На шляху ад інавацый да традыцый

- 10:33Дадатковая адукацыя, Рознае

Напрыканцы мінулага тыдня Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі святкаваў 80-годдзе. Але, як прынята ў педагогаў, падчас святочных сустрэч абавязкова знаходзіцца час, каб абмеркаваць важныя прафесійныя пытанні. Так, на працягу двух дзён у цэнтры праходзіла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыі сёння — традыцыі заўтра”. Яе ўдзельнікамі сталі больш за 120 чалавек — педагогі і кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэспубліканскага, абласнога, раённага ўзроўню, прадстаўнікі навукова-педагагічнай грамадскасці Беларусі, краін далёкага і блізкага замежжа (Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Італьянскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Малдова, Рэспублікі Азербайджан, Латвійскай Рэспублікі). Галоўная задача, якую ставілі перад сабой арганізатары канферэнцыі, — выпрацоўка прыярытэтаў развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежных устаноў і арганізацый.

Штрыхі да карціны

Праграма канферэнцыі ўключала пленарнае пасяджэнне і работу ў секцыях “Кіраванне дадатковай адукацыяй як фактар яе якаснага развіцця”, “Выхаваўчы патэнцыял дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і “Эфектыўныя адукацыйныя практыкі ў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. На канферэнцыі прагучала больш за 40 навуковых дакладаў і выступленняў па тэме інавацыйнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В.Якжык прадставіў прысутным агульную карціну ў сістэме дадатковай адукацыі Беларусі. Расказаў пра наладжаную сістэму дадатковай адукацыі дарослых праз курсавую падрыхтоўку і перападрыхтоўку, пра рэалізацыю праграм аб’яднанняў па інтарэсах з павышаным узроўнем асваення прадметнай галіны, пра развіццё навукова-даследчай дзейнасці. Акцэнтаваў увагу прысутных на інавацыях у кірунку тэхнічнага профілю і адзначыў, што развіваецца сетка аб’яднанняў па інтарэсах у галіне робататэхнікі, з’явіліся такія новыя напрамкі, як протатыпаванне, нейрапілатаванне, інжынерны дызайн і інш. Расказаў і пра асаблівасці развіцця дзіцяча-юнацкага турызму і, у прыватнасці, пра міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай сферы, пра арганізацыю прафарыентацыйнай работы, якую новым сэнсам напоўніла ініцыіраванае міністэрствам развіццё міжнароднага руху JuniorSkills Belarus.

Адзначыў Віктар Віктаравіч і значны ўклад у агульную сістэму інавацый і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі як эксперыментальнай, інавацыйнай пляцоўкі апрабацыі новых форм, напрамкаў і тэхналогій дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Беларусі.

Адзначыў, у прыватнасці, значнасць інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара як фактару развіцця ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Галоўная функцыя кластара — аб’яднаць рэсурсы ўстаноў дадатковай адукацыі, навукі, сацыяльных партнёраў і стварыць адзіную інфармацыйна-адукацыйную прастору, атрымаць хуткі доступ да перадавых педагагічных тэхналогій, цікавага вопыту, стварыць умовы для развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

Дырэктар НЦМТДіМ Н.В.Васільчанка ў якасці інавацый падрабязна расказала пра дыстанцыйныя формы навучання для педагогаў, пра работу міжрэгіянальных творчых майстэрняў па выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці і інш.

Гаворачы пра вопыт уключэння навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны ў праектную, даследчую, мастацка-эксперыментальную дзейнасць, Надзея Васільеўна адзначыла такія творчыя праекты цэнтра, як Нацыянальны форум дзяцей Беларусі, агляды-конкурсы “Сябруюць дзеці на планеце”, “Прывітанне, свет!”, выставачныя праекты “Калядная зорка”, “Размова з Малевічам”, “АрхНавацыі”, праекты з навучэнскай і студэнцкай моладдзю “Млын моды”, “АРТ-вакацыі”, F-art.by, рэспубліканскую акцыю навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і конкурс творчых работ “Мае землякі — мой гонар”, міжнародную ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”, каардынатарам якой з’яўляецца цэнтр, і інш.

