На хвалі разумення з вучнямі

- 11:44Адукацыйная прастора, Рознае

Павел і Дзмітрый — урачы. Вольга плённа займаецца навукай. Алёна стала педагогам. Кожны з іх сёння — паспяховая асоба.

А калісьці ўсе яны былі вучнямі настаўніцы біялогіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Вольгі Лазаравай, выкладчыка, які на сваіх занятках імкнецца не толькі даць дзецям веды, але і дапамагчы ім знайсці сябе, свой жыццёвы шлях.

Вольга Міхайлаўна лічыць, што цікавасць навучэнцаў да любога прадмета напрамую залежыць ад настаўніка. Менавіта таму на сваіх занятках яна стараецца не толькі захапіць дзяцей біялогіяй, даць ім трывалыя веды па прадмеце. Ёй хочацца, каб ім падабалася вучыцца. Дасягнуць гэтага дастаткова проста. Педагогу трэба быць на хвалі разумення з навучэнцам, тады кожны вучань будзе адчуваць сваю індывідуальнасць і непаўторнасць, бачыць запатрабаванасць сваіх ведаў, іх адэкватную ацэнку. Гэта дасць дзецям магчымасць паверыць у сябе, свой поспех, у тое, што ў іх усё атрымаецца, прычым не толькі на ўроку, але і ў жыцці. Навучэнцы будуць дакладна ведаць, чаго хочуць дасягнуць, гэта і дапаможа ім у далейшым стаць паспяховымі людзьмі.

Сама Вольга Міхайлаўна з дзяцінства была ўпэўнена, што звяжа лёс з педагогікай. Чымсьці прыцягвала яе гэтая няпростая прафесія. Будучы школьніцай, яна марыла, што стане настаўнікам-філолагам. Аднак, атрымаўшы школьны атэстат, адукацыю працягнула на хіміка-біялагічным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова. У такой нечаканай змене педагагічнага профілю “вінаваты” дырэктар яе школы.

— У выпускных класах нашай школы не было профільнага гуманітарнага класа. І дырэктар Уладзімір Данілавіч Міхальцоў параіў мне разгледзець для навучання хіміка-біялагічны напрамак. Да той парады я прыслухалася і назаўсёды захапілася біялогіяй, — расказвае настаўніца.

Атрымаўшы адпаведную спецыяльнасць, выкладаць гэтую дакладную навуку Вольга Лазарава стала ў сярэдняй школе № 9 Магілёва. Але праз пэўны час па запрашэнні кіраўніцтва апынулася ў роднай сярэдняй школе № 5 горада — толькі не ў якасці вучаніцы, а ўжо ў статусе настаўніка-біёлага.

Пятая школа дапамагла ёй адбыцца як педагогу, выпрацаваць свой стыль, методыкі выкладання. Але для добрага настаўніка вельмі важны прафесійны рост, самаўдасканаленне, таму, калі паступіла прапанова працаваць у трэцім абласным ліцэі, яна пагадзілася, бо гэта новы вопыт і перспектывы, а яна прывыкла знаходзіцца ў рэжыме самаразвіцця.

— Настаўніку неабходна ўдасканальваць сваё майстэрства. Адукацыйныя методыкі, тэхналогіі пастаянна мяняюцца. Я сачу за новаўвядзеннямі, улічваю перадавыя тэндэнцыі ў сістэме адукацыі, падыходы да арганізацыі вучэбнага працэсу. Цікавыя методыкі імкнуся ўкараняць у сваёй рабоце.

Толькі так можна дасягнуць сапраўды якаснага ўзроўню навучання, — лічыць Вольга Міхайлаўна.
Аб працаўладкаванні ў трэці ліцэй яна ні разу не пашкадавала. Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай педагагічнай дзейнасці. Да таго ж педагагічны калектыў тут — гэта калектыў аднадумцаў, дзе ўсе адно аднаму дапамагаюць і падтрымліваюць.

— Значную падтрымку мне аказалі дырэктар ліцэя Канстанцін Міхайлавіч Грыгаровіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Вінаградава. А ў метадычным плане па першым часе вельмі падтрымала калега — настаўніца біялогіі Наталля Сяргееўна Колчына, — адзначае Вольга Міхайлаўна.

Біялогія даволі складаны прадмет, зразумелы далёка не ўсім вучням. Зрабіць яго больш лёгкім для ўспрымання ў настаўніцы атрымліваецца дзякуючы максімальнаму набліжэнню гэтай навукі да рэальнага жыцця.

— Адна справа — расказаць тэму па падручніку, а зусім іншая — распавесці аб складанай з’яве, прывёўшы даступны жыццёвы прыклад. Калі звычайны ўрок ператвараецца ў практыка-арыентаваны, тады і біялогія становіцца простай для вывучэння. Складаны на першы погляд прадмет захоплівае навучэнцаў, яны пачынаюць самастойна імкнуцца да пошуку ведаў, — гаворыць Вольга Лазарава.

Каб урокі былі максімальна цікавымі, Вольга Міхайлаўна прымяняе розныя адукацыйныя тэхналогіі. Актыўна выкарыстоўвае асобасна арыентаваны падыход, інфармацыйна-камунікацыйныя рэсурсы, звяртаецца да методыкі праблемнага навучання. Нярэдка яе занятакі праходзяць па метадзе французскіх майстэрань, бо ў душы настаўніца засталася лірыкам, захопленым паэзіяй. Увогуле, на яе думку, эфектыўны ўрок павінен быць камбінаваным, уяўляць сабой гарманічнае перапляценне традыцыйных і сучасных форм навучання, з абавязковай рэфлексіяй у канцы.

— На ўроках у Вольгі Міхайлаўны ніколі не бывае сумна. Заняткі ў яе творчыя, з цікавымі прыкладамі, заданнямі. А яшчэ яна кожнаму з вучняў стараецца ўдзяліць увагу. Усё гэта дапамагае добра разумець прадмет, — у адзін голас гавораць вучні ліцэя Аляксандр Юрчанка, Юлія Паддубская і Станіслаў Палавікоў.

Педагагічная дзейнасць Вольгі Лазаравай не абмяжоўваецца вучэбнымі заняткамі. Асаблівае значэнне для яе мае работа з адоранымі навучэнцамі. За сямнаццаць гадоў настаўніцкага стажу яна выпрацавала ўласную сістэму развіцця дзіцячых талентаў. Выяўленне здольных дзяцей Вольга Міхайлаўна пачынае на максімальна раннім этапе. Работа пачынаецца яшчэ з сямікласнікамі, якія наведваюць ліцэйскую “Школу юнага біёлага”. Асноўны ўпор, вядома, робіцца на ўдзел у алімпіядным руху. Пры падрыхтоўцы сваіх вучняў да сур’ёзных інтэлектуальных стартаў настаўніца займаецца з імі ва ўрочны і пазаўрочны час, індывідуальна і ў групах. Наладжана ў яе і пераемнасць. Адзінаццацікласнікі дапамагаюць дзевяцікласнікам, часам на факультатыўныя заняткі прыходзяць ужо выпускнікі — пераможцы алімпіяд, якія дзеляцца з малодшымі таварышамі сваімі ведамі і вопытам. Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. Толькі за апошнія два гады вучні Вольгі Лазаравай заваявалі 19 дыпломаў на абласным і 4 дыпломы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.

Захопленасць педагогікай і прафесіяналізм настаўніцы таксама не засталіся незаўважанымі. За шматгадовую добрасумленную працу Вольга Міхайлаўна была адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. А яшчэ яна неаднаразова станавілася прызёрам розных конкурсаў педагагічнага майстэрства. З’яўляецца дыпламантам такіх рэгіянальных конкурсаў, як “Настаўнік года”, “Лепшы класны кіраўнік”.

Адметна, што, дасягнуўшы пэўнага прафесійнага поспеху, Вольга Лазарава не спыняецца на дасягнутым. Як і раней, нястомна імкнецца да самаўдасканалення, каб зрабіць урокі для сваіх вучняў яшчэ больш займальнымі і выніковымі, бо бляск зацікаўленых дзіцячых вачэй падчас заняткаў — лепшая для яе ўзнагарода.

Ганна Сінькевіч.
Фота аўтара.