Вольга ДУБОЎСКАЯ
Сістэма адукацыі і выхавання Гродзеншчыны заўсёды на перадавой. Спецыялісты гэтага рэгіёна не перастаюць здзіўляць.
На мінулым тыдні падчас гадавога інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Русланам Абрамчыкам гаварылі пра многае (поўную версію чытайце ў снежаньскіх нумарах “Настаўніцкай газеты”). Але некаторымі ўражаннямі хочацца падзяліцца ўжо зараз.
Усе мы памятаем, што калі пачалася пандэмія, то першай зрэагавала менавіта сістэма адукацыі Гродзеншчыны. Пакуль многія вырашалі, як наладзіць дыстанцыйнае навучанне, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі прапанаваў і платформу, і патрэбны кантэнт. Ідэю распаўсюдзілі на ўсю краіну, стварыўшы адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс.
Яшчэ на памяць прыходзіць віртуальная Кніга гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, якая мне ў свой час вельмі дапамагала знаходзіць цікавых герояў для газетных артыкулаў. За апошнія тры гады кніга папоўнілася на 63 старонкі: менавіта столькі пачынаючых настаўнікаў было занесена ў кнігу. А з 2017 года на базе абласнога інстытута дзейнічае “Віртуальная школа маладога педагога”.
Што адбываецца ў сістэме адукацыі рэгіёна цяпер? З верасня бягучага года штотыдзень у анлайн-рэжыме на YouTube-канале праводзіцца абласны адукацыйны інтэнсіў “Дырэктарская серада”, каб зняць пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з уступленнем у сілу абноўленай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і не толькі. Кожную сераду дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі могуць атрымаць вычарпальныя адказы на хвалюючыя пытанні.
Па выніках праекта “#Гісторыя#Памяць#Будучыня.by” сфарміраваны электронны банк мультымедыйных прадуктаў па гісторыі Гродзенскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вэб-рэсурсы размешчаны ў свабодным доступе і выкарыстоўваюцца настаўнікамі ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. Створаны інтэрактыўны каляндар перамогі папаўняецца і сёння.
Instagram-праект “@my_ediny_by” стаў тым асяроддзем, якое спрыяе рэалізацыі актыўнай грамадзянскай і жыццёвай пазіцыі, выпрацоўцы навыкаў каманднага ўзаемадзеяння падлеткаў. У ім паўдзельнічалі ўжо 1300 каманд устаноў адукацыі, у якія ўваходзілі старшакласнікі, бацькі, класныя кіраўнікі.
У гэтым годзе ў рэгіёне пачаў работу Telegram-канал “Паспяховае бацькоўства”, які, па словах Руслана Юр’евіча, вырашае дзве задачы: з аднаго боку, у ім размяшчаюцца карысныя для бацькоў матэрыялы, а з другога — дэманструюцца ўзоры камунікацыі ў бацькоўскіх чатах для класных кіраўнікоў. Разумеючы, што вельмі часта і бацькам, і педагогам патрэбна неадкладная прафесійная парада, на канале стварылі чат-бот “Апора”, дзе можна аператыўна атрымаць кансультацыю.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі дзецьмі. Работа з імі вядзецца па многіх напрамках, і зноў-такі як у анлайн-, так і афлайн-рэжыме. Другі год запар гродзенскія школьнікі дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі на міжнародных прадметных алімпіядах. З апошняга — залаты і бронзавы медалі навучэнцаў гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, заваяваныя на Адкрытай беларускай фізічнай алімпіядзе школьнікаў.
Перад тым як ставіць кропку, хочацца ўзгадаць пра прафесійныя адносіны “Настаўніцкай газеты” і педагагічнай грамадскасці Гродзеншчыны. Яны заўсёды былі цёплымі, узаемапаважлівымі і прадукцыйнымі. І апошняя сустрэча з Русланам Юр’евічам Абрамчыкам дазваляе з аптымізмам глядзець на развіццё нашых адносін. Прынамсі, ужо тое, што кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці адклаў свае важныя справы, каб даць вялікае інтэрв’ю, пра многае гаворыць. Супрацоўнічаць з прафесійнай газетай — гэта таксама быць на перадавой.