На роднай мове

- 10:42Навіны рэгіёнаў

Самай важнай для любога чалавека з’яўляецца тая мова, на якой ён упершыню вучыцца размаўляць і пазнаваць навакольны свет. Гэта мова дзяцінства, мова, на якой размаўляюць у сям’і, мова першых узаемаадносін у грамадстве. З самага нараджэння неабходна закласці ў душу дзіцяці гэтую спадчыну — родную мову.

21 лютага грамадства адзначала Міжнародны дзень роднай мовы. Родная мова… Што можа параўняцца з яе напеўнасцю і прыгажосцю? Напярэдадні свята ў яслях-садзе № 18 Гомеля прайшлі тэматычныя мерапрыемствы: заняткі, гутаркі, тэатралізаваная дзейнасць па матывах беларускіх казак. Завяршыла цыкл мерапрыемстваў свята “Родная мова — крыніца празрыстая”. Дзецям, бацькам і гасцям была прадастаўлена магчымасць пагутарыць на беларускай мове, яшчэ раз успомніць традыцыі, фальклор беларускага народа. Займальны аповед і прэзентацыя зборнікаў твораў для дзяцей і дарослых госця мерапрыемства Наталлі Нікіцінай, паэта, члена літаратурнага аб’яднання “Пралеска”, дазволілі яшчэ раз дакрануцца да жывога слова паэзіі.Тыдзень беларускай мовы, праведзены ў дашкольнай установе, паказаў, наколькі гэтае свята важнае і патрэбнае. Без мовы не існаваў бы свет. На мове мы думаем, размаўляем, робім. У Міжнародны дзень роднай мовы ўсе мовы прызнаюцца роўнымі, таму што кожная з іх унікальным чынам адпавядае прызначэнню чалавека. Кожны мае магчымасць убачыць гэты нацыянальны скарб, які трэба шанаваць, любіць, берагчы і перадаваць наступным пакаленням.

Алена МАЛЬЧУКОВА,
загадчык ясляў-сада № 18 Гомеля.