На прынцыпе партнёрскіх адносін

- 12:27Дашкольная адукацыя

Шосты год жыцця маіх выхаванцаў характарызуецца інтэнсіўным развіццём усіх жыццёва важных сістэм, збалансаванасцю ў іх рабоце. У дзяцей развіваецца валявая сфера, фарміруецца супадпарадкаванне матываў: абдуманыя дзеянні пераважаюць над імпульсіўнымі, з’яўляецца пачуццё доўгу да іншых, фарміруецца ўменне кіраваць сваімі паводзінамі для ўтварэння перадумоў вучэбнай дзейнасці. У перыяд фарміравання ў дзіцяці псіхалагічнай гатоўнасці да навучання ў школе бацькі і педагогі павінны быць адзінай згуртаванай сям’ёй, з адзінымі патрабаваннямі і поглядамі. Якія ж формы ўзаемадзеяння з бацькамі з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі ў адукацыйным працэсе?

Пры арганізацыі работы з бацькамі я кіруюся наступнымі прынцыпамі: адкрытасць дашкольнай установы для сям’і (кожнаму з бацькоў забяспечваецца магчымасць ведаць і бачыць, дзе і як развіваецца яго дзіця); падтрыманне ініцыятывы бацькоў, супрацоўніцтва ўнутры групы; забеспячэнне бесперашкоднага доступу бацькоў да развіццёвага асяроддзя групы і ўдзелу ў жыцці дзяцей; прыняцце рашэнняў разам з бацькамі і дзецьмі; далучэнне бацькоў да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах дашкольнай установы.

На сёння ў мяне склалася пэўная сістэма работы з бацькамі. Я актыўна выкарыстоўваю як традыцыйныя, так і нетрадыцыйныя формы ўзаемадзеяння, разнастайныя метады і прыёмы. Назіранне з’яўляецца самым эфектыўным метадам зносін з бацькамі. У час прыёму дзяцей сачу за тым, як паміж сабой маюць зносіны бацькі і дзеці, якім тонам. Важна, з якім настроем дзіця заходзіць у групу, ці ёсць у яго жаданне дзяліцца сваімі навінамі, мець зносіны з аднагрупнікамі. У пачатку навучальнага года абавязкова наведваю сем’і выхаванцаў, каб адсочваць умовы жыцця дзіцяці. У працэсе візіту наладжваецца больш блізкі кантакт з членамі сям’і, фарміруюцца адносіны даверу. Пра візіт папярэджваю загадзя, прадумваю пытанні, даю рэкамендацыі, назіраю за зносінамі членаў сям’і. Назіранні важна дапаўняць іншымі метадамі вывучэння сям’і (анкетаванне, гутарка, апытанне і інш.). Метад гутаркі можна прымяніць як дома ў выхаванца, так і ў групе. Каб не страціць цікавасць да зносін, неабходна прытрымлівацца працягласці (не больш за 20—25 хвілін), прыдумаць цікавую тэму, каб была ўзаемная зацікаўленасць бакоў. У гутарцы галоўнае — эмацыянальныя зносіны (маўленне, жэсты, тэмбр голасу). Тэмы для старшых дашкольнікаў могуць быць самыя разнастайныя: “Чым заняць дзіця вечарам”, “Метады падтрымкі ў сям’і”, “Пакаранне.

