Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі краіны і мабільным аператарам МТС падпісалі кіраўнікі арганізацый — Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў і Уладзімір Сігізмундавіч Карповіч. Ва ўрачыстым мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел міністр сувязі і інфарматызацыі нашай краіны Сяргей Пятровіч Папкоў і дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Анатольевіч Ліс.
Міністр адукацыі М.А.Жураўкоў назваў падпісанне пагаднення значнай падзеяй. “Сістэма адукацыі знаходзіцца ў трэндзе падзей, і міністэрства праводзіць вялікую работу па развіцці такога буйнога праекта, як “Электронная школа”. Гэта не толькі электронны дзённік, электронны дакументаабарот, гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, звязаны з укараненнем інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс”, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч.
Па словах кіраўніка ведамства, галоўная мэта пагаднення з кампаніяй МТС — рэалізацыя буйных сацыяльна-значных адукацыйных праектаў у галіне стварэння электроннай школы.
“Тэхнічнае аснашчэнне школ у цяперашні час апераджае гатоўнасць настаўніка скарыстацца ім у поўным аб’ёме. У частцы тэхнічнага аснашчэння нашых устаноў адукацыі, укараненні інфармацыйных распрацовак мы рухаемся дастаткова хутка, а вось з адпаведнай падрыхтоўкай педагогаў пакуль адстаём. Таму нам сёння неабходна больш працаваць над павышэннем матывацыі і кваліфікацыі прафесіяналізму настаўніка, — адзначыў М.А.Жураўкоў. — Што тычыцца забеспячэння ўстаноў адукацыі інфармацыйнымі тэхналогіямі — інтэрактыўнымі дошкамі, камп’ютарамі і г.д. — усё гэта хутка таннее. Хутка кожнае дзіця будзе прыходзіць у школу са сваім планшэтам і смартфонам. Школа яму павінна дапамагаць, забяспечваючы якасны і карысны доступ у інтэрнэт. Галоўнае, каб у электроннай базе даных былі сфарміраваны рэсурсы, якія неабходны навучэнцу і настаўніку”.
Генеральны дырэктар кампаніі МТС У.С.Карповіч нагадаў, што кампанія рэалізоўвае комплексную праграму карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. І адзін з напрамкаў работы — адукацыйны. “Пачынаючы з 2012 года мы рэалізоўвалі шэраг ініцыятыў, у прыватнасці праект, які быў распрацаваны для малодшых школьнікаў, па бяспечным карыстанні інтэрнэтам. Мы бачым, як тэхналогіі развіваюцца і якія яны карысныя для паляпшэння вучэбнага працэсу. Са сваімі ініцыятывамі мы звярнуліся ў Міністэрства адукацыі, дзе нас падтрымалі, што вельмі важна”, — падкрэсліў Уладзімір Сігізмундавіч.
Міністр адукацыі паведаміў, што пагадненне з МТС будзе дзейнічаць, пакуль будуць рэалізоўвацца сумесныя праекты. На сёння гаворка ідзе аб чатырох праектах. У прыватнасці, з боку МТС паступіла прапанова аб распаўсюджванні праекта для школьнікаў малодшых класаў “Дзеці ў інтэрнэце” на ўсе беларускія школы. Сутнасць гэтага праекта ў тым, што вучні праходзяць спецыяльнае навучанне бяспечнаму і карыснаму карыстанню інтэрнэтам. Аператар пачаў праводзіць вучэбныя інтэрактыўныя ўрокі, падчас якіх апісваюцца асноўныя правілы бяспекі ў інтэрнэце. Праект быў запушчаны ў 2012 годзе і атрымаў пазітыўны водгук выкладчыкаў, бацькоў і вучняў. Ужо больш за 3000 дзяцей прайшлі навучанне. Аднак ініцыятыва ахоплівала толькі буйныя гарады краіны. Дзякуючы ўдзелу ў праекце Міністэрства адукацыі, урокі “Дзеці ў інтэрнэце” пройдуць ва ўсіх беларускіх школах, а ў якасці выкладчыкаў выступяць вучні 10—11 класаў, бо менавіта іх меркаванне, па даных псіхолагаў, з’яўляецца аўтарытэтным для вучняў малодшых класаў.
