справа атрымала падтрымку дзяцей, іх бацькоў, адміністрацыі ДЦРД, таму студыя “Мультыфокус” развіваецца. У гэтым навучальным годзе ёй было прадастаўлена асобнае памяшканне. У планах — набыць спецыяльнае абсталяванне для пескаграфіі, для стварэння мультфільмаў у новай тэхніцы. Павялічваецца колькасць удзельнікаў студыі — сёння іх больш за 20. Дзеці, якія ў мінулым годзе займаліся мультыплікацыяй і потым пайшлі ў школу, вельмі хацелі прадоўжыць займацца любімай справай. Таму сёння заняткі праводзяцца для дашкольнікаў і першакласнікаў гімназіі № 3 Барысава. Гэта зручна, бо цэнтр цесна ўзаемадзейнічае з гімназіяй, першыя класы займаюцца на базе дашкольнай установы. Студыйцы актыўна ўдзельнічаюць у розных творчых конкурсах. Работы дзяцей былі адзначаны дыпломамі і падзякамі на штогадовым адкрытым фестывалі дзіцячай анімацыі “Мультгерой” у Краснаярску, на Міжнародным конкурсе мультыплікацыі і дыяфільмаў “На сваёй зямлі — 2017”, на Міжнародным дзіцячым фестывалі кінапрытчаў “Мы здымаем кіно”. Літаральна некалькі дзён назад прыйшла яшчэ адна добрая навіна: мультфільмы студыйцаў Алёны Дайнэка “Слаўны князь Барыс” і Сафіі Валкавец “Прытча пра вераб’я” адзначаны дыпломамі Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2017”, што праходзіць у Магілёве. У Вікторыі Юр’еўны і маленькіх мультыплікатараў яшчэ шмат ідэй і задум, значыць, усе іх поспехі наперадзе.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.