А ці патрэбна яно?”, “Як арганізаваць куток будучага першакласніка?”, “Сямейныя гульні”, “Абавязкі дзіцяці ў сям’і”, “Як падабраць спартыўную секцыю”, “Навошта трэба загартоўваць дзяцей” і інш. З мэтай вывучэння сям’і, высвятлення адукацыйных патрэб бацькоў, узгаднення выхаваўчых уздзеянняў на дзіця праводжу анкетаванне. У сваёй рабоце я часцей за ўсё выкарыстоўваю анкеты змешанага тыпу, дзе разам з гатовымі варыянтамі адказаў уключаны пытанні, на якія бацькі павінны самі сфармуляваць адказ. Анкетаванне дапамагае мне лепш арыентавацца ў патрэбах бацькоў кожнай сям’і, улічыць яе індывідуальныя асаблівасці, падабраць формы і метады ўзаемадзеяння. Мне падабаюцца “жывыя” зносіны з бацькамі, радуе, калі ініцыятыва ідзе ад іх саміх. Бацькі заўсёды праяўляюць жаданне дапамагчы ў падрыхтоўцы і правядзенні адукацыйнага працэсу. Дапамога можа быць у форме падрыхтоўкі памяшкання, матэрыялу, удзелу ў рэжымных працэсах, у ролі памочнікаў на занятках. Вопыт маёй дзейнасці паказвае, што ўсіх бацькоў маёй групы ўмоўна можна падзяліць на тры групы:

● Бацькі — памочнікі ў адукацыйным працэсе. Яны заўсёды актыўныя, добрасумленныя, зацікаўленыя і гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу, прапанаваць свае ідэі і іх рашэнні.

● Бацькі, якія дапамагаюць, калі іх папросіш. Яны гатовы выканаць даручэнні, калі сказаць, што трэба. Ініцыятывы не праяўляюць, але і не адмаўляюць у дапамозе.

● Бацькі, якія не разумеюць або не хочуць разумець важнасць адукацыйнага працэсу. Сваю абыякавасць яны адкрыта не паказваюць, але стараюцца пазбягаць удзелу ў сумеснай дзейнасці. Зрабіць бацькоў больш актыўнымі, далучыць да ўдзелу ў адукацыйным працэсе мне дапамагаюць калектыўныя формы работы.

Бацькоўскія сходы — гэта ўнікальная магчымасць падаць бацькам і педагогам на абмеркаванне праблемы, якія іх хвалююць. Тэму сходу падказваюць самі бацькі з апытання. Напрыклад, “Партрэт старшага дашкольніка”, “Уплыў сямейнага выхавання на фарміраванне дзіцяці”, “Да школы гатовы?!”. Тэму бацькам паведамляю загадзя. Бацькі рыхтуюць свае выступленні, пытанні. Разам з дзецьмі робім тэматычную выставу малюнкаў і вырабаў, імянныя запрашальныя білеты. Іншыя спецыялісты дапамагаюць арганізаваць выставу літаратуры па тэме, рыхтуюць выступленні. Прадумваю расстаноўку мэблі для камфортных умоў, нагляднасць, гульнявыя сітуацыі. Падбіраю дыскусійныя пытанні, педагагічныя сітуацыі для аналізу, відэа і музычны матэрыял. У канцы сходу прашу зрабіць ацэнку эфектыўнасці ў выглядзе анкетавання або інтэрактыўнай гульні. У нас склалася добрая традыцыя праводзіць чаяванне, на якім можна ў нефармальных умовах падзяліцца ўражаннямі, атрыманымі на сходзе. Міні-сходы праводжу з невялікай групай бацькоў, якіх аб’ядноўвае адна агульная праблема. Такая форма не патрабуе вялікай падрыхтоўкі. Галоўнае, знайсці агульную тэму для зносін: “Асаблівасці выхавання дзяцей у няпоўных сем’ях”, “Развіццё звязнай гаворкі ў старшых дашкольнікаў”, “Дзеці, якія часта хварэюць”, “Калі дзіця грубіяніць…”, “Эмацыянальныя дзеці” і інш.

Вялікую ўвагу ў партнёрстве я ўдзяляю кансультацыям. Кансультацыі можна праводзіць індывідуальна і з цэлай групай бацькоў. У іх удзельнічаюць спецыялісты ўстановы, адміністрацыя, а таксама самі бацькі. Ніхто лепш за настаўніка, урача, спартсмена, ратавальніка не раскажа аб праблеме. Калі ў бацькоў з’явілася неабходнасць у кансультацыі, яны могуць пакінуць запіскі ў “Скрыні жаданняў”. Усе пажаданні я стараюся задаволіць.