Гаворачы аб перспектывах праекта, плануецца правядзенне майстар-класаў ад галоўнага выкладчыка праекта Георгія Калдуна для 300 навучэнцаў старшых класаў, якія потым будуць выкладаць урокі “Дзеці ў інтэрнэце” ў сваіх школах. Гэта дазволіць навучыць да канца 2016 года не менш за 5000 дзяцей.
Другі сумесны праект — правядзенне рэспубліканскага конкурсу, ініцыіраванага Міністэрствам адукацыі. Мэта спаборніцтваў — выявіць ініцыятывы, якія будуць садзейнічаць інавацыйнаму развіццю адукацыйнага працэсу. Прагназуецца правядзенне праекта ў фармаце хакатону, дзе аўтары ідэй пад чуйным кіраўніцтвам ментараў будуць дапрацоўваць свае ініцыятывы, прэзентаваць іх і абараняць.
Яшчэ адна сумесная ініцыятыва Міністэрства адукацыі і МТС адрасавана настаўнікам — яна прызвана дапамагчы ім разабрацца ў дэталях і тонкасцях работы з сацыяльнымі сеткамі. Часта складваюцца сітуацыі, пры якіх паводзіны педагогаў у інтэрнэце адрозніваюцца ад паводзін на ўроку. Ад гэтага залежыць рэпутацыя настаўніка і давер да яго з боку вучняў. Каб выключыць такія сітуацыі, распрацоўваецца дапаможнік для педагогаў аб тым, як варта і як не варта паводзіць сябе ў “Аднакласніках”, “УКантакце”, Facebook і Instagram. Акрамя таго, плануецца правядзенне тэматычных семінараў.
Сярод праектаў, якія здольны істотна ўдасканаліць адукацыйны працэс, — “Інавацыйная школа МТС” з прымяненнем спецыяльнага дадатку “Дзённік” для смартфонаў і планшэтаў. Гэта паўнацэнная замена існуючым папяровым дзённікам і школьным журналам, інтэрактыўная платформа для настаўнікаў, бацькоў і вучняў. Таксама “Інавацыйная школа” будзе створана пры выкарыстанні іншых цікавых рашэнняў — электроннага журнала і электронных падручнікаў, якія ахопліваюць усю школьную праграму і змяшчаюцца ў адзін планшэт. У планах міністэрства і МТС — стварыць на базе пэўнай школы эталонны адукацыйны працэс, дзе прымяняюцца і выкарыстоўваюцца інавацыйныя рашэнні.
Каменціруючы падпісанне пагаднення, дырэктар ГІАЦ Міністэрства адукацыі П.А.Ліс падкрэсліў, што пагадненне вельмі чаканае і канкрэтнае. Гэта добры прыклад паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства як у дачыненні да праектаў сацыяльнай актыўнасці, так і ў рабоце па такім важным напрамку, як камп’ютарная дасведчанасць. “Без навучання настаўнікаў карыстальніцкім навыкам немагчыма завяршыць працэс інфарматызацыі ўсёй сістэмы адукацыі. Лічбавыя сеткі адукацыйных устаноў усіх узроўняў бесперапынна растуць. І мы рухаемся да таго, што ў найбліжэйшы час усе апаратныя магутнасці можна будзе аб’яднаць у адзіную воблачную экасістэму. Заканамерным будзе з’яўленне ў хуткай будучыні рэспубліканскага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя. Аднак стварыць воблака — гэта не ўсё. Патрэбна навучыць педагогаў і навучэнцаў камп’ютарнай дасведчанасці і бяспецы з тым, каб яны мелі магчымасць якасна карыстацца новымі рэсурсамі”, — падкрэсліў П.А.Ліс.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.