Музейнай справе надае развіццё

- 11:54Выхаваўчая прастора

З першага дня работы музейнага пакоя Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна настаўнік гісторыі Аляксандр Іванавіч Васюкевіч актыўна ўключыўся ў пошукава-даследчую дзейнасць экспедыцыйных атрадаў і стаў ініцыятарам збору экспанатаў і краязнаўчых матэрыялаў для афармлення экспазіцыі. Аляксандр Іванавіч аб’яднаў вакол сябе аматараў краязнаўства і надаў музейнай справе творчы і практычны кірунак.

Эстафеты патрыятычных спраў, сустрэчы з вядомымі краязнаўцамі і знакамітымі землякамі, складанне шматлікіх краязнаўчых даведнікаў, альбомаў, слоўнікаў, турыстычныя паходы і экскурсіі па ўсёй краіне — гэта далёка не поўны пералік творчых спраў, арганізаваных настаўнікам гісторыі. “Нам неабходна сабраць медыятэку ваенна-патрыятычных фільмаў для арганізацыі работы ў музейным пакоі міні-кінатэатра. Для размяшчэння новых раздзелаў экспазіцыі трэба аформіць новае памяшканне”, — гучаць прапановы Аляксандра Іванавіча.

Ва ўстанове адукацыі праводзіцца шмат турыстычна-краязнаўчых экскурсій у гарады Беларусі. Вельмі цікавай аказалася прапанова настаўніка па вядзенні вучнямі асабістых малых падарожных кніг, у якія навучэнцы і настаўнікі размяшчаюць фотаматэрыялы пра наведванне памятных мясцін роднай Беларусі. У будучыні гэтыя кнігі стануць каштоўнымі экспанатамі новай экспазіцыі “Клічуць нас невядомыя далі!”.

“Аляксандр Іванавіч, вас турбуюць з Мінска дзеці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Аляксандравіча Кардаша. Мы хочам наведаць ваш музейны пакой і ўбачыць экспазіцыю пра нашага бацьку”, — гучыць голас у тэлефоннай трубцы, і ў Аляксандра Іванавіча загараюцца вочы. Гэта значыць, што вельмі хутка ў школу прыйдуць родныя і блізкія знакамітага земляка, убачаць яго ордэны і медалі, асабістыя рэчы, дакументы, ганаровыя граматы, азнаёмяцца з краязнаўчым альбомам аб жыцці і дзейнасці свайго бацькі. Пры развітанні родныя заўсёды выказваюць удзячнасць настаўніку за яго высакародную справу.

Заўтра раздзелы экспазіцыі “Яны змагаліся за Радзіму”, “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Навекі ў памяці народнай”, “Гісторыі слаўнай вялікія даты”, “Баявыя і працоўныя ўзнагароды”, “Воіны-інтэрнацыяналісты”, “Час. Падзеі. Людзі”, “Асабістыя рэчы і дакументы нашых землякоў”, “Этнаграфія роднай мясцовасці” наведаюць іншыя людзі. І зноў мы ўбачым, што ў Аляксандра Іванавіча цудоўны настрой, прага да пошукаў. Будзем чакаць яго новых ініцыятыў.

Марына НЕЧАЙ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна.
Фота аўтара.