На карысць дзяцей

- 10:42Актуально, На парадку дня

— У нашых школах павінны працаваць матываваныя настаўнікі, якія лічаць работу сваім прызваннем. Гэта вельмі важна для нас, — адзначыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, калі вывучаў работу ў шосты школьны дзень на прыкладзе ўстаноў адукацыі Мазырскага раёна.

Цікавыя праекты

У сярэдняй школе № 11 Мазыра настаўнік-метадыст пераможца абласнога конкурсу “Настаўнік года” Вікторыя Сташалеўская дала майстар-клас для вучняў педагагічных класаў. Міністру таксама прэзентавалі дзіцячую гульнявую пляцоўку “ДеТочка-парк” — вынік абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў у 2022 годзе і праекты “Тата-зала” і “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Кіраўнік ведамства заўважыў, што праекты карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў навучэнцаў, але і ў бацькоў:

— Мы ўбачылі самыя разнастайныя формы: гэта педагагічна-псіхалагічнае суправаджэнне нашых дзяцей, спартыўная дзейнасць, узаемадзеянне ў павышэнні ведаў і факультатыўныя заняткі.

Настаўнікі са школьнай парты

У Мазырскім раёне Андрэй Іванец наведаў некалькі ўстаноў адукацыі, азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і ўмовамі арганізацыі адукацыйнага працэсу. Міністр адзначыў, што дасведчаныя педагогі ў Мазыры выдатна працуюць з будучымі настаўнікамі:

— Педагагічнай адукацыі мы сёння ўдзяляем велізарную ўвагу. З кожным годам расце колькасць педагагічных класаў. Сёлета ў нас дабавілася 700 навучэнцаў у гэтых класах. Для іх створана аблегчаная траекторыя паступлення. Выдатна, што гэтыя дзеці (будучыя настаўнікі), якія пачынаюць практыку ў школе з першых курсаў універсітэта, набываюць не толькі тэарэтычныя веды, але і вопыт іх практычнага прымянення. Добра, калі малады чалавек пачаў працаваць настаўнікам і жадае працяг­ваць навучанне ў магістратуры. Важна, каб школьныя настаўнікі-метадысты, якія працуюць на высокім узроўні, абаранялі кандыдацкія дысертацыі. Мы ім у гэтым
дапаможам. 

20 ідэй ад маладых навукоўцаў

У фармаце дыялогавай пляцоўкі з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнцкім актывам у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна былі абмеркаваны актуальныя аспекты вучэбнага працэсу і выхаваўчай работы ва УВА. Міністр адукацыі пацікавіўся, чым займаюцца прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і валанцёры. ­Андрэй Іванавіч расказаў, што сёлета маладыя навукоўцы ўстаноў вышэйшай адукацыі могуць прадстаў­ляць свае праекты на конкурс “100 ідэй для Беларусі”, абыходзячы раённыя, гарадскія і абласныя
этапы:

— У кожнай установе вышэйшай адукацыі мы правядзём універсітэцкі тур гэтага конкурсу, у якім запрашаем ­узяць удзел маладых навукоўцаў і студэнтаў-старшакурснікаў. У канцы лістапада — пачатку снежня Міністэрства адукацыі адбярэ 20 лепшых праектаў, якія ў лютым будуць прадстаўлены на рэспуб­ліканскім узроўні.

Новыя формы навучання 

Андрэй Іванавіч азнаёміўся з лабараторыямі, класамі і вытворчымі майстэрнямі, на базе якіх у Мазырскім педагагічным універсітэце рыхтуюць педагогаў дашкольнай і пачатковай адукацыі, а таксама спецыялістаў тэхнолага-біялагічнага, фізіка-інжынернага, філалагічнага і іншых профіляў.

Педагагічнай адукацыі мы сёння ўдзяляем велізарную ўвагу. З кожным годам расце колькасць педагагічных класаў. Сёлета ў нас дабавілася 700 навучэнцаў у гэтых класах.

— Сёлета мы ўзаконілі дыстанцыйную адукацыю, — адзначыў Андрэй Іванец. — Гэтая форма навучання патрабуе адпаведных вучэбных праграм і планаў. Другі прынцыповы момант — сеткавая форма навучання. Гэта дазволіць забяспечыць не толькі гарызантальнае ўзаемадзеянне на адным узроўні адукацыі: універсітэта з універсітэтам, школы са школай, але і выбудаваць вертыкальнае ўзаемадзеянне. Сёння мы можам рабіць адукацыйныя праграмы ў тым ліку і паміж двума ўзроўнямі: напрыклад, установамі сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У адукацыйнай праграме прадугледжваецца модульны тып навучання, пры рэалізацыі якога студэнты будуць атрымліваць прынцыпова новую форму адукацыі. Па гэтай форме мы сёння ўжо адпрацоўваем новыя міжуніверсітэцкія спецыяльнасці. Таксама можам рыхтаваць спецыялістаў па сумесных адукацыйных праграмах. Напрыклад, цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт адпрацоўваюць сумесныя праграмы падрыхтоўкі спецыя­лістаў — інжынераў па абслугоўванні медыцынскай тэхнікі, якія будуць мець базавыя веды па медыцыне. 

Міністр адукацыі таксама расказаў аб падрыхтоўцы вузкіх тэхнічных спецыя­лістаў для галіны культуры:

— Сёння за кулісамі тэатра знахо­дзіцца вельмі складаны інжынерна-тэхнічны комплекс: гукавое і светлавое абсталяванне і інш. У гэтай галіне патрэбны спецыялісты, якія валода­юць ведамі ў галіне культуры, пры гэтым могуць кіраваць складаным спецыялізаваным абсталяваннем. Цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў сумесна з Беларускім нацыя­нальным тэхнічным універсітэтам адпрацоўваюць такую праграму. Такіх спецыялістаў не трэба шмат, але іх важна мець. 

Пастаяннае ўдасканальванне сістэмы

Адказваючы на пытанні педагогаў, Андрэй Іванец адзначыў, што сёння сістэма адукацыі датычыцца практычна кожнага чалавека ў краіне:

— Безумоўна, мы як кіраўніцтва, рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, які каардынуе сістэму адукацыі і выхавання, рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, павінны разумець, што адбываецца непасрэдна ва ўстановах адукацыі, як арганізаваны выхаваўчы працэс, навучанне, як праходзіць атэстацыя, пазаўрочная дзейнасць. Тыя водзывы, якія мы атрымалі ад розных устаноў, з’яўляюцца вельмі важнымі для разумення далейшых крокаў па ўдасканаленні сістэмы адукацыі краіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.