Чалавек на сваім месцы, калі яго прафесійнаму росту спрыяюць асабістыя якасці і нават рысы характару гарманізуюць з выбранай прафесіяй. І гэта дакладна пра Аляксандра Каўраніна, першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта. Скажаце, пашанцавала? Так, пашанцавала. Са школай, дзе вучыўся, і настаўнікамі, якія змаглі разгледзець патэнцыял свайго вучня. Падрабязнасці – у першым матэрыяле новага праекта “Настаўніцкай газеты” “Пуцёўка ў жыццё”.
Агульную сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Хімоўскай сярэдняй школе Бабруйскага раёна, якую рэгулярна наведвае па сённяшні дзень (нягледзячы на шчыльны графік).
“Клас, у якім вучыўся Саша, быў вельмі сяброўскім. Саша заўсёды вылучаўся сваёй гаспадарлівасцю і чалавечнасцю. Тут жа ўспамінаецца прыклад. Калі ён быў у 2 класе, мы павінны былі з дзецьмі правесці адкрытае мерапрыемства — класную гадзіну. Адпрацавалі тады ўсе выдатна — малайцы. Але напярэдадні, калі рыхтавала вучэбны кабінет, узялася падлогу памыць. Дык маленькі Саша не дазволіў — пачаў мыць сам”, — успамінае з усмешкай першая настаўніца Аляксандра Мікалаевіча Галіна Уладзіміраўна Нікалаенка.
За час нашай размовы Галіна Уладзіміраўна не стамлялася хваліць свайго былога вучня. А як жа! Ён і пасля школы, калі праязджае міма, заўсёды спыняецца, каб пацікавіцца справамі і прапанаваць дапамогу.
“Спакойны, разважлівы і неабыякавы. Вельмі любіць родную зямлю, паважае сваіх землякоў і не баіцца звычайнай сельскай працы”, — рэзюмуе Галіна Уладзіміраўна.
Цяпер прафесійныя задачы Аляксандра Мікалаевіча вельмі шырокія. Развіццё аграпрамысловага комплексу, вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, забеспячэнне насельніцтва харчаваннем, зямельныя адносіны, геадэзія і картаграфія, ахова навакольнага асяроддзя, гідраметэаралогія, работа з кіруючымі кадрамі, фарміраванне рэзерву кадраў і эфектыўнае яго выкарыстанне — толькі частка абавязкаў першага намесніка старшыні райвыканкама.
Каб усё трымаць у полі зроку і на кантролі, даводзіцца вельмі шмат працаваць. Разам з тым ён не забывае родную школу, з якой звязваюць і агульныя прафесійныя інтарэсы. Цяпер у абавязкі Аляксандра Мікалаевіча ўваходзіць куратарства аграрных класаў у школах раёна.
“Кадры трэба рыхтаваць са школьнай парты, — перакананы першы намеснік старшыні райвыканкама. — Сёлета ў сельскагаспадарчую галіну раёна прыйшлі 32 маладыя спецыялісты — вельмі добры для нас паказчык”.
З гэтым цяжка не пагадзіцца. Як і з тым, што ў сельскай гаспадарцы можна зарабляць і развівацца. У гэтым, дэманструючы на ўласным прыкладзе перспектывы кар’ернага росту, пераконвае старшакласнікаў Аляксандр Каўранін.
Пасля заканчэння школы Аляксандр Мікалаевіч паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Затым вярнуўся працаваць на малую радзіму. Цяпер падчас прафесійных размоў са школьнікамі свайго рэгіёна гаворыць пра перавагі сельскай гаспадаркі і яе сучаснае аснашчэнне. Яму ёсць што сказаць і з чым параўнаць. Ён, выхадзец з сельскай мясцовасці, заўсёды дапамагаў бацькам па гаспадарцы, таму ведае нюансы. Ды і першыя грошы зарабіў у гэтай сферы. Таму ў прамовах Аляксандра Мікалаевіча, яго адказах на пытанні школьнікаў — заўсёды шчырыя аповеды, падмацаваныя ўласным вопытам і вопытам сваіх аднакласнікаў, многія з якіх таксама працуюць у сельскагаспадарчай галіне раёна.
