Мысляць перспектыўна, дзейнічаюць эфектыўна

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Дырэктар — ключавая фігура ў школе. Ён капітан, які вядзе свой карабель наперад, і ад яго залежыць, ці будзе гэта падарожжа да поспеху, альбо судна натыкнецца на скалы праблем. Дырэктарства — справа адказная і складаная, не кожнаму яна па сілах. І ўсё ж знаходзяцца смелыя маладыя людзі, гатовыя ўзяць штурвал у свае рукі. Менавіта такія “капітаны” сталі ўдзельнікамі конкурсу “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі — 2016”, які праходзіць на Міншчыне.

Спаборніцтва стартавала ў раёнах у снежні мінулага года і за гэты час усе рэгіёны вызначыліся са сваімі прадстаўнікамі: 23 кіраўнікі ўстаноў адукацыі сталі лепшымі на раённых спаборніцтвах і ўступілі ў барацьбу за права звацца лепшым у вобласці.
Конкурс “Малады дырэктар” праводзіцца ўпраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама з 2013 года. Удзел у ім прымаюць кіраўнікі ўстаноў, якія працуюць на пасадзе не больш за 5 гадоў. Конкурс дае шмат плёну і карысны не толькі ўдзельнікам. З яго дапамогай выяўляюцца найбольш таленавітыя, паспяховыя кіраўнікі, якія добра арыентуюцца ў сферы адукацыі, мысляць перспектыўна, а дзейнічаюць эфектыўна, каб далей іх кіраўніцкія таленты маглі праяўляцца там, дзе яны найбольш патрэбны. Таксама конкурс дазваляе акумуляваць і трансліраваць вопыт кіравання, а яшчэ конкурсныя заданні стымулююць думаць творча, неардынарна, у выніку чаго нараджаюцца цікавыя ідэі і ініцыятывы. Для саміх удзельнікаў конкурс “Малады дырэктар” — гэта не толькі магчымасць атрымаць новы вопыт і падзяліцца сваім, не толькі азарт спаборніцтваў, але яшчэ і вялікія перспектывы. Заваяваць або ўкараніць свой аўтарытэт, зрабіць так, каб цябе заўважылі і пачулі, рухацца ўверх па кар’ернай лесвіцы — такія магчымасці атрымліваюць канкурсанты. Дарэчы, многія ўдзельнікі конкурсу мінулых гадоў гэтымі магчымасцямі паспяхова скарысталіся. Так, напрыклад, сёння аддзелы адукацыі, спорту і турызму Вілейскага і Уздзенскага райвыканкамаў узначальваюць удзельнікі папярэдніх конкурсаў “Малады дырэктар” Аляксандр Часлававіч Пуцейка і Сяргей Іванавіч Усік. Пераможца конкурсу 2013 года Наталля Міхайлаўна Сушко была выбрана старшынёй Жодзінскага Савета дэпутатаў.
Удзельнікі абласнога конкурсу прыступілі да падрыхтоўкі. Каб дапамагчы ім, у Мінскім абласным ІРА быў арганізаваны семінар-практыкум “Кіраванне якасцю адукацыі ў сучаснай школе”. На семінары канкурсанты пазнаёміліся са сваімі сапернікамі, а таксама плённа папрацавалі: разгледзелі пытанні стратэгічнага планавання кіравання якасцю адукацыі ў сучаснай школе і мадэлявання працэсу развіцця ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, сталі ўдзельнікамі трэнінгу “Фарміраванне ў кіраўнікоў устаноў адукацыі навыкаў эфектыўнай самапрэзентацыі”.
Такая падрыхтоўка не будзе лішняй, бо наперадзе — сур’ёзныя выпрабаванні. На шляху да фіналу ўсіх удзельнікаў чакаюць завочныя і вочныя заданні. Журы прааналізуе работу дырэктараў-канкурсантаў. Спачатку тое, што кіраўнікамі ўстаноў ужо зроблена, суддзі ўбачаць, пазнаёміўшыся і ацаніўшы сайты ўстаноў адукацыі, якімі -кіруюць удзельнікі конкурсу. Пра тое, што плануюць маладыя дырэктары рабіць далей, журы даведаецца з эсэ і праграмы развіцця ўстановы, якія ўдзельнікі падрыхтавалі да конкурсу. Таксама канкурсанты пройдуць тэсціраванне, якое пакажа ўзровень іх навукова-метадычнай і псіхолага-педагагічнай падрыхтаванасці. 12 удзельнікаў, якія найлепш праявяць сябе на гэтых іспытах, стануць фіналістамі. У фінале кожнага чакаюць два выступленні: спачатку давядзецца публічна абараніць сваю праграму развіцця ўстановы адукацыі, а потым адстаяць свае погляды падчас прафесійных дэбатаў.
Пакуль гарачыя конкурсныя баталіі яшчэ наперадзе, але ўжо зараз конкурс дае нам магчымасць зірнуць на своеасаблівы зборны партрэт сучаснага маладога кіраўніка. Намаляваны гэты партрэт не фарбамі, а лічбамі. З 23 прадстаўнікоў раёнаў Мінскай вобласці 15 кіруюць установамі адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, 8 працуюць у гарадах. Сярод іх — 7 дырэктараў ВПК, два дырэктары гімназій, адзін — базавай школы, а больш за іншых — кіраўнікоў сярэдніх школ, іх 13. Узрост канкурсантаў розны — ад 33 да 51 года, адрозніваецца і іх кіраўніцкі вопыт: двое на пасадзе дырэктара працуюць менш за год, пяцёра — 5 гадоў, астатнія — ад 2 да 5 гадоў. Усе без выключэння дырэктары маюць вышэйшую адукацыю, а чацвёра паспелі атрымаць другую вышэйшую. Амаль палова, а менавіта 10, канкурсантаў атрымалі дыпломы па спецыяльнасцях, звязаных з выкладаннем грамадска-гуманітарных дысцыплін, крыху менш — 8 — дысцыплін прыродазнаўча-матэматычнага профілю. Калі ж гаварыць аб гендарнай сітуацыі, то давядзецца адзначыць, што толькі тры ўдзельнікі — мужчыны.
Будзем сачыць за развіццём падзей на конкурсе, і няхай пераможа наймацнейшы. А імя яго даведаемся 14 красавіка.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.