Расказваючы пра змены ў расійскай дадатковай адукацыі, Э.У.Небахарава, намеснік дырэктара Цэнтра дзяцей і юнацтва Яраслаўля, адзначыла, што рэальныя пазітыўныя змены адбыліся толькі за апошнія 5 гадоў, таму галоўныя інавацыі ў расійскай сістэме дадатковай адукацыі яшчэ наперадзе: “Упершыню за апошнія 25 гадоў сістэма дадатковай адукацыі атрымала падтрымку. І штуршком для гэтага стала выступленне нашага прэзідэнта У.У.Пуціна аб значнасці ролі сістэмы дадатковай адукацыі. Нам былі пастаўлены канкрэтныя задачы: да 2020 года 75% дзіцячага насельніцтва ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў павінны быць заняты дадатковай адукацыяй. І таму актывізавалася дзейнасць на розных узроўнях, у тым ліку і на нарматыўна-заканадаўчым.

Па-першае, з’явілася праграма развіцця выхавання ў Расійскай Федэрацыі да 2020 года. Да гэтага ў сістэме адукацыі фактычна размова пра выхаванне не гучала ўвогуле, а акцэнты расстаўляліся так, што выхаваннем павінна займацца сям’я. І толькі цяпер функцыі выхавання ўскладаюцца на сістэму дадатковай адукацыі.

Па-другое, у нас прынята Канцэпцыя развіцця дадатковай адукацыі ў Расійскай Федэрацыі. Мы ўпершыню ўбачылі дакумент, у якім ёсць дзіця, ёсць сэнс і змест, прычым у ім ёсць праграма рэалізацыі гэтай канцэпцыі з канкрэтнымі мерапрыемствамі.

Паступова мяняецца сітуацыя ва ўсіх рэгіёнах, але ў некаторых з іх — вельмі хутка, напрыклад, у Ліпецкай, Пензенскай абласцях, у Татарстане. Так, у Пензе пры кожнай адукацыйнай установе ёсць ці ўстанова дадатковай адукацыі, ці гурткі. Кожнае дзіця ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў у Пензенскай вобласці атрымлівае ваўчар на атрыманне бясплатнай дадатковай адукацыі, і дзіця выбірае сабе пэўную ўстанову і разам з ваўчарам ва ўстанову паступаюць фінансавыя сродкі. Дарэчы, за два апошнія гады ўдвая павялічана фінансаванне сістэмы дадатковай адукацыі”.

Яе вялікасць Творчасць

Удзельнікі канферэнцыі прадставілі інавацыйны вопыт па арганізацыі выхаваўчай работы па прафарыентацыі навучэнцаў, па падрыхтоўцы навучэнцаў да самастойнага жыцця, прадставілі сучасныя падыходы да выхавання дзяцей сродкамі традыцыйнай культуры. Напрыклад, у Азербайджане актыўна развіваецца супрацоўніцтва ўстаноў дадатковай адукацыі з народнымі майстрамі, танцорамі, акцёрамі, якія там праводзяць заняткі.

Педагогі Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) падзяліліся вопытам выкарыстання сучасных PR-тэхналогій і расказалі пра свае праекты “Піянерскі PR” і “Культурнае лета — 2016”. У ходзе дзелавой гульні дзецям прапаноўвалася “адкрыць” рэкламныя агенцтвы, асноўная задача якіх — прапаганда культуры здароўя, фарміраванне экалагічнай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці асобы. У працэсе рэалізацыі праекта дзеці не толькі сталі ўдзельнікамі і арганізатарамі мерапрыемстваў, конкурсаў, акцый, але і пазнаёміліся са светам “рэкламных” прафесій, атрымалі магчымасць прымераць на сябе розныя сацыяльныя ролі. Асаблівае месца было адведзена мерапрыемствам “Мы робім рэкламу культурна!”, прысвечаным Году культуры ў Беларусі.

Важны напрамак дзейнасці многіх устаноў дадатковай адукацыі — падтрымка адораных навучэнцаў праз рэалізацыю розных напрамкаў дзейнасці: музыка, мастацкая дзейнасць, тэатр і інш. Так, ЦДАДіМ “Ветразь” (Мінск) з’яўляецца ініцыятарам правядзення адкрытага нацыянальнага дзіцяча-юнацкага конкурсу выканаўцаў рок-музыкі RockJunior. Конкурс уяўляе сабой тэлевізійны праект, у аснове якога ляжыць спаборніцтва паміж юнымі выканаўцамі. Конкурсны адбор, праслухоўванне кампазіцый праводзіцца прафесійным журы, у склад якога ўваходзяць вядомыя рок-музыканты, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, творчыя людзі. Пераможцы адборачных тураў становяцца ўдзельнікамі фінальнага гала-канцэрта, які праводзіцца на лепшых эстрадных пляцоўках сталіцы з наступнай трансляцыяй тэлевізійнай версіі.

Педагог Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ю.А.Зінкевіч стала аўтарам творчага праекта “Стань зоркай” для навучэнцаў вакальнай студыі. Яго адметнасць у тым, што “зорак” з ліку навічкоў рыхтуюць старэйшыя выхаванцы, якія дасягнулі высокіх вынікаў на вакальных конкурсах розных узроўняў, па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Выступаючы ў ролі прадзюсара, старэйшыя дзеці рыхтуюць конкурснае выступленне свайго малодшага таварыша. Тут дзецям прадастаўляецца поўная самастойнасць як у падборы рэпертуару для юнага выканаўцы, так і ў касцюміраванні, пастаноўцы нумара, рабоце з падтанцоўкай. Дапамога педагога — толькі ў парадку кансультавання.

Цікавыя напрацоўкі былі прадстаўлены па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўсвядомленага выбару прафесіі. Так, навучэнцы Старадарожскага цэнтра дзіцячай творчасці “Святліца” імя І.М.Стасевіча дадатковую адукацыю атрымліваюць па мастацкім, тэхнічным, спартыўна-тэхнічным, фізкультурна-спартыўным профілях. Для гэтага педагогі выкарыстоўваюць заняткі, гульні, практыкаванні прафарыентацыйнай накіраванасці, праводзяць гутаркі аб выбары прафесіі, арганізоўваюць сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі розных прафесій і проста з цікавымі людзьмі, экскурсіі на прадпрыемствы, у тым ліку і віртуальныя, афармляюць выставы, фотавітрыны, альбомы аб прафесіях, у тым ліку і з выкарыстаннем магчымасцей камп’ютарных праграм.

Разнастайны вопыт быў прадстаўлены ў рабоце з навучэнцамі, якія маюць псіхафізічныя парушэнні. Так, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” (Гродна) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця былі распрацаваны і рэалізаваны праекты: “Я — дызайнер”, “Цуд Велікодны”, “Тэатр для грамадства”, “Калядны сувенір” і інш.

Л.У.Фаміна, дырэктар Цэнтра дзяцей і юнацтва Яраслаўля (Расія), расказала, што больш за 100 выхаванцаў яе цэнтра маюць псіхафізічныя парушэнні, але гэта не перашкаджае ім актыўна ўключацца ў работу. Многія з іх прафесійна займаюцца танцамі на калясках, танцуюць яны са здаровымі равеснікамі і цяпер ініцыіравалі новы кірунак — танцы пры падтрымцы, ужо без калясак.

Але разам з новымі кірункамі не менш актуальныя інавацыйныя падыходы да традыцыйных кірункаў дадатковай адукацыі. Так, Э.У.Небахарава, намеснік дырэктара Цэнтра дзяцей і юнацтва Яраслаўля (Расія), расказала пра “Інавацыйны міжрэгіянальны праект “Ліга Індыга”: ад віртуальнасці да рэальнасці”, які пачынаўся ў Яраслаўскай вобласці, а цяпер у яго ўключыліся звыш дзесяці рэгіёнаў Расіі і прапрацоўваецца пытанне ўдзелу міжнародных каманд.

Віртуальная суполка “Ліга Індыга” — гэта аб’яднанне каманд для ўдзелу ў міжрэгіянальных інтэлектуальна-творчых гульнях у рэжыме анлайн. Змест гульняў падбіраецца так, каб у гульцоў узнікала пачуццё гонару за слаўныя падзеі, подзвігі, велічнасць прыроды і архітэктурных аб’ектаў свайго краю і краіны ў цэлым. Першыя сустрэчы ладзяцца у сеткавым рэжыме, але потым праходзяць рэальныя сустрэчы ўдзельнікаў у розных гарадах.

Заданні разлічаны на веданне гісторыі і культуры тых рэгіёнаў, каманды якіх удзельнічаюць у гульні. Абавязковы элемент гульні — дамашняе заданне, якое прадугледжвае міні-экскурсію па гістарычнай частцы свайго горада. Пераможцы атрымліваюць кнігі і памятныя сувеніры, а пазней абменьваюцца сяброўскімі візітамі, падчас якіх арганізоўваюць ужо вочныя гульні і экскурсійныя праграмы.

Зразумей блізкага

Адной з тэм канферэнцыі стала полікультурнае выхаванне ва ўстановах дадатковай адукацыі. Так, Ізольда Шэфель, намеснік дырэктара дзіцяча-юнацкага цэнтра “Фуксбау” (Германія), расказала: “У сувязі з працэсамі глабалізацыі і інтэграцыі, якія адбываюцца ва ўсім свеце, міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі набывае ўсё больш актуальнае гучанне. У прыватнасці, у Германіі ва ўстановах адукацыі адбываецца вывучэнне гісторыі, культуры, традыцый, умоў жыцця розных краін, наладжваюцца ўзаемныя сяброўскія кантакты, адбываецца абмен дыдактычнымі, выхаваўчымі і культурнымі дасягненнямі. Дзейнасць навучэнцаў у сферы супрацоўніцтва абумоўлена і цікавасцю да іншай мадэлі грамадства, паводзін, школы, і жаданнем расказаць аб тым станоўчым, што адрознівае нашу краіну, установу адукацыі”.

На фоне этнанацыянальных супярэчнасцей, якія існуюць у іншых краінах, Беларусь у цэлым выглядае адносна добра, хоць у краіне пражываюць прадстаўнікі каля 140 нацый і народнасцей. На тэрыторыі Гродзенскай вобласці беларусы складаюць усяго толькі 66,7%.

Гэта стала перадумовай для ўкаранення ў Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі мадэлі полікультурнага выхавання навучэнцаў. Установу наведвае 1360 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Склад іх шматнацыянальны (беларусы, рускія, палякі, украінцы, цыганы), што стварала некаторыя цяжкасці ў камунікацыі з-за неразумення правіл і норм іншых культур. У рамках праекта былі арганізаваны інтэграваныя заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах мастацкага профілю па кірунку дэкаратыўна-прыкладной, харэаграфічнай творчасці, турыстычна-краязнаўчага профілю па кірунку “Юныя фалькларысты”, грамадска-гуманітарнага профілю па кірунку “Замежныя мовы”.

А.М.Яроміна, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Курскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя), расказала пра вопыт работы псіхалагічнай службы ва ўстановах дадатковай адукацыі. Хоць гэты вопыт для Расіі новы, але апрабацыя такой мадэлі праходзіць паспяхова. Актыўна вядзецца суправаджэнне малодшых школьнікаў. Для старшакласнікаў праводзяцца трэнінгі, працуюць псіхалагічныя клубы. Не менш актуальная псіхалагічная служба для бацькоў пры вырашэнні праблем узаемаадносін у сям’і, праблем асобаснага развіцця дзяцей (павышаная трывожнасць, школьныя фобіі, завышаная ці заніжаная самаацэнка і інш.)

Абмеркаванне працягнецца

Напрыканцы канферэнцыі былі пазначаны ключавыя пазіцыі і інавацыйны вопыт шматпрофільнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, акрэслена кола праблем, вакол вырашэння якіх можа сканцэнтравацца міжнароднае супрацоўніцтва на перспектыву: удасканаленне інавацыйнага вопыту дадатковай адукацыі ў сацыялізацыі сучасных дзяцей і моладзі, у забеспячэнні іх занятасці ў вольны час; рэалізацыя ідэалогіі педагагічнай падтрымкі адораных навучэнцаў і дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўмовах установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; праектаванне сучаснага адукацыйна-творчага асяроддзя на аснове інавацыйных тэхналогій і методык навучання і выхавання; удасканаленне сістэмы сацыяльнага партнёрства дзеля дзіцяці.

Плануецца працягнуць абмеркаванне праблематыкі канферэнцыі на форумах, прысвечаных дадатковай адукацыі, арганізаваных на сайтах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у рамках кластарнай мадэлі эфектыўнага ўзаемадзеяння.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.