Мяняем імідж… кажанам

- 14:57Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Колькасць удзельнікаў грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” дакладна назваць немагчыма, бо яна пастаянна павялічваецца і ўжо пераўзышла 3500 чалавек. Па ўсёй краіне дзейнічаюць 14 яе аддзяленняў і 120 школьных клубаў. А нядаўна прыхільнікамі прыроды і іх абаронцамі сталі яшчэ пару соцень дзяцей і іх бацькоў, якія наведалі музейны комплекс “Дудуткі”, дзе пад эгідай АПБ прайшоў першы ў Беларусі фестываль “Ноч кажаноў”.

Хоць кажаны маюць крылы і лятаюць, гэта не птушкі. Але гэта не перашкодзіла ўзяць іх пад апеку ў нашай краіне арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, галоўная задача якой — захаваць у прыродзе біяразнастайнасць.
“Папуляцыя кажаноў імкліва змяншаецца ва ўсім свеце, і Беларусь, на жаль, не выключэнне, — гаворыць прадстаўнік гэтай арганізацыі і каардынатар фестывалю Павел Харытонаў. — У Беларусі 19 відаў рукакрылых, 6 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Лічбы не самыя радасныя, але, нягледзячы на гэта, пытанню аховы кажаноў незаслужана ўдзяляецца вельмі мала ўвагі. І мы хочам гэта змяніць. Мэта такога інфармацыйна-асветніцкага мерапрыемства, якое мы праводзім упершыню, — даць людзям новыя веды пра кажаноў і дапамагчы ім палюбіць гэтых унікальных жывёл. Мы верым, што стварэнне добрага іміджу кажаноў дапаможа захаваць іх папуляцыю ў нашай краіне”.
Сапраўды, у многіх людзей з самага дзяцінства ўзнікаюць самыя агідныя асацыяцыі, звязаныя з кажанамі. Віной таму і шматлікія фільмы жахаў, дзе кажаны, з візгам учэпліваючыся ў валасы цёмнай ноччу, ператвараючыся ў начных вампіраў, тым самым наганяюць страху і на герояў, і на гледачоў. Таму часта, як толькі людзі заўважаюць, што побач пасяліліся гэтыя рукакрылыя, яны разбураюць іх калоніі і пазбаўляюцца ад непажаданых суседзяў. Часта нават выпадковая сустрэча чалавека і кажана прыводзіць да гібелі звярка.
Аляксей Шпак, галоўны даследчык рукакрылых у нашай краіне, навуковы супрацоўнік Навуковага практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, развеяў усе гэтыя і іншыя міфы: “Не трэба баяцца, што кажан нападзе на чалавека. Наадварот, гэтыя звяркі самі пазбягаюць людзей і больш камфортна сябе адчуваюць удалечыні ад іх. А калі кажан усё ж выпадкова заляцеў у ваша памяшканне, трэба памятаць, што ён не зробіць вам ніякай шкоды, калі вы не будзеце яго лавіць ці крыўдзіць. Каб дапамагчы і сабе, і кажану па-добраму развітацца, дастаткова адкрыць насцеж акно, і пасля наступлення цемнаты жывёла пакіне вашу кватэру. Галоўнае — не браць кажана голымі рукамі: ён укусіць. Прасцей накрыць яго каробкай, падсунуць пад яе кардонку і вынесці на вуліцу.
Часам людзей уводзіць у зман і назва звярка па-руску — “летучая мышь”. Але да грызуноў яны не маюць ніякага дачынення, таму за ўраджай, які можа захоўвацца непадалёк, хвалявацца таксама не трэба. Усе кажаны беларускай фаўны харчуюцца выключна насякомымі, чым прыносяць велізарную карысць сельскай і лясной гаспадаркам. Бо агульная маса мух, камароў і шкоднікаў-матылёў, якіх яны з’ядаюць за суткі, раўняецца палове вагі самога кажана!
Складана пераацаніць іх карысць і для медыцыны. Справа ў тым, што ў іх мноства такіх уласцівасцей, разабрацца ў прыродзе якіх жыццёва важна для чалавека. Так, кажаны ніколі не хварэюць на вірусныя захворванні. Акрамя таго, яны адрозніваюцца анамальным доўгажыхарствам: жывёлы іх памераў у прыродзе жывуць па некалькі гадоў, для кажаноў зафіксаваны рэкорд — 41 год. Таму, каб зразумець механізмы ўстойлівасці гэтых жывёл да розных захворванняў, медыкі, генетыкі, малекулярныя біёлагі вывучаюць біялогію кажаноў, іх ДНК, асаблівасці біяхіміі, каб, магчыма, прымяніць гэтыя веды ў прыкладной медыцыне”.
Каб госці фестывалю змаглі на свае вочы ўбачыць, як жывуць кажаны ў прыродзе, была адкрыта фотавыстава, якую дапамог арганізаваць Харкаўскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых. Прайшла і прэзентацыя фільма “Цені начнога неба”, з якога гледачы, напрыклад, даведаліся, што на зіму кажаны ўпадаюць у спячку, збіраючыся вялікімі калоніямі па некалькі соцень. На гэты час у іх прыпыняюцца метабалічныя працэсы. Калі калонію патрывожыць і разбудзіць, то значная яе частка проста не дажыве да вясны — абуджэнне “спальвае” шмат іх энергіі. А аднавіць гэты ўрон кажанам будзе няпроста: самка прыносіць патомства адзін раз за год, і часцей гэта ўсяго адно дзіця. Вось чаму так складана павялічыць папуляцыю і так лёгка яе скараціць.
У прыродзе кажаны жывуць у пячорах, дуплах, а калі такое жыллё не знаходзяць, селяцца на падстрэшшах і ў іншых цёмных і цёплых месцах. Самі ж яны будаваць сабе гнёзды ці норы не могуць. Але прыйсці ім на дапамогу і пабудаваць домікі прапанавалі спецыялісты АПБ. Самымі актыўнымі майстрамі сталі школьнікі. І хутка новы квартал з дванаццаці арыгінальных домікаў для рукакрылых з’явіцца ў Лошыцкім парку ў Мінску.
Арганізатары фестывалю дапамаглі прысутным не проста шмат даведацца пра кажаноў, а нават прымераць на сябе іх вобразы падчас гульні-трэнінгу “Адчуй сябе кажаном”, дзе ўдзельнікам прапаноўвалася рухацца “калоніямі” ў лабірынтах з завязанымі вачыма, арыентуючыся толькі на “важака”; выблытвацца з “галін дрэў” і паспраба-ваць пазбегнуць тых перашод, якія традыцыйна ўчыняе для рукакрылых недасведчаны чалавек. Дзеці і падлеткі прымалі ўдзел у майстар-класах па выразанні флікераў, валенні з лямцу і лепцы сувеніраў і свістулек з гліны, з задавальненнем рабілі аквагрым. Сярод іх было шмат і малышоў, якія завіталі на фестываль з бацькамі. Як адзначылі арганізатары мерапрыемства, удалося падружыць самых юных хлопчыкаў і дзяўчынак з героямі фестывалю: няхай кажаны заўсёды выклікаюць у дзяцей толькі добрыя асацыяцыі і прыемныя ўспаміны пра гэтае свята!

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.