Музей-­лабараторыя «Эксперыментус» пачне працаваць у клічаўскай школе № 1

- 9:00Главная, Новости

Музей-­лабараторыя “Эксперыментус” у верасні пачне працаваць у сярэдняй школе № 1 Клічава імя П.А.Крываноса. Спецыяльна абсталяваная прастора адкрые навучэнцам шырокія гарызонты для даследчай дзейнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ініцыятарам стварэння незвычайнай лабараторыі выступіла маладая настаўніца матэматыкі і фізікі Настасся Альшэўская. У прафесіі Настасся Васільеўна ўсяго шэсць гадоў, але ўжо зарэкамендавала сябе творчым педагогам. За кароткі перыяд яна змагла захапіць многіх вучняў дакладнымі навукамі і аб’яднаць гэтых дзяцей у адзіную каманду юных даследчыкаў.

— Дзецям вельмі цікава праводзіць доследы і эксперыменты, здзяйсняць свае маленькія адкрыцці. Падчас навучальнага года практычна штодзень пасля ўрокаў збіраліся з навучэнцамі ў кабінеце фізікі, дзе займаліся даследаваннямі ў самых розных напрамках. Назапасілася значная колькасць дзіцячых вынаходстваў, для якіх ужо не хапала месца. У імкненні да навукі вучняў падтрымала кіраўніцтва школы. У маі для арганізацыі заняткаў нам было выдзелена асобнае памяшканне, — паведаміла Настасся Альшэўская.

За лета настаўніца і навучэнцы не проста зрабілі ў пакоі рамонт, а поўнасцю яго пераабсталявалі. У гэтай справе падлеткі змаглі праявіць палёт фантазіі. Хлопцы і дзяўчаты самі падабралі колер фарбы, распрацавалі і намалявалі тэматычнае графіці на адной са сцен.

— Разам з дзецьмі мы адрэстаўрыравалі старое дэманстрацыйнае абсталяванне і вымяральныя прыборы. Сумесна аднавілі омметр, вальтметр, амперметр, астранамічны макет Сонечнай сістэмы. Усё гэта — цяпер экспанаты нашага інтэрактыўнага музея, — расказала Настасся Ва­сільеўна.

У лабараторыі будуць прадстаўлены ўсе даследаванні, праекты і эксперыменты навучэнцаў.
А такіх назапасілася нямала. Пад кіраўніцтвам Настассі Альшэўскай дзеці зрабілі з падручных матэрыялаў тэрмометры, дынамометры, водныя помпы, электрамагніты і многае іншае. Некаторыя распрацоўкі адзначаны пераможнымі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Напрыклад, васьмікласніца Веста Юркавец атрымала прэстыжныя ўзнагароды за стварэнне пераноснага метэапункта. Дзяўчынка зрабіла платформу з прыборамі для прагнозу надвор’я.

— Яшчэ адна васьмікласніца Віталіна Мацюшонак стварыла шклянку для расады, якая раствараецца ў глебе, насычаючы яе патрэбнымі для ўрадлівасці раслін элементамі. Дзесяцікласніца Дзіяна Ціцяк правяла знакавае даследаванне ў галіне нанатэхналогій. Шляхам змешвання розных элементаў і правядзення хімічных рэакцый яна вывела ферамагнітную вадкасць, якую можна выкарыстоўваць у медыцыне, — адзначыла Настасся Васільеўна.

Гордасць педагога — спецыялізаваны бізіборд, які дапамагае знаёміць з фізічнымі з’явамі дзяцей з АПФР. У гульнявой форме асаблівыя навучэнцы могуць вывучыць асноўныя фізічныя законы.

— Над бізібордам працавала навучэнка 11 класа Дар’я Сітнік. Ён уяўляе сабой стэнд з заданнямі. Дэталі стваралі са старых прыбораў, пэўныя запчасткі друкавалі на 3D-прынтары. Распрацоўка дазваляе дзецям з асаблівасцямі ўбачыць, як адбіваецца і праламляецца святло, як узнікае электрычнасць, азнаёміцца з шэрагам іншых фізічных працэсаў, — растлумачыла Настасся Альшэўская.

У музеі-лабараторыі “Эксперыментус” усе праекты бу­дуць у адкрытым доступе. Дасканала разгледзець іх змогуць усе жадаючыя. Неабмежавана і коль­касць дзяцей, якія мо­гуць прыходзіць сюды для заняткаў. Акрамя фізікі, тут школьнікам прапануюць займацца хіміяй, біялогіяй, робататэхнікай і 3D-мадэляваннем.

— Лабараторыя абсталявана камп’ютарамі, 3D-прынтарам, вымяральнымі прыборамі, наборамі схематэхнікі і канструктара ROBBO. Ёсць усё неабходнае для таго, каб дапамагчы рэалізаваць нават самыя неверагодныя ідэі і ініцыятывы навучэнцаў, — падкрэсліла Настасся Васільеўна.

Дарэчы, на новы навучальны год у Настассі Альшэўскай вялікія планы. Ра­зам з вучнямі настаўніца мае намер запусціць TikTok-канал, прысвечаны школьным эксперыментам. Запланавала педагог таксама па­чаць супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным інстытутам метралогіі, бо гэтае ўзаема­дзеянне дасць магчы­масць вывесці дзіцячыя даследаванні на новы ўзровень.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва Н.В.АЛЬШЭЎСКАЙ