Мы жывём у грамадстве, дзе ўсё ўзаемазвязана. І нельга недаацэньваць тую ролю, якую можа адыграць любы чалавек у справе змянення свету да лепшага. Дабрыня, спагадлівасць, душэўнасць… Такія якасці ў чалавеку не ўзнікаюць самі па сабе. Іх неабходна фарміраваць і развіваць. Менавіта гэтаму садзейнічае рэалізацыя праекта “Мы — розныя, мы — роўныя”, ініцыятарам якога з’яўляюцца члены клуба ЮНЕСКА “Факел”, што дзейнічае на базе сярэдняй школы № 3 Чэрвеня.
Ідэя стварэння гэтага праекта з’явілася не адразу. Усё пачыналася з праграмы “Лячэбная магія”, з якой школьнікі пазнаёміліся на вучэбных семінарах у 2012 годзе. Тады яны даведаліся, што “Лячэбная магія” — гэта новая для Беларусі і СНД старанна прапрацаваная методыка садзейнічання фізічнай і псіхасацыяльнай рэабілітацыі. Праграма паспяхова прымяняецца ў 30 краінах і 2500 установах. У снежні 2009 года яна з’явілася ў Беларусі і рэалізоўваецца прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА.
Дзякуючы ўдзелу ў семінарах, дзеці навучыліся фокусам з розным інвентаром (вяроўкамі, алоўкамі, паперай, гумкамі, сурвэткамі, манетамі і інш.) і без яго. Атрыманыя веды і ўменні знайшлі практычнае прымяненне пры наведванні Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з якім школа даўно супрацоўнічае і сябруе. Члены клуба змаглі падзяліцца “магічным” вопытам з новымі сябрамі. Абодва бакі атрымалі рэальную карысць ад гэтага: развіццё маторыкі рук, жывыя зносіны, пашырэнне кола знаёмстваў, разняволенне, магчымасць разам праводзіць вольны час. Жаданне рухацца наперад, удасканальвацца падштурхнулі да думкі аб стварэнні міні-праекта “Мы — розныя, мы — роўныя”, які быў разлічаны на 3 месяцы.
Акрамя праграмы “Лячэбная магія”, у праект былі ўключаны мерапрыемствы і па іншых напрамках: фізкультурна-спартыўная дзейнасць, хатняя гаспадарка. Яны арганізоўваліся і праводзіліся на базе нашай школы і на базе дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Анатоль Віктаравіч Іваноў, выхавальнік дома-інтэрната, не толькі падтрымаў ідэю, але і прымае непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў.
Першыя мерапрыемствы паказалі, што кірунак выбраны правільны. Кожную новую сустрэчу дзеці чакалі з нецярпеннем, абыякавых не было. Гэта стала падставай для павелічэння працягласці праекта: замест 3 месяцаў — цэлы год. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў спартландыях, днях здароўя, міні-сустрэчах па футболе, валейболе, баскетболе, што праходзілі ў школьнай спартзале. Кожнае спартыўнае спаборніцтва было незабыўным, і вялікая заслуга ў гэтым Людмілы Анатольеўны Няхай, настаўніцы фізічнай культуры і здароўя, якая змагла сумясціць на першы погляд несумяшчальнае: прысутнасць духу саперніцтва і адсутнасць азлобленасці, жадання перамагчы любым шляхам.
Пад кіраўніцтвам Жанны Фёдараўны Івановай, настаўніцы працоўнага навучання чэрвеньскай школы, на базе дома-інтэрната прайшлі цікавыя заняткі па дамаводстве. Жанна Фёдараўна і выхавальнікі дома-інтэрната фантазіравалі на кухні разам з выхаванцамі. Вынікамі работы ў гэтым напрамку стала набыццё навыкаў сервіроўкі стала, гатавання хуткіх страў, а галоўнае — уменне быць карэктным і гасцінным, цікавым суразмоўцам. Удзельнікі праекта стварылі кулінарную кнігу рэцэптаў “Смачная і здаровая ежа”.
Праект “Мы — розныя, мы — роўныя” ствараўся з мэтай паказаць, што дзеці-інваліды могуць мець зносіны са сваімі здаровымі аднагодкамі як роўныя. Мы часам не ведаем, як сябе паводзіць і як размаўляць з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Праект паказаў, што не трэба баяцца, трэба ісці наперад. Ён стаў карысным для кожнага ўдзельніка: для кагосьці гэта было выхаванне неспажывецкіх адносін да жыцця, для іншых — магчымасць забыцца пра свае хваробы, адчуць сябе патрэбным, акунуцца ў свет дзяцінства. Пра ўсё гэта сведчаць сумесныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, дзе кожны ўдзельнік адчувае сябе як роўны.
Праект “Мы — розныя, мы — роўныя” дапамагае ўдзельнікам па-новаму паглядзець на простыя, штодзённыя рэчы. Не ва ўсіх і не адразу ўсё атрымліваецца: дзеці-інваліды вельмі тонка адчуваюць фальш, не пойдуць на кантакт з чалавекам няшчырым, закрытым. Ды і мы, на жаль, не заўсёды гатовы размаўляць з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі — гэта доўгая і складаная работа над сабой.
Сёння праект працягваецца, пашырае межы: дадзены старт рабоце яшчэ ў адным напрамку — тэатральнае мастацтва. Людміла Уладзіміраўна Кацько, настаўніца рускай мовы і літаратуры, Лілія Міхайлаўна Маруга, выхавальніца групы падоўжанага дня, расказалі дзецям аб тэатры як мастацтве пераўвасаблення і прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі акцёраў. Агеньчыкі ў вачах, усмешкі і шчырая цікавасць да таго, што адбывалася навокал, сведчаць пра тое, што ідэя знайшла водгук у душах дзяцей.
Добрае арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне мерапрыемстваў кіраўніцтвам устаноў — удзельнікаў праекта, зацікаўленасць навучэнцаў і педагогаў, удзел многіх неабыякавых людзей, падтрымка аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама — складнікі паспяховай рэалізацыі праекта “Мы — розныя, мы — роўныя”. Сёння мы бачым значныя вынікі работы ў рамках праекта, і гэта натхняе на далейшую дзейнасць.
Таццяна ГАМЕЗА,
куратар клуба ЮНЕСКА “Факел”,
каардынатар праекта “Мы — розныя, мы — роўныя”.