На 200 вучняў — 9 настаўнікаў музыкі. Школа ў Мінскім раёне жыве іграючы і прыпяваючы

- 16:20АРТ-квартал, Новости

У Навадворскай сярэдняй школе Мінскага раёна навучэнцы самі вызначаюць для сябе эстэтычны кірунак. Большасць з іх выбіраюць ігру на музычных інструментах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Музыка заўсёды была візітоўкай нашай установы. У свой час школа афіцыйна мела эстэтычны профіль. У 1980 годзе шэфства над ёй узяў Беларускі саюз кампазітараў. У школе праходзілі фестывалі, канцэрты, музычныя гас­цёўні, часта бывалі вядомыя кампазітары, рэжысёры, аўтары песень Юрый Семяняка, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Дзмітрый Смольскі, Сяргей Картэс, Сямён Камінскі і шмат іншых. Нашы вучні асвойвалі ігру на фартэпіяна, скрыпцы, віяланчэлі, цымбалах, гітары, акардэоне, баяне, кантрабасе. Гэта добры ўзровень нават для музычнай школы. Ігру на гэтых інструментах (за выключэннем віяланчэлі і кантрабаса) можна асвоіць і цяпер. Да таго ж у нас ёсць ансамбль балалаечнікаў, якім кіруе педагог, што цудоўна валодае гэтым інструментам, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Філіповіч.

Педагагічны калектыў адпаведны. Усе настаўні­кі музыкі маюць вышэйшую  музычную адукацыю (адзін з іх хутка скончыць БДАМ). Акадэмія музыкі за плячыма і ў дырэктара: Дзмітрый Трыфанаў — альтыст.

Творчыя людзі не могуць толькі вучыць, ім самім як паветра патрэбна рэалізацыя, творчасць, выступленні на сцэне. Таму нядаўна з’явілася ідэя ства­рыць ансамбль педагогаў. Спачатку гэта было на ўзроўні цікавасці: настаўнікі сустракаліся, рыхтавалі нумары для канцэртаў. Так утварыўся інструментальны ансамбль “Новыя дваране” (альт — дырэктар, скрыпка — Аксана Чысцякова, акардэон — Кацярына Шыкардо). Спачатку было трыа, але пазней дабавіліся яшчэ фартэпіяна (тры педагогі выкладаюць ігру на ім), баян (Кацярына Шыкардо) і гітара (дырэктар). Сёння гэта паспяховы творчы калектыў, у скарбонцы дасягненняў якога ёсць нават перамога на VIII Міжнародным фестывалі мастацтваў #BYFEST.

Заняткі творчасцю завярша­юць кожны дзень школьнікаў. Уся другая змена цалкам прысвечана дадатковым заняткам, факультатывам. Дзеці займаюцца як індывідуальна, так і ў ансамблях. Сёлета дабавіліся харэаграфія і рытміка, бо ў школу прыйшоў малады спецыяліст — харэограф-балетмайстар Таццяна Лютарэвіч. Для творчых дзяцей праводзяцца і заняткі мастацкага профілю — лепку, малюнак, жывапіс, кампазіцыю, графіку выкладае педагог-мастак Эліна Сіняўская. Ёсць у школе і іншыя кірункі: патрыятычны, экалагічны, спартыўны.

— Абсалютна ўсе нашы дзеці з пачатковай школы наведваюць заняткі эстэтычных кірункаў: калі гэта не музычны інструмент, то вакал, харэаграфія, малюнак, лепка ці інш. У 5—9 класах каля 70% працягваюць гэтыя заняткі, — адзначае Людміла Філіповіч.

Юная цымбалістка Кіра Псарава

Другі па папулярнасці інструмент у школе — цымбалы. Цікава, што сярод вучняў шмат прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, і большасць з іх хоча асвоіць менавіта гэты беларускі народны інструмент. Сярод самых заўзятых аматараў цымбал — егіпцянін Карым Шыхэві.

Свет пад клавішамі

Большасць дзяцей выбірае ігру на інструментах. Шмат хто з іх хоча асво­іць фартэпіяна. Наталля Баяшка, педагог па класе фартэпіяна, гаворыць:

— Мы прымаем займац­ца музыкай усіх дзяцей незалежна ад іх музыкальных задаткаў. Не толькі тых, у каго ідэальны слых, пачуццё рытму або добрая музыкальная па­мяць, але і тых, хто хоча гэтаму навучыцца. Мы ж не рыхтуем мэтанакіравана абітурыентаў для музычных УВА ці артыстаў — на занятках мы атрымліваем задавальненне ад таго, што дакранаемся да свету музыкі. Я стаўлю сваёй мэтай, каб мае выпускнікі маглі самастойна разву­чыць п’есу, якая ім спадабалася, каб былі ўпэўненымі карыстальнікамі інструмента.

Тое, што ў педагога гэта выдатна атрымліваецца, прадэманстравалі віртуоз­най ігрой у чатыры рукі яе вучаніцы Ксенія Цітова і Ганна Мелянтовіч.

