На работу — у яблыневы сад. Як адпачываюць і дзе працуюць навучэнцы ў Рэчыцкім раёне

- 15:30Лето-2023, Новости, Проекты

У рэчышчы пазітыву — менавіта па такім прынцыпе арганізоўваюцца канікулы дзяцей у Рэчыцкім раёне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Хто з рукзаком, хто з пэндзлікам…

Па словах начальніка аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама Святланы Лукінскай, падчас летніх канікул навучэнцам раёна прадастаўляюцца ўсе магчымасці як адпачыць і аздаравіцца, так і падзарабіць.

Дзейнічае 59 школьных аздараўленчых лагераў. Усе яны профільныя: краязнаўчага, экалагічнага, ваенна-патрыятычнага, грамадзянска-патрыятычнага, фізкультурна-аздараўленчага і іншых кірункаў. Азяршчынская сярэдняя школа № 1 прадаставіла вучням выдатную магчымасць адпа­чыць у палатках. У два лагеры — выяўленчага мастацтва і прафарыентацыйны — школьнікаў запрашае Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. 

На тэрыторыі кожнай з 37 школ раёна функцыянуюць фізкультурна-аздараўленчыя пляцоўкі. З 17.00 да 20.00 настаўнікі арганізоўваюць для дзяцей самыя розныя гульні, эстафеты, спартландыі.

— Гэта не нейкае стыхійнае баўленне часу. Калі ва ўстанове адукацыі складаюць графік адпачынкаў настаўнікаў, загадзя прадугледжваюць, хто летам будзе працаваць з вучнямі на такіх пляцоўках, — адзначае Святлана Лукінская.   

Для дзяцей з невялікіх населеных пунктаў, дзе адсутнічаюць установы адукацыі і культуры, летам ладзяцца выязныя пляцоўкі. Цікавыя актыўнасці на іх арганізоўваюць педагогі сумесна з прадстаўнікамі творчых калектываў.

На работу — у яблыневы сад

Гэтым летам на базе школ працуе 14 лагераў працы і адпачынку, у тым ліку 4 з іх — кругласутачныя.  

Два кругласутачныя лагеры ўжо адпрацавалі, у жніўні адкрываюцца яшчэ два. Занятасць падлеткаў і аплату іх працы забяспеч­ваюць мясцовыя гаспадаркі. У Холмецкай сярэдняй школе бу­дзе арганізавана работа ў яблыневым садзе, у Салтаноўскай — па доб­раўпарадкаванні тэрыторыі гаспадаркі, — расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама Ірына Казлова.

Акрамя таго, 49 праектаў прадугледжаны для моладзі па лініі службы занятасці з фінансаваннем з дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Юныя работнікі добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, рамантуюць мэблю, шыюць пасцельную бялізну і г.д. Пры гэтым школы імкнуцца набываць патрэбныя для работы матэрыялы за свой кошт, што дае магчымасць за выдзеленыя на арганізацыю занятасці грашовыя сродкі працаўладкаваць больш дзяцей.

Гэтым летам у Рэчыцкім раёне рознымі формамі працоўнай занятасці будуць ахоплены больш за 5 тысяч школьнікаў і гімназістаў.

Ёсць у моладзі і магчы­масць папрацаваць у складзе студатрадаў, а таксама індывідуальна. Рабочыя месцы прадастаўляюць Васілевіцкі лясгас, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы “Крынкі-агра”, “Дзяржынскі-агра”, “Дземяхоўскае”, “Агракамбінат “Холмеч” і інш.

Актыўна выкарыстоўваецца энтузіязм маладых і ў валанцёрскай рабоце. У кожнай школе створаны працоўныя атрады і звёны, у складзе якіх дзеці дапамагаюць падрыхтаваць родную школу да новага навучальнага года, упрыгожыць яе тэрыторыю, адраманта­ваць бібліятэчныя кнігі, вырасціць агародніну для школьнай сталовай і г.д. Далучэнне да працы — адзін з найважнейшых аспектаў выхавання, справядліва адзначылі мае суразмоўніцы.

Асаблівая ўвага — дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і цяжкім падлеткам. Дзякуючы раённаму міжведамаснаму прафілактычнаму праекту “Альтэрнатыва”, кожнаму дзіцяці далі магчымасць правесці лета з карысцю.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА