Спартыўныя старты для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця сабралі ў “Стайках” самых хуткіх, моцных і спрытных. Іх чакалі тры дні гарачай барацьбы за лідарства, перамог і расчараванняў, сяброўства і супрацьстаяння. Такія выпрабаванні падрыхтавала Рэспубліканская спартакіяда для дзяцей з АПФР. Хорам удзельнікі спартакіяды паўтарылі словы міжнароднай алімпійскай клятвы, абяцаючы гуляць сумленна і паважаць сапернікаў, і прыступілі да спартыўных спаборніцтваў.
Рэспубліканская спартакіяда для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — маштабнае і яркае спартыўнае свята, якое аб’ядноўвае навучэнцаў з АПФР усіх рэгіёнаў рэспублікі. Традыцыйна мерапрыемства праводзіцца разам Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Падтрымку ў правядзенні ажыццяўляе прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь.
— Для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі мы праводзім некалькі важных мерапрыемстваў, адно з якіх — спартакіяда. Гэтыя мерапрыемствы маюць вялікае значэнне, бо яны паказваюць, наколькі бязмежныя магчымасці тых, каго нярэдка называюць людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, — адзначыла Антаніна Міхайлаўна Змушко, начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, вітаючы спартсменаў на адкрыцці спартакіяды. — Жадаем вам паказаць у гэтыя тры дні ўсё, на што вы здольныя. Жадаем перамог не толькі ў спорце, але і ў творчасці, вучобе, жыцці.
Спартакіяда праводзіцца раз у два гады і складаецца з двух этапаў: першы этап — спаборніцтвы ў абласцях і сталіцы, другі — фінальныя спаборніцтвы сярод зборных каманд абласцей і Мінска.
Спартакіяда сабрала ўдзельнікаў фіналу на тры дні на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”. Прайшлі спаборніцтвы па валейболе, міні-футболе, лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе. Сёлета ў фінале Рэспубліканскай спартакіяды бралі ўдзел 7 каманд, якія прадстаўляюць кожную вобласць рэспублікі і Мінск. У склад іх увайшлі 160 навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з 37 устаноў адукацыі.
Пераможцы вызначаліся ў асабістым і камадным заліку. Так, у агульнакамандным заліку перамогу святкавала каманда Мінскай вобласці, на другім месцы — Гродзенская, на трэцім — Брэсцкая вобласць.
Гродзенская вобласць лідзіравала ў камандным заліку па лёгкай атлетыцы і настольным тэнісе, Магілёўская вобласць — па валейболе, Гомельская — па міні-футболе, каманда Мінскай вобласці перамагла ў лёгкаатлетычнай эстафеце. Лепшымі ў забегу на 100 метраў сталі прадстаўніца Мінскай вобласці Настасся Таранава і Дзмітрый Саковіч з Гродзенскай вобласці. На дыстанцыі 300 метраў лепшы вынік паказалі прадстаўніца Гродзеншчыны Аляксандра Амялешка і Віктар Януцік, які прадстаўляў Міншчыну. У кіданні мяча не было роўных навучэнцам з Брэстчыны — перамогу святкавалі Настасся Андрыянава і Максім Лукашэвіч. У скачках у даўжыню лідзіравалі навучэнцы з Гродзеншчыны Аляксандра Амялешка і Дзмітрый Саковіч. У спаборніцтвах па настольным тэнісе перамаглі Ірына Мажынская з Мінскай вобласці і Арцём Коркін з Віцебскага рэгіёна.
Спартакіяда не толькі спрыяе папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця, але і адкрывае для таленавітых дзяцей новыя перспектывы. Госцем мерапрыемства стаў Ігар Аляксандравіч Фартуноў, заслужаны майстар спорту па лёгкай атлетыцы, чэмпіён Параалімпійскіх гульняў у Афінах, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы, старшы трэнер па лёгкай атлетыцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту. Ігар Аляксандравіч паведаміў, што па выніках спаборніцтваў перспектыўным спартсменам будзе прапанавана заняцца спортам на сур’ёзным узроўні з падтрымкай Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту. Менавіта такую прапанову атрымаў на папярэдняй спартакіядзе для дзяцей з АПФР спартсмен з Гродна Віктар Януцік. Сёння Віктар — чэмпіён краіны сярод дарослых у бегу на 400 метраў, кандыдат на ўдзел у чэмпіянаце свету сярод юнакоў, які пройдзе ў Швейцарыі.
Праз два гады спартакіяда зноў будзе чакаць юных спартсменаў. Магчыма, наступнае мерапрыемства будзе значна адрознівацца ад сёлетніх спаборніцтваў. Як паведаміла Антаніна Міхайлаўна Змушко, вядзецца работа над удасканаленнем спартакіяды і фармату яе правядзення. У планах — зрабіць спартакіяду больш адкрытай, прыцягваць да мерапрыемства больш валанцёраў і гледачоў, каб фарміраваць пазітыўнае стаўленне да людзей з асаблівасцямі, паказваючы, што яны здольны на вялікія дасягненні.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.