— Я ў захапленні ад гучання фартэпіяна! Здавалася б, яно простае, але вельмі цікава раскрываецца, — прызналася пасля выступлення васьмікласніца Ксенія.

Ганне інструмент дапамагае зрабіць зносіны з сябрамі больш яркімі:

— Калі я саджуся за фартэпіяна, атрымліваю асалоду ад музыкі. Гэта доб­ры навык, ім можна ганарыцца. У кампаніі сяброў ты можаш сыграць нешта арыгінальнае.

Цікава, што, дзякуючы юным музыкантам, увесь аграгарадок запаўняецца музыкай. Асабліва летам: ідзеш па вуліцы, шмат у каго адчынены вокны, і адусюль чуваць музыка — то баян, то фартэпіяна, то балалайка. І ўсе даўно прывыклі да музыкі ў сусе­дзяў, бо школьнікаў у Новым Двары шмат. Аня — адзіная піяністка ў сваім пад’ездзе. На пытанне, як рэагуюць суседзі на рэпетыцыі, яна адказвае:

— Раней суседзі слухалі маю ігру і заўсёды пры сус­трэчы мяне хвалілі. Цяпер скардзяцца, што ім ужо не чуваць мяне: нядаўна я замяніла дома фартэпіяна на сінтэзатар, а ў ім можна паменшыць гук.

Наталля Баяшка гаворыць:

Старэйшыя дзеці часта кідаюць музыку, калі пачынаюць іграць у дзве рукі. Бо так працуюць адначасова два паўшар’і мозга, а гэта няпроста, і дзеці не хочуць змагацца з такімі цяжкасцямі. На самай справе ў мозгу адбываюцца вельмі складаныя працэсы: ігра нараджае тысячы, мільёны нейронных сувязей. І дзеці, самі таго не заўважаючы, растуць над сабой. Напрык­лад, Ксенія зараз іграе тое, што ўжо мне трэба разаб­раць і асво­іць. Яна дасягнула ўзроўню, калі сама можа іграць, спрачацца са мной наконт таго, як лепш гэта зрабіць. Дзяўчынкі прыносяць на ўрок тое, што яны хочуць сыграць: “А вы чулі ў TikTok гэта?”, “А я вось што знайшла!”. І мы гэтыя рэчы з імі развучваем. У мінулым навучальным годзе разам з дзецьмі асвойвалі музыку розных краін свету і розныя музычныя жанры. У прыватнасці, Ганна і дзве Ксеніі захапіліся джазам, стварылі трыа Cool jazz girls. У іх ёсць цыкл твораў для канцэрта, у які ўвайшлі творы розных аўтараў. Ксенія Швайкоўская ўжо завяршыла праграму навучання — зараз у нас дуэт.

Наталля Аляксандраўна адзначае, што Ганна дасягнула высокага ўзроўню ігры дзякуючы не столькі прыродным музыкальным задаткам, колькі настойлівас­ці і працавітасці. А натхняюць яе і іншых дзяцей гледачы:

— Нават калі ўжо 6— 7 гадзін вечара, а вучні або настаўнікі, якія прахо­дзяць па калідоры, зазіраюць да нас на гукі мелодый і просяць яшчэ паіграць, у маіх піяністак вырастаюць крылы.

Натхняюць, безумоўна, і перамогі. А іх мноства, у тым ліку і на рэспубліканс­кім і міжнародным узроўнях.

Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў эстэтычнага цыкла Ларыса Стрыго адзначае, што задача яе калег — выха­ваць культурнага чалавека, якога цікавяць і музыка, і мастацтва ў цэлым. Таму яны не толькі право­дзяць свае заняткі, але і часта наведваюць са сваімі навучэнцамі гарадскія выставы, тэатры, кінатэатры і г.д. Акрамя таго, адзначае Ларыса Уладзіміраўна, заняткі музыкай спрыяюць паспяховасці дзяцей і ў іншых кірунках:

— Нашы музычныя і мастацкія заняткі маюць моцную сувязь з агульна­школьнымі — рускай мовай, матэматыкай і інш. Адбываецца станоўчы ўзае­маўплыў. Тыя ж музычныя паўзы дапамагаюць дзецям расстаўляць знакі прыпынку ў тэкстах, а веды па матэматыцы дапамага­юць вылічваць працягласці падчас ігры на інструменце, ра­біць яе выразнай.

Людміла Філіповіч падсумоўвае:

— Тэрытарыяльна мы побач з Мінскам, але ў найбліжэйшых да нас мікрараёнах няма музычных школ, а ў музычных аб’яднаннях па інтарэсах — дэфіцыт месцаў. Таму нашы дзеці з задавальненнем займаюцца ў сваёй школе. У далейшым шмат нашых вучняў звязвае жыццё з музыкай, а многія, адвучыўшыся самі, прыводзяць да нас на заняткі сваіх дзяцей.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара