На карысць людзям і экалогіі

- 8:06Навіны рэгіёнаў

Стварыць новы від паліва, паменшыць шкоднае ўздзеянне ўгнаенняў на навакольнае асяроддзе, павысіць ураджайнасць бульбы — усё гэта пад сілу юным навукоўцам. У першыя дні Года навукі свае даследчыя работы абаранялі навучэнцы ўстаноў адукацыі Міншчыны. На базе Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя прайшоў вочны тур абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

28-ы раз праводзіцца конкурс, і заўсёды хлопцы і дзяўчаты актыўна ў ім удзельнічаюць, зноў і зноў здзіўляючы журы сваімі даследаваннямі. Сёлета ў Мінскай вобласці на конкурс былі дасланы 102 работы. З іх 30 былі выбраны для вочнай абароны, а па выніках вочнага тура 14 работ прадстаўлены для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе.

У секцыі “Эксперыментальная біялогія: лабараторны эксперымент” лепшымі былі прызнаны работы “Аналіз ахоўнага дзеяння пептыднага элісітара GmPep914 на парасткі соі” Юліі Таран, навучэнкі МДАЛ, і работа Аляксандры Кахавец, навучэнкі гімназіі Жодзіна, “Сумнік як перспектыўная сыравіна для нацыянальнай фармакалогіі і энергетыкі”. Аляксандра вывучала гэтую даволі распаўсюджаную расліну, прапанавала тэхналагічную схему атрымання біялагічна актыўнай дабаўкі на аснове настойкі сумніку, а таксама разлічыла, што з гэтай расліны можна рабіць паліўныя брыкеты.

У секцыі “Эксперыментальная біялогія: палявы эксперымент” 1-е месца заняла работа Ігара Харытановіча, навучэнца сярэдняй школы № 2 Чэрвеня імя А.К.Флегантава, “Левыя і правыя клубні бульбы і іх ураджай”. Хлопец не толькі даведаўся, як вызначыць левы ці правы бульбяны клубень, але і эксперыментальна пацвердзіў гіпотэзу аб тым, што яны даюць розную ўраджайнасць.

1-е месца ў секцыі “Вада і водныя экасістэмы” заняла работа “Малюскі вадаёмаў Беларусі. Фаўна водных малюскаў верхняга цячэння ракі Уша” Пятра Кадушкевіча, навучэнца гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Пётр дасканала вывучыў малюскаў ракі Уша Маладзечанскага раёна, а таксама стварыў атлас “Водныя малюскі Беларусі”.

Перамогу ў секцыі “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне” святкавала Дар’я Сулім, навучэнка гімназіі № 2 Салігорска з работай “Атрыманне капсуляванага калійнага ўгнаення”. Дар’я прапанавала новую перспектыўную форму ўгнаенняў, якая дазволіць паменшыць забруджванне навакольнага асяроддзя.

Эмілія Ляпеева, навучэнка сярэдняй школы № 6 Жодзіна, была лепшай у секцыі “Экалогія жывёл”. Дзяўчына прысвяціла сваю работу вывучэнню ступені разнастайнасці ракападобных. У секцыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыі” ў якасці лепшай журы вызначыла работу Настассі Размысловіч, навучэнкі МДАЛ. Настасся вывучала ўстойлівасць некаторых відаў бактэрый да антыбіётыкаў і хімічных сродкаў абароны.

Адметна, што кожная з гэтых работ мае практычную значнасць і можа прынесці карысць людзям і нашаму агульнаму дому.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.