На адной мове з моладдзю

- 10:28Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Ігар Карпенка сустрэўся з удзельнікамі Рэспубліканскага форуму маладзёжнага парламентарызму “Юныя лідары Беларусі: дыялог на роўных”, які 25—26 мая праходзіў у Мінску.

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі право­дзіць рэспубліканскі форум ужо 11-ы раз. Яго ўдзельнікі — больш за 150 лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, члены маладзёжных парламентаў, органаў вучнёўскага самакіравання, пераможцы Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016”.

Па словах дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Н.В.Васільчанка, гісторыя форумнага руху пачалася ў 2002 годзе.

— Калі пачыналі мы з разрозненых ініцыятыў, то сёння можна казаць пра існаванне ў Беларусі сфарміраванага дзіцячага руху, арганізаванай рэалізацыі дзіцячых ініцыятыў. Гэта вельмі важна, — адзначыла падчас цырымоніі адкрыцця рэспубліканскага форуму Надзея Васільеўна Васільчанка. — Падчас форуму ўдзельнікі выберуць Рэспубліканскі каардынацыйны савет маладзёжных парламентаў — орган, які будзе каардынаваць дзейнасць усіх дзіцячых і маладзёжных парламентаў краіны. Іх развіццю ў Беларусі вельмі паспрыяла супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ. З 2006 года мы ўключыліся ў рэалізацыю ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, і сёння ў Беларусі налічваецца ўжо 25 такіх гарадоў. Вельмі прыемна бачыць на форуме ўдзельнікаў папярэдніх гадоў, якія працягваюць займаць актыўную жыццёвую пазіцыю і прыязджаюць на рэспубліканскі злёт лідараў ужо ў якасці мадэратараў.

Арганізатары мерапрыемства пастараліся зрабіць усё, каб кожны юны ўдзельнік форуму вярнуўся дадому ў захапленні ад новых знаёмстваў, ведаў і ўпэўненасці ў тым, што ў Беларусі кожная ініцыятыва можа быць пачута і падтрымана на самым высокім узроўні. Адной з такіх натхняючых сустрэч стаў дыялог на роўных удзельнікаў форуму з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Васільевічам Карпенкам.

Міністр заклікаў школьных лідараў правесці максімальна адкрыты дыялог, задаваць любыя пытанні, якія тычацца адукацыі, выказваць свае меркаванні і пажаданні.

 — Наведваючы ў рэгіёнах установы агульнай сярэдняй адукацыі, я заўсёды сустракаюся з навучэнскай моладдзю. Таму што адукацыйны працэс — гэта не нейкая аднабокая сістэма, у якой настаўнікі даюць веды, а вы іх спажываеце. Гэта ўзаемазвязаны працэс, у рамках якога вы вучыцеся ў настаўнікаў, настаўнікі нечаму вучацца ў вас. І я як міністр, як педагог гэта таксама вельмі добра разумею і адчуваю — любыя зносіны з вамі, з моладдзю, гэта таксама своеасаблівае папаўненне інфармацыі, атрыманне новых ведаў пра ўспрыманне вамі тых праблем, якія існуюць, з якімі вы сутыкаецеся ў сістэме сярэдняй адукацыі. Гэтыя зносіны даюць нам магчы­масць усталяваць зваротную сувязь, без якой немагчыма прыняць граматныя кіраўніцкія рашэнні, — сказаў міністр.

І дыялог сапраўды адбыўся. Сведчанне гэтага — спектр пытанняў (ЦТ, паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі, новыя падручнікі, прэстыж педагагічнай прафесіі, перанос часу пачатку вучэбных заняткаў, важнасць вывучэння замежнай мовы, магчымасць працаўладкавання старшакласнікаў падчас летніх канікул, мерапрыемствы ў шосты школьны дзень і многае іншае), вычарпальныя адказы і абмен думкамі не “па паперцы”.

Адной з самых хвалюючых для юных лідараў тэм прадказальна (усе яны заўтрашнія абітурыенты) аказалася паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Ігар Карпенка нагадаў, што кіраўнік дзяржавы паставіў перад Міністэрствам адукацыі задачу — у рамках уступнай кампаніі не губ­ляць асобу абітурыента.

— Дрэнна, калі абітурыент, атрымаўшы сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па тых ці іншых прадметах, пачынае бегаць з установы ва ўстановы ў пошуках, куды б лепей іх “прыстроіць”. Не задумваючыся над тым, ці гатовы ён потым працаваць па гэтай спецыяльнасці, толькі б паступіць! Гэта дрэнна, мы павінны адысці ад гэтага, — адзначыў міністр. — Павінна быць выразная матывацыя на пэўную прафесію і разуменне, што гэта за прафесія. Як за сертыфікатамі ЦТ разглядзець асобу абітурыента — досыць складанае пытанне. У сувязі з гэтым у сістэме сярэдняй адукацыі была адноўлена профільная адукацыя, якая накіравана не проста на «нашпігоўванне» на здачу цэнтралізаванага тэсціравання, а менавіта на фарміраванне ў навучэнца матывацыі атрымаць прафесійныя веды па спецыяльнасці. Я ўвогуле лічу, што галоўны крытэрый для атрымання вышэйшай адукацыі — высокі ўзровень ведаў. Трэба ўсведамляць: калі ты сёння не цягнеш праграму агульнай сярэдняй школы, то як ты збіраешся вучыцца ў сістэме вышэйшай адукацыі? На жаль, гэта не заўсёды разумеюць нават бацькі: яны любымі шляхамі спрабуюць “ўпіх­нуць” дзіця ва ўстановы вышэйшай адукацыі. А яно ў выніку не можа здаць нават першую сесію, і яго адлічваюць… Каму такое патрэбна? Калі ты збіраешся паступаць ва ўніверсітэт, ты павінен вало­даць якаснымі ведамі. Як міністр адукацыі запэўніваю вас: усе прадметы школьнай праграмы патрэбныя, незалежна ад таго, кім вы плануеце стаць — гісторыкам, інжынерам або філолагам. Гэта падмурак вашай агульнай адукаванасці.

Нягледзячы на тое, што час сустрэчы даўно падышоў да канца, адказы на свае пытанні ад міністра адукацыі (нярэдка асабістага характару) атрымалі ўсе ўдзельнікі форуму.

— Я вельмі рады гэтай сустрэчы і спадзяюся, што наш дыялог будзе спрыяць таму, што мы будзем знаходзіць аптымальныя шляхі вырашэння існуючых праблем, новыя формы і метады работы, якія дазволяць развіваць нашу адукацыйную сістэму і рухаць яе наперад у адпаведнасці з патрэбамі не толькі нашай краіны, але і міжнароднай супольнасці, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — Я спадзяюся, што прадстаўнікі маладзёжных парламентаў данясуць лейтматыў нашай сустрэчы да сваіх равеснікаў, тое, навошта трэба добра вучыцца па ўсіх школьных прадметах і як важна рабіць выбар будучай прафесіі свядома. Для мяне гэта будзе лепшай узнагародай.

Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.