Па рэкамендацыі Міністэрства адукацыі “мэтазгодна выкарыстоўваць рэсурсы анлайн-зносін у спалучэнні з традыцыйнымі формамі ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі з бацькамі”, таму выкарыстоўваю ў рабоце інтэрнэт-тэхналогіі. У дашкольнай установе ёсць свой сайт, дзе бацькі могуць атрымаць кансультацыю спецыялістаў, інфармацыю пра саму дашкольную ўстанову, фотасправаздачу па ўсіх мерапрыемствах і многа іншай карыснай інфармацыі. Увайшла ў практыку і такая форма, як абмен паведамленнямі па электроннай пошце. Электронная пошта зручная тым, што не існуе абмежавання ў часе. Любую інфармацыю можна атрымаць імгненна. Пры доўгіх камандзіроўках бацькоў зносіны наладжваю праз Skype. Атрымаўшы на электронны адрас паведамленне, удакладніўшы зручны час, бацькі заўсёды могуць разлічваць на кваліфікаваную дапамогу. Вельмі зручная сувязь праз Viber. Бацькі самі стварылі групу, і зараз нашы зносіны сталі яшчэ бліжэйшымі.

З мэтай актывізацыі бацькоў у адукацыйным працэсе выкарыстоўваю іх дапамогу ў правядзенні заняткаў. Старэйшы дашкольны ўзрост — перыяд вялікай падрыхтоўкі да школы. Сумесна з бацькамі мы распрацавалі канспекты заняткаў “Нязнайка ў школе”, “Краіна Ведаў”, “Падарожжа ў краіну Шкалярыю”, “З гісторыі кнігі”. На метадычным аб’яднанні выхавальнікаў мы прадстаўлялі гонар нашай дашкольнай установы. Заняткі “З гісторыі кнігі” прайшлі на высокім узроўні. Мы ўсе атрымалі вялікае эмацыянальнае задавальненне. Тэма школы нас усіх вельмі зблізіла. Мы арганізоўваем сустрэчы з настаўнікамі, першакласнікамі, пабывалі ў самой школе. Атмасфера добразычлівасці стала для нас характэрнай, у многіх бацькоў адкрыліся таленты, пра якія яны і не ведалі.

Вялікае значэнне ў развіцці асобы дзяцей, выхаванні ў іх дабра, умення прыйсці на дапамогу маюць акцыі, якія праходзяць у нашай установе на працягу года. Дзеці не павінны быць абыякавымі да чужой бяды. Бацькі служаць прыкладам, а дзеці выступаюць рухаючай сілай працэсу. Ніхто не застаецца ўбаку. На працягу года мы ўдзельнічаем ва ўсіх акцыях, якія праводзяцца ў нашай установе. Так, прайшлі акцыі “Зрабі горад чысцейшым”, “Кармушка для птушак”, “Падзяліся кнігай”, “Востраў дабрыні”, “Прыгожы дзіцячы сад”. У акцыях мы займаем прызавыя месцы і атрымліваем ад адміністрацыі граматы і падзячныя пісьмы. Сумесныя мерапрыемствы дазваляюць бацькам знутры ўбачыць праблемы свайго дзіцяці, цяжкасці ва ўзаемаадносінах, шукаць розныя падыходы, паглядзець, як гэта робяць іншыя, але галоўнае, набыць вопыт узаемадзеяння не толькі са сваім дзіцем, а і з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Любыя формы работы з бацькамі могуць быць эфектыўнымі. Галоўнае, каб яны давалі вынік. Дашкольныя ўстановы павінны стварыць усе ўмовы для развіцця гэтых адносін, забяспечваць педагагічную і псіхалагічную падтрымку бацькам для развіцця асобы дзіцяці.

Алена БІНКЕВІЧ,
выхавальнік ясляў-сада № 72 Гродна.