На гарачым лёдзе

- 9:48Актуально, Апошнія запісы

У нядзелю на малой лядовай пляцоўцы сталічнай “Чыжоўка-Арэны” завяршыліся рэспубліканскія спаборніцтвы “Залатая шайба” ў малодшай узроставай групе дывізіёна А (хакеісты 2004—2005 г.н.). Пераможцай групы стала каманда Цэнтральнага раёна Мінска “Грыфоны”, якая ў фінальным паядынку з камандай “Мядзведзь” Маскоўскага раёна абараніла свой мінулагодні тытул, закінуўшы ў вароты саперніка шэсць шайб. “Мядзведзі” адказалі дзвюма.

Шлях да пераможнага кубка быў напружаны. У першым матчы фінальнай серыі, якая праходзіла з 9 па 12 сакавіка, “Грыфоны” сустракаліся з “Прынёманскімі ястрабамі” з Гродна і перамаглі з лікам 7:0. Акрамя “Грыфонаў”, “Прынёманскіх ястрабаў” і “Мядзведзя” за прызавыя месцы ў малодшай узроставай групе дывізіёна А змагаліся прадстаўнікі Салігорска Мінскай вобласці (каманда “Шахцёр”), Горак Магілёўскай вобласці (каманда “Міраж”), прадстаўнікі Кобрына Брэсцкай вобласці (каманда “Атлант”), каманда з Віцебска “Спадчына” і каманда “Гомель” Цэнтральнага раёна. Менавіта гамяльчане ў матчы за 3-е месца перамаглі хакеістаў з Горак з лікам 12:7 і заваявалі бронзавыя ўзнагароды.

У дывізіёне А ўдзельнічалі каманды гарадоў, дзе ёсць крытыя лядовыя арэны. А вось у дывізіёне Б за прызавыя месцы змагаюцца каманды з населеных пунктаў, дзе такіх арэн няма. Гэтае дзяленне дазваляе зрабіць больш высокім і справядлівым саперніцтва і дае магчымасць хакейным дружынам з невялікіх гарадоў і вёсак змагацца за кубак “Залатой шайбы”. Фінальныя спаборніцтвы ў дывізіёне Б пройдуць з 21 па 27 сакавіка ў Пружанах Брэсцкай вобласці, а ў старшай узроставай групе дывізіёна А (хакеісты 2002—2003 г.н.) праходзяць з 13 па 16 сакавіка ў Оршы Віцебскай вобласці.

Лепшымі гульцамі фінальнага турніру ў малодшай узроставай групе дывізіёна А прызнаны варатар “Грыфонаў” Мікіта Вольскі, абаронца “Міражу” Аляксей Пракапенка, нападаючы “Гомеля” Аляксандр Прымак. Лепшым бамбардзірам стаў Аляксандр Сахацкі з кобрынскага “Атланта”. Вызначана і сімвалічная “пяцёрка”, у якую ўвайшлі абаронцы Марк Хаміцэвіч з “Шахцёра” і Алег Петушок з “Прынёманскіх ястрабаў”, нападаючыя Іван Гарбачоў са “Спадчыны”, Мікіта Ізотаў з “Атланта” і Мікалай Лукашэнка з “Грыфонаў”. Дарэчы, у матчы за 1-е месца капітан “Грыфонаў” адзначыўся хет-трыкам.

— Вельмі хутка, як адно імгненне, праляцеў час турніру. Дзякую ўсім яго ўдзельнікам, іх бацькам, усім, хто арганізоўваў гэтае цудоўнае свята. Упэўнены, што вы набраліся пазітыўных эмоцый, добрага настрою. Сёння мы бачылі напружаную барацьбу, і лёд быў вельмі гарачым, — падвёў вынікі турніру міністр спорту і турызму Аляксандр Ігаравіч Шамко, які разам з міністрам адукацыі Ігарам Васільевічам Карпенкам уручалі ўзнагароды юным хакеістам. Нагадаем, арганізатарамі “Залатой шайбы” з’яўляюцца Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Федэрацыя хакея, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі “Залатая шайба”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота БелТА.