На крылах таленту

- 11:51Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У аўторак у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача прайшло ўрачыстае адкрыццё заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. 21 канкурсант з усіх рэгіёнаў краіны сабраўся ў сталіцы, каб пазнаёміцца з вопытам работы калег і прэзентаваць кампетэнтнаму журы асаблівасці сваёй дзейнасці, расправіць, так бы мовіць, крылы таленту.

Выраз “крылы таленту” неаднаразова гучаў у гэты дзень і з вуснаў вядучых, і з вуснаў кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, і з вуснаў кампетэнтнага журы. А папяровыя крылы таленту, якія былі створаны выхаванцамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і раздадзены гледачам і фіналістам конкурсу, сталі своеасаблівым сімвалам педагагічных спаборніцтваў.

— Правядзенне такога конкурсу з’яўляецца значнай падзеяй для ўсёй сістэмы адукацыі, таму што беларуская сістэма дадатковай адукацыі — гэта ўнікальная магчымасць арганізацыі занятасці навучэнцаў, іх развіцця. Прыемна назіраць, калі ў пачатку верасня дзеці літаральна цягнуць бацькоў у цэнтры, каб запісацца ў аб’яднанні па інтарэсах. І бацькі з радасцю гэта робяць, бо ведаюць: у нас моцная сістэма дадатковай адукацыі, з багатымі традыцыямі, у ёй працуюць цікавыя і крэатыўныя педагогі. Гэта і пацвярджаюць фіналісты конкурсу. Жадаем ім удачы, журы — аб’ектыўнасці, а ўсім — прыемнай атмасферы, — звярнуўся з прывітальным словам намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.

_dsc5911-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82 Рэспубліканскі конкурс “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” праводзіцца з мэтай выяўлення, абагульнення, распаўсюджвання вопыту работы лепшых педагагічных работнікаў устаноў дадатковай адукацыі і накіраваны на павышэнне якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выяўленне таленавітых, творчых педагогаў дадатковай адукацыі і развіццё іх ініцыятыў. Менавіта такія педагогі дораць дзецям крылы таленту. “Адзін чалавек сказаў, што артыстычны талент — гэта не такая ўжо і рэдкасць, значна больш рэдкім з’яўляецца талент заўважыць гэты артыстызм, развіць яго. Менавіта такімі людзьмі, якія здольны распазнаць талент дзіцяці, і з’яўляюцца фіналісты конкурсу”, — адзначыў пераможца папярэдняга конкурсу кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў “Белая рысь” Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Леанід Валянцінавіч Клімовіч.

Імя лепшага педагога дадатковай адукацыі аб’явяць сёння ў другой палове дня падчас урачыстага закрыцця конкурсу. Пра ход фіналу чытайце ў наступных нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.