На подыуме — вобраз нашай краіны

- 10:32World Skills

Гэта новая рубрыка нашай газеты, дзе мы будзем друкаваць матэрыялы, прысвечаныя ўдзелу нацыянальнай зборнай у міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства, які прайшоў у Абу-Дабі. Мы будзем рады пачуць думкі, меркаванні, уражанні аб гэтай падзеі і ўвогуле аб руху WorldSkills у нашай краіне ад удзельнікаў спаборніцтва, іх педагогаў, трэнераў, экспертаў, кіраўнікоў навучальных устаноў, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі.

Сёння ў нас выступае Ігар Леанідавіч Іваноў, член аргкамітэта Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”, кіраўнік подыум-школы Нацынальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, які прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы святочнай формы нашай нацыянальнай каманды, прызначанай для адкрыцця чэмпіянату WorldSkills у Абу-Дабі.

І.Л.Іваноў паведаміў, што Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам дырэктара Надзеі Васільеўны Васільчанка ўжо не першы раз супрацоўнічае з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і з’яўляецца партнёрам на розных этапах беларускай зборнай, якая прымае ўдзел у нацыянальных і міжнародных чэмпіянатах WorldSkills. Трэба сказаць, што эксклюзіўную вопратку мелі ўдзельнікі нашай каманды на двух нацыянальных чэмпіянатах, якія праходзілі ў Мінску, і на адным міжнародным у Сан-Паўлу. А вось для стварэння адзення для ўдзелу нашых канкурсантаў у ганаровым адкрыцці чэмпіянату WorldSkills у Абу-Дабі арганізатары ў Беларусі вырашылі далучыць дызайнераў з “Млына моды”, знакамітага Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота, у якім прымаюць уд зел маладыя таленавітыя мадэльеры з навучальных устаноў Мінска і рэгіёнаў. Не адзін раз прадстаўлялі свае калекцыі, заваёўвалі высокія ўзнагароды, прызнанне вядомых куцюр’е фіналісты “Млына моды — 2017” Ірына Машукова і Алена Разанава. Дзве лепшыя калекцыі гэтых дызайнераў былі спалучаны ў адну, і такім чынам быў знойдзены галоўны вобраз — вобраз нашай краіны ў асобе нацыянальнай каманды.

— Мы ўлічвалі важнасць гэтай падзеі, нацыянальныя асаблівасці нашай краіны і менталітэт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, дзе павінна была выступаць наша каманда, — расказаў Ігар Леанідавіч. — Паколькі гэтая краіна мусульманская, то зразумела, што не кожнае адзенне магло б быць прымальным. Трэба было паклапаціцца пра колер сукенак і фасон, дзе асноўны ўхіл павінен быць зроблены на закрытасць рук і ног.

Урэшце дызайнеры спыніліся на трох колерах, якія сталі галоўнымі ў адзенні і ўвасаблялі колеры нашага нацыянальнага сцяга: белы, чырвоны, зялёны. Фасон сукенак адпавядаў усім патрабаванням усходняй краіны. Па даўжыні яны былі, як кажуць, у падлогу, з доўгімі рукавамі і невялікім выразам каля шыі. Былі падабраны і спецыяльныя аксесуары ў выглядзе абручоў з кветкамі. У калекцыі была выкарыстана нацыянальная семантыка і сімволіка, дзе прэваліруе беларускі арнамент. Самае цікавае, што ўсе сукенкі былі розныя, эксклюзіўныя, кожная з удзельніц мела непаўторны вобраз. Мяркуючы па захапленні гасцей чэмпіянату, якія прысутнічалі на адкрыцці, па іх бурных апладысментах, нашы дызайнеры і на гэтым подыуме заслужылі прызнанне.

Ала КЛЮЙКО.