«Мы імкнуліся зрабіць як мага больш добрых спраў»… Цёплыя ўспаміны пра камсамольскую маладосць

- 13:47Новости

Сярод экспанатаў музея гісторыі адукацыі сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска не толькі старыя падручнікі, сшыткі, фотаздымкі, вучнёўскія партфелі і нават парты. Пачэснае месца займаюць атрыбуты камсамольскага жыцця. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У многіх музеях папулярная форма правядзення экскурсіі — “Пра што расказаў экспанат”, калі з вуснаў экскурсаводаў гучыць аповед пра лёс асобнага музейнага прадмета. Такія экскурсіі заўсёды запамінальныя. Асабліва захапляльна яны праходзяць, калі пра той ці іншы прадмет расказвае яго ўладальнік. На адной з такіх сустрэч мне і пашчасціла пабываць напярэдадні 105-гадовага юбілею УЛКСМ.

Цэнтральнымі героямі імправізаванай экскурсіі сталі камсамольскі білет і значок Галіны Віктараўны Крупта. Былая актывістка камсамольскага руху, піянерважатая, настаўніца, намеснік дырэктара па выхаваўчай і вучэбнай рабоце не толькі паведаміла пра тое, як ёй уручалі білет і значок, але і ўзгадала сваё камсамольскае жыццё. Атрымалася цёплая, душэўная размова, да якой далучыліся і сённяшнія настаўнікі. Наша сустрэча не абмежавалася толькі цікавымі ўспамінамі. Педагогі абмеркавалі і асаблівасці выхавання сучаснай моладзі, што лепшага ў гэтай справе можна пераняць з савецкай эпохі.

Пачэснае месца ў экспазіцыі школьнага музея займаюць камсамольскія білеты, значкі і нават пасведчанне на атрыманне асаблівага значка ЦК УЛКСМ “За выдатную вучобу”. Беражліва захоўваецца вымпел ЦК ЛКСМБ за першае месца ў рэспубліканскім фінале спартыўнага конкурсу-агляду “Старты надзей”.

Скажу шчыра, я не быў камсамольцам, бо маё юнацтва прыйшлося на той час, калі Савецкага Саюза ўжо не існавала на палітычнай карце свету. Але дзякуючы журналісцкай прафесіі, часта сустракаюся з тымі, каму пашчасціла насіць камсамольскі значок. І заўсёды захапляюся тым запалам, з якім яны ўзгад­ваюць сваю маладосць.

Падчас гэтых успамінаў яны нібыта зноў становяцца маладымі. Хаця чаму становяцца? У душы яны такія ж маладыя, актыўныя, як і ў свае 14 гадоў, калі атрымалі камсамольскі білет.

— Мы былі маладыя, поўныя жыццёвай энергіі, імкнуліся зрабіць як мага больш добрых спраў. Думалі ў першую чаргу пра краіну, грамадства, а толькі потым пра сябе. Можа, цяпер гэтыя словы могуць падацца камусьці банальнымі, але гэта была праўда. А як радасна было на душы, калі цябе прымалі ў камсамол. О, гэта было сур’ёзным выпрабаваннем! Не кожны адразу мог удастоіцца гонару насіць імя камсамольца. Прыём быў нечым падобны на экзамен, калі сядзіць камісія, цябе выклікаюць і пачынаюць зада­ваць пытанні. Мы павінны былі ве­даць кіраўнікоў ЦК, піянераў-герояў, камсамольцаў-герояў. Прымалі адразу не ўсіх, спачатку найбольш актыўных, як прыклад для іншых, — дзеліцца Галіна Віктараўна.

Свой камсамольскі білет наша гераіня атрымала ў далёкім 1971 го­дзе, калі вучылася ў 8 класе Талькаўскай школы. Але найбольш актыўнае камсамольскае жыццё ў яе было падчас вучобы ў старшых класах Мсцібаўскай школы. Школьнікі дапамагалі ветэранам, пажылым людзям, давалі канцэрты. Працавалі рознаўзроставыя атрады па месцы жыхарства. Галіна Віктараўна адзначае, што ёй пашчасціла ў 1976 го­дзе быць кіраўніком такога атрада. Ка­лі вучылася ў Ваўкавыскім педвучылішчы, па ініцыятыве гаркама камсамола яе накіравалі ў працоўны атрад па зборы лекавых траў у вёску Кемяны Шчучынскага раёна. А ўзначальвала работу атрадаў сакратар гаркама камсамола Лілія Васільеўна Кашанкова. У цэлым тэматыка і формы правядзення мерап­рыемстваў практычна не змяніліся з таго часу.

— Калі нам, школьнікам, прапаноўвалі нешта зрабіць, мы тут жа пагаджаліся, — далучылася да размовы настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Уладзіміраўна Вайтовіч. — Гэта не абмяркоўвалася, трэба — зна­чыць трэба. Мы ішлі і дапамагалі. Цяпер дзеці таксама пойдуць, але, на жаль, у некаторых узнікае пытанне: “А што мне за гэта будзе?” Вось тут школа павінна цесна супрацоўнічаць з сям’ёй, каб дзеці разумелі важнасць добрых спраў, бацькі тлумачылі ім гэта.

На думку настаўніка гісторыі Віталія Аляксандравіча Лебядзевіча, раней доб­рыя справы моладзь рабіла больш душэўна, не паказушна, без лішняга самапіяру.

— У савецкі час нас выхоўвалі на прынцыпах, якія былі блізкія да хрысціянскіх. Мы дапамагалі людзям, таму што трэба было дапамагчы, і не думалі, што нам за гэта будзе. Гэта і ёсць праяўленне сапраўднай любові. У савецкі час ідэалогія была ў многім пабудавана на хрысціянскіх прынцыпах, калі чалавек-бяссрэбранік цаніўся больш, чым чалавек, паспяховы ў матэрыяльным плане. Цяпер жа праз масавую культуру, інтэрнэт, некаторыя СМІ дзецям падаецца іншы вобраз паспяховага чалавека. Навучыць сённяшнюю моладзь сапраўдным каштоўнасцям, на мой погляд, можа царква.

Пасля пачутага не мог не спытаць у Галіны Віктараўны, хто ж у гады яе маладосці быў прыкладам паспяховага чалавека. Наогул, ці існавала такое паняцце “паспяховы чалавек”?

— Паспяховым лічыўся той, які праз сваю працу, талент чагосьці дасягаў. На гэтых людзей мы раўняліся, яны для нас былі прыкладам. Нас раней вучылі: калі нечага хочаш дасягнуць, то павінен шмат працаваць. Матэрыяльныя каштоўнасці стаялі не на першым месцы, і гэта ў многім была заслуга камсамола. А на сумесныя справы, працоўныя акцыі ішлі з ахвотай і па той прычыне, што для нас гэта было выдатнай магчымасцю правесці разам час весела і з карысцю, — адзначыла Галіна Віктараўна.

Наконт карысці. Чаму б юбілей камсамола не адзначыць добрымі справамі? Самае простае — дапамагчы блізкаму. Як? Кожны няхай вырашыць для сябе сам.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара