На шляху адкрыццяў

- 11:49Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці прадставілі лепшыя даследчыя работы на VIII навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”.

З кожным годам геаграфія “Эўрыкі” пашыраецца. Як паведаміла прарэктар ВДУ імя П.М.Машэрава па навуковай рабоце, доктар біялагічных навук, прафесар Іна Прышчэпа, сёлета на ўдзел у канферэнцыі было прынята каля 400 заявак з усіх куткоў Паўночнага рэгіёна.

— На мінулым тыдні мы праводзілі выпуск аспірантаў, — падчас пленарнага пасяджэння адзначыла Іна Міхайлаўна. — Што па-добраму ўразіла — сярод выпускнікоў аспірантуры было нямала ўдзельнікаў самай першай “Эўрыкі”. Таму ўсім прысутным у зале маладым даследчыкам я прапаную ўзяць за прыклад жыццёвую траекторыю “Эўрыка” — установа вышэйшай адукацыі — аспірантура — дактарантура”. І спадзяюся праз восем гадоў таксама пабачыць вас у ліку выпускнікоў аспірантуры нашага ўніверсітэта.

Абарона даследчых работ праходзіла на секцыях па матэматыцы, інфарматыцы, інфармацыйных тэхналогіях, біялогіі, хіміі, экалогіі, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, англійскай, нямецкай, кітайскай, французскай, іспанскай мовах, фізіцы і астраноміі, лінгвістыцы, літаратуразнаўстве (асобна па рускай і беларускай мовах).

— Прыярытэтная задача канферэнцыі — абмен вопытам і прадстаўленне юным аматарам навукі магчымасці для даклада і абмеркавання вынікаў уласных даследаванняў, а іх навуковым кіраўнікам — педагагічнага вопыту і ўдасканалення стратэгіі работы з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі, якія выказваюць схільнасць да даследчай дзейнасці, — падкрэсліла першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч. — У мінулым навучальным годзе ў параўнанні з папярэднім мы прыкметна прыраслі па выніках рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў і атрымалі 14 перамог. Упэўнена, што мы з вамі гэтыя вынікі ўтрымаем і прымножым. Калі перавяр-нуць лічбу ўзросту канферэнцыі, атрымаецца знак бясконцасці, які ў нашым выпадку выступае сімвалам бясконцасці пазнання: чалавецтва развіваецца, пакуль робіць адкрыцці. Асабіста я атрымліваю інтэлектуальную асалоду ад знаёмства з работамі і ад выступленняў удзельнікаў, якія абараняюць свае даклады так упэўнена, прыгожа і годна. Па-добраму зайздрошчу іх маладосці і перспектывам.

Сёлета да арганізатараў канферэнцыі — упраўлення адукацыі аблвыканкама, абласнога інстытута развіцця адукацыі, ВДУ імя П.М.Машэрава — актыўна далучыўся Віцебскі філіял установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО”. Варта заўважыць, што менавіта дырэктар філіяла, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Дзядзінкін стаяў ля вытокаў “Эўрыкі”.

— Перш за ўсё было створана навуковае таварыства навучэнцаў Віцебскай вобласці: той калектыў педагогаў і навучэнцаў зрабіў зачын гэтага навуковага форуму, — расказаў Аляксандр Леанідавіч. — Мы аб’ядналіся, разам распрацавалі правілы ўдзелу ў канферэнцыі і паставілі галоўную задачу — адабраць лепшых, каб яны прадстаўлялі нашу вобласць на рэспубліканскім узроўні. Я зараз адчуваю такое ж хваляванне, эмацыянальны ўздым, як і падчас нашай стартавай “Эўрыкі”. Таму што склад удзельнікаў мяняецца, але тыя творчы запал, прага адкрыццяў, з якімі яны сюды прыходзяць, застаюцца нязменнымі. Праект атрымаўся. Разам з тым “Эўрыка” — гэта толькі першы крок. Мы імкнёмся падтрымаць таленавітую моладзь, дапамагчы рухацца наперад, развівацца, каб у будучыні рэалізоўваць сябе ў навуковай дзейнасці.

Напрыканцы канферэнцыі адбыўся навукова-метадычны семінар “Арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў”. А ў пераможцаў “Эўрыкі” 2017 года наперадзе ўдзел у рэспубліканскім конкурсе.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.