Вогнішча, купальскія вянкі, песні, карагоды і мора кветак — 6 і 7 ліпеня ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства прайшоў Рэспубліканскі конкурс фларыстаў “Купальская краса”. Сёлета ён быў прысвечаны 135-годдзю Янкі Купалы.
Каб канкурсанты, нягледзячы на спаборніцкі дух, спачатку атрымалі асалоду ад самога свята, да арганізацыі падключылася каманда краязнаўчага аддзела Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства на чале з метадыстам аддзела Таццянай Пятроўнай Захаранка і студэнты лінгвагуманітарнага каледжа. Падчас этнаэкалагічнай праграмы “Купалле” для канкурсантаў і шматлікіх гасцей, гараджан сваю работу разгарнулі чатыры інтэрактыўныя пляцоўкі: карагодная, забаўляльная, вогнішча і пляценне вянкоў. Іх задача — не проста аздобіць конкурс, а расказаць і паказаць, як святкавалі Купалле нашы продкі.
Госці прайшлі праз ачышчальную браму, абцерліся ручніком і тым самым засцерагліся ад злых сіл. На карагоднай пляцоўцы паспявалі песні, павадзілі карагоды. На забаўляльнай пляцоўцы госці пагулялі ў традыцыйныя беларускія гульні “Залатыя вароты”, “Змяіны цар і Купальскі дзядок”, “Лес, ці Звяры”, “Ручаёк”, “Клубок” і інш. Пачаць жыццё з чыстага ліста ўдзельнікі паспрабавалі каля вогнішча, дзе напісалі на паперках свае крыўды, дрэнныя ўспаміны і пазбавіліся ад іх, спаліўшы ў агні. Захапляльным стаў майстар-клас па пляценні вянкоў. Сціплыя палявыя кветкі, пераплеценыя з золатам каласкоў і фантазіяй, сталі яркімі аксесуарамі для дзяўчат. Каб паваражыць і даведацца, з якога боку чакаць каханне, яны пускалі вянкі па вадзе, спявалі песні, вадзілі карагод і шукалі папараць-кветку, а самыя шчаслівыя яе нават знайшлі.
А вось каб справіцца з заданнямі фларыстычнага конкурсу, адной толькі ўдачы было мала. Удзел у ім прынялі каманды навучэнцаў і педагогаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усіх рэгіёнаў краіны. Да свят і юбілею выдатнага пісьменніка яны далучыліся праз чатыры конкурсныя заданні: “Фотазона “Купальская краса”, “Вянок “На Івана, на Купалу…”, “Букет “Лета” і сюрпрызнае заданне “У дыханні тваім нашых продкаў вяртанне…”.
Конкурснае заданне “Фотазона “Купальская краса” для каманд ад кожнай вобласці і ад Мінска праходзіла ў паркавай зоне на тэрыторыі Цэнтра, таму прыцягвала нават звычайных прахожых, якія з задавальненнем шчоўкалі фотаапаратамі. Асабліва мнагалюдна было на арэлях — фотазоне каманды экалагічнага аддзела Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, якая стала пераможцай у гэтай намінацыі. 2-е месца было прысуджана камандзе Гродзенскай вобласці (Эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна і Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі). 3-е месца атрымала каманда Гомельскай вобласці — Светлагорскі і Гомельскі экалагічныя цэнтры дзяцей і моладзі.
Творчыя здольнасці навучэнцаў праверылі конкурсныя заданні “Букет “Лета” і “Вянок “На Івана, на Купалу…”. Іх яны выконвалі групамі па два чалавекі ў свабоднай тэхніцы з выкарыстаннем лугавых, палявых і садовых раслін, якія большасць з канкурсантаў загадзя вырасціла ў сваіх установах.
У намінацыі “Букет “Лета” пераможцай стала Паліна Якімец з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска. Дыплом II ступені заваявала Анастасія Стэмплеўская з Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна. Замкнуў тройку прызёраў Павел Козка, выхаванец Жлобінскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
У гэтай намінацыі прыз ад Асацыяцыі прафесіяналаў фларыстыкі і кветкавага бізнесу атрымаў Мікіта Бусел, навучэнец Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, а прыз глядацкіх сімпатый быў уручаны Лізавеце Ляцко (аддзел экалагічнага выхавання Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці).
Вышэйзгаданая Анастасія Стэмплеўская атрымала вышэйшую ацэнку і перамогу ў намінацыі “Вянок “На Івана, на Купалу…”. На другой прыступцы размясцілася Ганна Кулік з Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Дыплом III ступені заваявала Софія Калеснікава, выхаванка Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.
За свае букеты сертыфікат ад Асацыяцыі прафесіяналаў фларыстыкі і кветкавага бізнесу атрымала Эвяліна Карнейчык, выхаванка Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, а прыз глядацкіх сімпатый — Лізавета Грэнь са Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Каб зняць у педагогаў, якія заўсёды хвалююцца за сваіх падапечных, напружанне балельшчыкаў, ім самім прапанавалася конкурснае сюрпрызнае заданне “У дыханні тваім нашых продкаў вяртанне…”. Педагогам неабходна было сабраць юбілейны букет, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Па меркаванні журы, самай лепшай і арыгінальнай стала работа Жанны Аляксандраўны Бубновай (аддзел экалагічнага выхавання Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці). Дыплом II ступені павезла дадому Марыя Мікалаеўна Сарокіна, педагог Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці. 3-е прызавое месца атрымала Наталля Эдуардаўна Бортнік, педагог Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Так, апошняя ўстанова даўно гучна заявіла пра сябе ў фларыстычным кірунку, але на гэты раз яе каманда — Анастасія Стэмплеўская і яе педагог Наталля Эдуардаўна — заняла прызавыя месцы літаральна ва ўсіх намінацыях! На маё пытанне “Як так удаецца?” Насця зазначыла:
— Я ніколі не думаю пра дыпломы і іх колькасць. Я проста раблю тое, што люблю, і атрымліваю асалоду. Што канкрэтна да гэтага конкурсу, тут, мабыць, сыграў ролю падбор кветак. Купальскі абрад патрабуе тых кветак і траў, якія маюць пэўнае значэнне і якія не проста так выкарыстоўваліся нашымі продкамі. Гэта сёння мы любім больш дарагія, часта прывазныя кветкі. Раней жа цаніліся простыя палявыя кветкі. У маім букеце тон задалі простыя ружы, васількі, якія ўжо сталі сімвалам Беларусі, рамонкі і зелень.
Я пакуль не вызначылася нават з галіной, з якой бы хацела звязаць сваё прафесійнае жыццё, бо паспяхова заявілася ў многіх прадметных алімпіядах і на раёне, і на вобласці, і на міжнародным узроўні. Але што б я ні выбрала, упэўнена, што фларыстыка заўсёды будзе маім захапленнем.
Педагог Анастасіі і загадчык аддзела экалогіі Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна Наталля Эдуардаўна Бортнік упэўнена, што справа не толькі ў гэтым:
— Мне вельмі пашанцавала з такой навучэнкай. Бываюць дзеці таленавітыя ў розных галінах, і гэта якраз той выпадак. Яна спакойная, паслухмяная, а вось што да фларыстыкі, яна слухае парады, але заўсёды робіць па-свойму, менавіта так, як ёй бачыцца. Адгаварыць ад нечага немагчыма.
Віншуючы пераможцаў і ўсіх удзельнікаў конкурсу, Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, зазначыла:
— Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў гэтай зале, бо мы адзначаем не толькі свята Купалле, але і 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы — пісьменніка, драматурга, які стаў нашым гонарам, нашай славай. І гэты конкурс прымеркаваны да двух гэтых свят. І, мабыць, таму ён напоўнены такой магутнай энергетыкай, нават магіяй. І хоць свята Купалле паходзіць з язычніцкіх часоў, яно вельмі акуратна, натуральна ўлілося ў нашу хрысціянскую культуру. І тое, што вы ўсе ўпрыгожаны купальскімі вянкамі, што гараць вашы вочы, гаворыць пра тое, што мы нездарма сабраліся. Дзякуй, што вы так праявілі сябе і свае фларыстычныя таленты.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.