На адной хвалі з дзецьмі: Дзіяна Трахневіч — пра сваіх вучняў, самаадукацыю і першыя поспехі ў прафесіі

- 17:24Первое рабочее место

Педагагічны шлях Дзіяны Трахневіч, настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні, яшчэ толькі пачынаецца. Але ўжо сёння можна з упэўненасцю сказаць: у юнай настаўніцы ўсё атрымаецца, бо ў яе ёсць галоўнае — павага да прафесіі, вера ў свае сілы і бясконцая любоў да дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Калі настаўнік маладзейшы за вучня

Дзяўчына вучылася ў смаргонскай сярэдняй школе № 7, у якую і прыйшла на першае працоўнае месца. Настаўніцу пачатковых класаў Дзіяну Трахневіч у школьным калідоры яшчэ можна пераблытаць са старшакласніцай, але за плячамі ў яе — ужо два паўнацэнныя гады педагагічнага вопыту.

Дзіяна Алегаўна скончыла Лідскі педагагічны каледж Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе вучылася па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Па яе прызнанні, ёй заўсёды хацелася вучыць дзяцей. Як і многія дзяўчынкі, у дзяцінстве будучая настаўніца вучыла лялек чытаць і пі­саць. Вырашыла паступаць у каледж, таму што для яе гэты шлях у прафесію быў аптымальным варыянтам. Дзяўчыне хацелася пачаць з сярэдняй спецыяльнай адукацыі — стварыць трывалую базу для набыцця прафесіі.

— У каледжы самай нязвыклай для мяне была новая сацыяльная роля: з вучаніцы я раптам ператварылася ў будучую настаўніцу, — расказвае Дзіяна Алегаўна. — У школе з намі няньчыліся настаўнікі і бацькі, а ў каледжы я адчула сябе дарослым чалавекам, які павінен сам прымаць рашэнні і несці за сябе адказнасць. Да таго ж усе выкладчыкі розныя, і да кожнага з іх трэба знайсці падыход. Там, у Лідскім педкаледжы, я сустрэла выкладчыкаў, якімі захапляюся і цяпер, — гэта Наталля Леанідаўна Будзішка (выкладала ў мяне педагогіку, псіхалогію і іншыя прадметы па спецыяльнасці) і Наталля Яўгенаўна Кудэрка (выкладала пачатковы курс матэматыкі і методыку матэматыкі). Акрамя валодання прафесійнымі якасцямі, гэта душэўныя, адкрытыя лю­дзі, да якіх заўсёды можна было звярнуцца па дапамогу. Глядзіш на кожную з іх і разумееш: перад табой — сапраўдны Настаўнік. Хочацца быць падобнай на іх.

Перад першай практыкай, як прызнаецца Дзіяна Алегаўна, было шмат думак і сумненняў, ці справіцца яна:

— Мы такія маленькія, нам толькі па 16 гадоў (я паступіла ў каледж пасля 9 класа), а нас ужо вядуць у школу вучыць дзяцей, назі­раць за імі, аналіза­ваць урокі. Было вельмі нязвыкла. Уявіце: у той момант мы былі мала­дзейшымі за ­адзінаццацікласнікаў! Пробныя ўрокі мы давалі на другім курсе, і перад першым з іх у мяне было безліч думак: як сабраць дзяцей, як не забыць паслядоўнасць ходу ўрока. Аднак, калі празвінеў званок, усё пайшло само сабой.

Пашанцавала як нікому

На першым рабочым месцы, па словах маладой настаўніцы, было крыху складана пачынаць, бо неабходна было шукаць падыход да кожнага з дзяцей, іх бацькоў ды і да калег. Дзіяна Трахневіч шту­дзіравала шмат метадычнай літаратуры. Гэта зараз яна разумее, што самае важнае для маладога спецыяліста — правільна ўключыцца ў працэс і не саромецца звяртацца па дапамогу да настаўніка, адміністрацыі і педагогаў установы.

— Мне было лягчэй, бо я прыйшла на работу ў родную школу, да сваіх настаўнікаў, якія горача падтрымлівалі мяне, — працягвае Дзіяна Алегаўна. — Увогуле, жаданне стаць настаўніцай з’явілася дзякуючы маёй першай настаўніцы Святлане Васільеўне Мрочка. Яна была для мяне ўзорам з самага дзяцінства. І зараз, на маім першым працоўным месцы, менавіта Святлана Васільеўна два гады з’яўлялася маім настаўнікам. Лічу, што мне пашанцавала як нікому. Канечне, спачатку мне хацелася апраў­даць давер маіх настаўнікаў, але я зразумела, што гэта не зусім правільна: ты толькі прыходзіш у прафесію, многага не ведаеш і ў любым выпадку бу­дзеш памыляцца. А на сваіх памылках вучацца, таму варта проста паступова напрацоў­ваць вопыт.

