Музычная падрыхтоўка да турыстычнага сезона

- 11:10Навіны рэгіёнаў

У турыстычным сезоне пакуль зацішша, і надвор’е дазваляе толькі марыць аб начах у палатцы і гатаванні ежы на кастры. Але сапраўдныя турысты — людзі дзейсныя і актыўныя, сядзець без справы не любяць, таму ўжо зараз рыхтуюцца да новых паходаў, напрыклад, на фестывалях турысцкай песні. Такое мерапрыемства адбылося ў Смалявіцкім раённым цэнтры дзіцячага турызму і краязнаўства.

“Традыцыйна раённы фестываль турысцкай і патрыятычнай песні мы праводзім напярэдадні новага турыстычнага сезона, каб настроіцца на новыя паходы, — расказвае дырэктар Смалявіцкага раённага ЦДТіК Марына Аляксандраўна Мішчанка. — Ён заўсёды чаканы і запатрабаваны, бо дае нагоду і магчымасць сустрэцца аднадумцам, якія жывуць чаканнем новых падарожжаў”.
Фестываль песні — гэта не толькі сустрэча сяброў-турыстаў, але і магчымасць творчай самарэалізацыі, эстэтычнага выхавання, а таксама сродак папулярызацыі турызму сярод дзяцей і моладзі. Дарэчы, у раёне менавіта гэтаму кірунку ўдзяляецца шмат увагі. У фестывалі прынялі ўдзел 18 каманд устаноў адукацыі. У іх склад увайшлі па 3 вучні і 1 супрацоўнік установы. Кожная каманда выконвала адну патрыятычную песню, а таксама дзве песні турыстычнай тэматыкі — па адной у выкананні навучэнцаў і педагога. Прыемным сюрпрызам для журы і гледачоў было тое, што ўдзельнікі прадставілі і творы ўласнага напісання. Многія каманды падышлі да выступленняў надзвычай творча і суправадзілі песні невялікімі паказамі. Так, каманда Драчкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы паклікала на сцэну брэменскіх музыкаў, а дзеці з Азярыцкаслабадской школы зачыталі турысцкі рэп. Цікава, што на сцэну выходзілі нават сямейнымі калектывамі. Напрыклад, педагог дадатковай адукацыі Андрэй Мікалаевіч Ермаковіч выступаў разам са сваімі дочкамі. Дастойных нумароў было мноства — журы ўзнагародзіла ўдзельнікаў фестывалю 46 дыпломамі!
Радаваліся на фестывалі аматары турызму і ўзнагародам, і сустрэчам з сябрамі, і таму, што набліжаецца той час, калі яны закінуць за плечы рукзакі і адправяцца насустрач прыгодам.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Смалявіцкім раённым ЦДТіК.