На мове Паднябеснай

- 10:54Актуально, Апошнія запісы

У сталічнай гімназіі № 12 адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра кітайскай культуры і пісьменства, якому Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь зрабіла падарунак — сучасны камп’ютарны клас. Чырвоную стужку перарэзалі міністр адукацыі краіны Ігар Васільевіч Карпенка, часовы павераны ў справах Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь спадар Ло Чжаньхой і дырэктар гімназіі Кацярына Пятроўна Пятруша.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнік Дэпартамента грамадскай інфармацыі прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь В.У.Радзівіноўскі, першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.С.Кіндзірэнка, намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна В.П.Брэль, начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска А.Д.Куніцкая і інш.

— Сёння, калі ў нас павялічваецца тавараабарот з Кітайскай Народнай Рэспублікай, калі мы актыўна развіваем інвестыцыйную дзейнасць на тэрыторыі нашай рэспублікі ў межах праграмы “Вялікага шаўковага шляху”, стварэння парка “Вялікі камень”, зразумела, што кітайская мова становіцца актуальнай для вядзення эканамічнай дзейнасці. І той палітычны дыялог, які вядзецца паміж нашымі краінамі на самым высокім узроўні, задае пэўны тэмп гэтаму супрацоўніцтву, — адзначыў у прывітальным слове міністр адукацыі І.В.Карпенка.

Ігар Васільевіч падкрэсліў, што разам з КНР рэалізоўваецца шэраг адукацыйных праектаў. Зусім нядаўна адбыўся візіт міністра адукацыі Кітая ў нашу краіну. Гэта быў першы візіт за ўвесь перыяд суверэннага развіцця Беларусі. Тады ў межах форуму рэктараў універсітэтаў быў падпісаны шэраг пагадненняў у галіне адукацыі, якія закраналі не толькі пытанні вывучэння кітайскай мовы, але і сумесныя навуковыя даследаванні, адукацыйную дзейнасць з выдачай двайных дыпломаў, шырокі спектр стажыровак як кітайскіх, так і беларускіх студэнтаў.

— Задача сістэмы адукацыі — стварыць умовы для таго, каб кітайская мова вывучалася, каб яна была запатрабавана ў розных відах дзейнасці і не толькі ў эканамічнай, але і культурнай, адукацыйнай, творчай. Летась у рэспубліцы было крыху больш за 6 школ, у якіх вучні вывучалі кітайскую мову як вучэбны прадмет, плюс дзясяткі школ, у якіх кітайская мова выкладалася факультатыўна. Мы ставім задачу, каб у рэгіёнах, абласцях былі базавыя школы, дзе б вывучалася кітайская мова як вучэбны прадмет. І мы ў гэтым напрамку будзем рухацца далей. Чаму? Нам неабходна выбудаваць увесь ланцужок вывучэння кітайскай мовы, і не толькі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Зараз мы глядзім, што ў нас складваецца ў плане вывучэння кітайскай мовы на базе прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што мы можам прапанаваць у межах вышэйшай адукацыі. Важна, каб не атрымалася так, што прыходзіць выпускнік з кітайскай мовай вывучэння ва УВА, а ўстанова не можа прапанаваць яму працяг навучання, — сказаў І.В.Карпенка. — Адкрыццё Цэнтра кітайскай культуры і пісьменства — знакавая падзея, новая зыходная кропка для руху наперад у гэтым напрамку. Перакананы, што той вопыт і веды, якія ёсць у педагогаў гімназіі, і напрацоўкі па вывучэнні кітайскай мовы паслужаць важнай справе пашырэння яе за межы гімназіі, за межы сталічных школ для выхаду ў рэгіёны, для падрыхтоўкі кадраў.

Ад імя Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла КНР у Рэспубліцы Беларусь педагогаў і вучняў павіншаваў Ло Чжаньхой. Ён адзначыў, што пасольства заўсёды звяртае асаблівую ўвагу на распаўсюджванне і выкладанне кітайскай мовы ў Беларусі. 25 ліпеня была арганізавана ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання беларускіх школьнікаў стыпендыямі пасла КНР. Тры школьнікі з гімназіі № 12 атрымалі гэтую стыпендыю.

— Мы верым, што ўсё больш беларускіх навучэнцаў змогуць вывучаць кітайскую мову і тым самым умацоўваць сяброўства паміж моладдзю абедзвюх краін. Спадзяёмся, новы камп’ютарны клас дапаможа забяспечыць доступ як да ўнутраных, так і да знешніх інфармацыйных рэсурсаў. Гэта дас ць магчымасць не толькі аблягчыць вывучэнне кітайскай мовы, але і дасягнуць яшчэ большых поспехаў, — заўважыў Ло Чжаньхой.

Дырэктар гімназіі К.П.Пятруша выказала ўпэўненасць, што з’яўленне Цэнтра кітайскай культуры і пісьменства адкрые вучням яшчэ больш магчымасцей удасканальваць навыкі валодання кітайскай мовай і дазволіць стаць базай для вывучэння кітайскай мовы не толькі раёна, але і горада, усёй рэспублікі.

Навучэнцы гімназіі парадавалі гасцей творчымі нумарамі на кітайскай мове. Для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана экскурсія па навучальнай установе.

Класы па вывучэнні кітайскай мовы з’явіліся ў гімназіі № 12 адзінаццаць гадоў назад. Сёння 150 дзяцей з 3 па 11 клас вывучаюць кітайскую мову як першую замежную, каля 200 вучняў засвойваюць яе факультатыўна. З 1 верасня 28 першакласнікаў пачалі вывучаць мову Паднябеснай. Гімназісты — пераможцы алімпіяд і шматлікіх конкурсаў па кітайскай мове, напрыклад, фестывалю “Дыялог культур”, конкурсу “Акенца ў Паднябесную” і інш., яны імкнуцца атрымаць сертыфікат HSK. Навучэнцы ездзяць па абмене ў Кітай і свабодна размаўляюць на замежнай мове. Установа часта прымае гасцей з Пасольства КНР у Беларусі, тут жа працуюць выкладчыкі з Кітая. У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца як айчынныя, так і кітайскія дапаможнікі. Старшакласнікаў радуе і тое, што яны зараз могуць здаць ЦТ па кітайскай мове.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.