На газетных старонках — лёсы тысяч педагогаў

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 21 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Настаўніцкая газета”. 75 гадоў з асветнікамі Беларусі”, прысвечанай юбілею выдання. У час мерапрыемства калектыў рэдакцыі павіншавалі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, нашы шматлікія сябры.

У віншаванні міністр адукацыі Ігар Карпенка падкрэсліў, што ў галоўнага педагагічнага выдання краіны багатая гісторыя і слаўныя традыцыі, на працягу многіх гадоў “Настаўніцкая газета” з’яўляецца трыбунай для абмену педагагічным вопытам, выданне паспяхова расказвае аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, не застаецца ўбаку і ад самых розных праблем, якія хвалююць сучаснае грамадства. За 75 гадоў на газетных старонках былі адлюстраваны лёсы тысяч айчынных педагогаў, лю­дзей самых розных пакаленняў. Па словах міністра адукацыі, настаўнік — не проста прафесія, гэта лёс, своеасаблівы лад жыцця, жыцця на карысць дзяцей і грамадства краіны. “Адметна, што газета пастанна развіваецца, у ёй з’яўляюцца новыя рубрыкі, якія адлюстроў­ваюць рэаліі сённяшняга жыцця, яна ўпэўнена асвоіла інтэрнэт-прастору, у якой набыла новых чытачоў, і ў гэтым заслуга ўсіх тых, хто карпатліва працуе над кожным нумарам выдання. Жадаю далейшага прафесійнага і творчага росту, паспяховага пошуку цікавых тэм і адметных людзей, а кожнаму асабіста — моцнага здароўя, бадзёрага духу, дабрабыту, шчасця і жыццёвай энергіі”.

У сваю чаргу міністр інфармацыі Ігар Луцкі адзначыў, што старонкі “Настаўніцкай газеты” — сапраўдны летапіс айчыннай адукацыі, гісторыі станаўлення і развіцця беларускай педагогікі: “Газетныя публікацыі ўсебакова і поўна асвятляюць найважнейшыя падзеі сучаснай асветы і жыцця нашай краіны, праблемы сярэдняй і вышэйшай школы і шляхі іх вырашэння, дасягненні навукоўцаў і творчых студэнтаў — усё гэта, безумоўна, дзякуючы зладжанай працы творчага калектыву. Стваральнікаў выдання заўсёды адрознівалі высокі прафесіяналізм, самаадданасць, пачуццё адказнасці і зацікаўленае стаўленне да справы. Газета адкрыта для шырокай і кампетэнтнай дыскусіі па праблемах маральна-духоўнага і прафесійнага выхавання і навучання падрастаючага пакалення”.

Калектыў “Настаўніцкай газеты” цесна супрацоўнічае са старэйшай педагагічнай установай — Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. “Настаўніцкая газета” прайшла слаўны шлях і, нягледзячы на паважаны ўзрост, застаецца такім жа маладым выданнем, як і 75 гадоў назад, бо ідзе ў нагу з часам, а лічбавізацыя СМІ дазволіла адкрыць новыя гарызонты для ўзаема­дзеяння з настаўнікамі нашай краіны, — сказаў пра­рэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Аляксандр Макоўчык. — Сёння “Настаўніцкая газета” — гэта платформа для ўзаемадзеяння педагогаў краіны. Роля выдання ўзрастае з кожным днём. Газета — флагман сучаснай прэсы для педагогаў”.

Завіталі на мерапрыемства і творчыя сябры “Настаўніцкай газеты”. Старшыня цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч сказала, што з кожным годам прафесійная прэса набірае абароты, і гэта вельмі прыметна: “Сёння мы ўдзячны калектыву выдання за тое, што шмат увагі ўдзяляецца кожнаму педагогу краіны, іх поспехам і складанасцям”. А дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома “Звязда” Аляксандр Карлюкевіч перакананы, што “Настаўніцкая газета” — унікальны рухавік інавацыйных педагагічных ідэй у грамадстве. На думку дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Паўла Сапоць­кі, 75 гадоў для галоўнага педагагічнага выдання краіны — “не проста ўзрост, а паказчык даверу чытача, адлюстраванне прафесіяналізму рэдактараў і журналістаў газеты, якія годна трымаюць планку, захоўваюць гісторыю і прымнажаюць традыцыі выдання”. Сярод прысутных былі таксама дзве дачкі першага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Аляксея Крушынскага — Людміла Крушынская і Ірына Скрыпнік.

Дырэктар Выдавецкага до­ма “Педагагічная прэса” і галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў падзякаваў усім прысутным за супрацоўніцтва і віншаванні і нагадаў, што галоўнае педагагічнае выданне краіны заўсёды працавала для людзей і гэтага курсу будзе трымацца і далей. Ацэнкай высокага прафесіяналізму супрацоўнікаў газеты сталі ўрачыстыя ўзнагароды ад міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, а таксама Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

На экспазіцыі, якая бу­дзе дзейнічаць да 21 студзеня, прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, узнагароды выдання, асабістыя рэчы і рукапісы першага рэдактара газеты А.С.Крушынскага. Прадметы выставы ілюструюць цікавыя праекты і напрамкі дзейнасці выдання, а таксама нагадваюць пра прафесіяналізм, апанта­насць і адданасць журналістаў “Настаўніцкай газеты” сваёй дастойнай справе.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.