Разам са сваім настаўнікам малады педагог дасягнула першых поспехаў у прафесіі. Вынікі праектнай дзейнасці навучэнцаў пад кіраўніцтвам Д.А.Трахневіч і С.В.Мрочка адзначаліся дыпломамі I ступені раённай канферэнцыі праектных і даследчых работ “Юны даследчык”: работа “Дзівосны свет казак К.І.Чукоўскага” і работа “Незнаёмая родная мова”. Акрамя гэтага, Дзіяна Трахневіч з’яўляецца ініцыятарам арганізацыі выстаў творчых работ навучэнцаў, яна прыняла актыўны ўдзел у правядзенні прадметнага тыдня для навучэнцаў пачатковых класаў па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”.

— Зараз я вучуся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на завочна-дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі і магу параўноўваць навучанне ў каледжы і ўніверсітэце, — гаворыць маладая настаўніца. — Хачу сказаць, што яно каласальна адрозніваецца. Па-першае, шмат адрозненняў у падачы матэрыялу. Па-другое, у каледжы я заўсёды магла звярнуцца па дапамогу і дадатковую кансультацыю да выкладчыка. Ва ўніверсітэце ж такой магчымасці няма і гэтага не хапае. Я разумею: тут разлік на тое, што мы, студэнты, усе працуем па спецыяльнасці, і выкладчык думае, што матэрыял мы не толькі ведаем у тэорыі, але і прымяняем на практыцы. А гэта не заўсёды так.

Дзіяна Трахневіч займаецца таксама самаадукацыяй, павышае свой прафесійны ўзровень. Так, у самым пачатку працоўнай дзейнасці яна прыняла ўдзел у рабоце абласной школы маладых педагогаў “Формула поспеху”. А вясной 2023 года прайшла павышэнне кваліфікацыі ў Гро­дзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі па тэме “Арганізацыя работы з навучэнцамі, якія адчуваюць цяжкасці ў засваенні агульнавучэбных уменняў і навыкаў, на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі” і навучанне на абласным семінары па тэме “Фарміраванне функцыянальнай ­пісьменнасці малодшых школьнікаў”.

Не страціць канект

Вобраз першага настаўніка для кожнага дзіцяці надзвычай важны. Ён можа стаць узорам для пераймання на ўсё жыццё і нават, як у выпадку з Дзіянай Трахневіч, накіраваць у выбары будучай прафесіі.

— Дзіяна Алегаўна, які вы першы настаўнік?

— Настаўнік на адной хвалі з дзецьмі. Мае навучэнцы не баяцца да мяне падысці з любым пытаннем, расказаць пра тое, што адбываецца ў іх жыцці, падзяліцца сваімі поспехамі ў сацыяльных сетках. Вялізны плюс маладога настаўніка — у тым, што ты разумееш дзіцячыя фразачкі, жарцікі, слоўцы. У мяне маленькі клас — 19 вучняў, і нам удалося стварыць ­сяброўскія адносіны. Лічу, што з сучаснымі дзецьмі інакш нельга: неабходна стаць ім сябрам. Вучні не бу­дуць слухаць настаўніка, які насядае, праяўляе залішнюю стро­гасць. Ім павінна быць цікава, яны павінны хацець цябе слухаць. Калі я гэта высветліла, то вырашыла, што нам будзе прасцей узаема­дзейнічаць, калі мы станем сябрамі. Зразумела, я заўсёды памятаю, што я педагог і што межы і субардынацыя ў нашых адносінах важныя.

Мае вучні адкрытыя, вельмі добрыя, смелыя, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу, дысцыплінаваныя, здольныя да парадку, ахайныя. Па паспяховасці гэта сярэдні клас, ёсць моцныя і слабыя навучэнцы.

— Як наладжаны кантакт з баць­камі навучэнцаў? Ці была заклапочанасць з іх боку, калі маладая настаўніца стала вучыць іх дзяцей?

— Мне ўдалося наладзіць кантакт з бацькамі, нягледзячы на тое, што я такая маладая. Зразумела, мамы маіх навучэнцаў адразу з насцярожанасцю прыглядаліся да мяне, аднак мы выбудавалі плённае ўзаемадзеянне. У спрэчных сітуацыях навучыліся прыслухоўвацца адно да аднаго, знаходзіць кампраміс. Нават калі дзіця парушае дысцыпліну ці не падрыхтавалася да ўрока, прашу бацькоў не караць яго, а пагутарыць з дзіцем. Я разумею, што калі буду ставіцца да сваіх вучняў больш жорстка, то яны страцяць цікавасць, а мы страцім з імі кантакт, ці, як яны кажуць, канект.

— Якія планы ставіце перад сабой на новы навучальны год?

— Прыйсці да новых дасягненняў. Мне важна не проста наву­чыць дзяцей чытаць, пісаць і лі­чыць, а сфарміраваць у іх якасці, якія дазволяць ім у далейшым не толькі набываць веды, але і быць добрымі людзьмі. Гэта шчырасць, адкры­тасць, разуменне, уменне гава­рыць і чуць партнёра.

— Якім настаўнікам вы сябе бачыце праз пяць гадоў?

— Настаўнікам з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, які прымае актыўны ўдзел у жыцці школы. Творчым педагогам, які бярэ ўдзел у конкурсах педагагічнага майстэрства. Настаўнікам, да якога прыслухоўваюцца калегі і баць­кі навучэнцаў. І абавязкова — добрым сябрам для маіх вучняў.

 Наталля КАСТЭНКА