На прафесійнае станаўленне Аляксандра Каўраніна ў свой час вялікі ўплыў аказала тады толькі пачынаючая настаўніца рускай мовы і літаратуры, а цяпер намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хімоўскай сярэдняй школы Ганна Сяргеева.
“Ганна Намікаўна прыйшла да нас, калі мы перайшлі ў 6 клас. Нягледзячы на малады ўзрост, яна змагла падабраць ключык да кожнага, стала сябрам і дарадчыкам. Яе падтрымка і вера ў вучняў вельмі натхнялі. Быў час, калі я захапляўся гісторыяй, прымаў удзел у адпаведнай алімпіядзе, нават займаў 2—3-я месцы на раёне. І Ганна Намікаўна, будучы філолагам, актыўна дапамагала і падтрымлівала. Затым, калі настаў час паступлення, хвалявалася і перажывала за наша прафесійнае самавызначэнне. Падтрымала выбар кожнага. Не страцілі з ёй сувязі і пасля школы. Рэгулярна сустракаемся на прафарыентацыйных мерапрыемствах і проста ў школе. Яна вельмі адкрыты, шчыры чалавек, і я ёй вельмі ўдзячны за дапамогу і падтрымку, за веру ў мае магчымасці”, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.
На сустрэчу з журналістамі Ганна Намікаўна прынесла школьныя фотаздымкі з класа А.М.Каўраніна, ад якіх веяла дабрынёй і шчырасцю. Як, зрэшты, і ад самога педагога.
“У Хімоўскую школу я трапіла па размеркаванні і адразу стала класным кіраўніком 6 класа, дзе вучыўся Аляксандр. Доўга прыстасоўвацца не прыйшлося. Клас быў выдатны — з вельмі спагадлівымі дзецьмі. Яны адразу сталі маімі памочнікамі ва ўсіх справах.
Калі гаварыць пра Сашу, то першае, што хочацца адзначыць: заўсёды быў самастойным і з уласным меркаваннем па любым пытанні, а яшчэ — вельмі адказным. Добра вучыўся. Увасабляў сумленне класа. Пэўны час быў старастам. Спакойны і разважлівы, ён умеў вырашаць канфліктныя сітуацыі. Я, толькі пасля ўніверсітэта, іншым разам гублялася, а ён — ніколі, чым вельмі дапамагаў. Акрамя таго, Саша — працавіты хлопец. У школе на агародзе, ды і падчас дапамогі мясцовай гаспадарцы заўсёды быў у першых радах. Ніколі не дазваляў дзяўчатам выконваць цяжкую працу.
І цяпер з ім проста, нягледзячы на займаемую пасаду. Заўсёды адгукаецца на ўсе просьбы і запрашэнні. З ахвотай размаўляе з дзецьмі, умее наладзіць з імі кантакт. Увогуле, ён на сваім месцы, бо любіць сваю зямлю, умее на ёй працаваць і ведае, што трэба зрабіць для развіцця сельскай гаспадаркі ў рэгіёне”, — зазначыла Ганна Намікаўна.
Гісторыя Аляксандра Каўраніна — сведчанне ўплыву школьных настаўнікаў на станаўленне асобы вучня, прыклад павагі да педагагічнай прафесіі і ўдзячнасці за пуцёўку ў жыццё. Для педагогаў Хімоўскай школы Аляксандр Мікалаевіч — гордасць, відавочны доказ існавання цеснай сувязі паміж настаўнікам і вучнем. Такая сувязь вельмі патрэбна не толькі педагогам і выпускнікам, але і дзяржаве, бо забяспечвае грамадскую трываласць.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА