На шляху да студэнцтва

- 11:32Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Абітурыенты ўжо здалі ЦТ па беларускай, рускай мовах і матэматыцы. Як яны рыхтаваліся да тэсціравання і куды плануюць паступаць, калі атрымаюць сертыфікаты?

Пра гэта перад пачаткам ЦТ па рускай мове пагутарылі з будучымі студэнтамі. 

У пункце здачы ЦТ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі можна здаваць ЦТ па 7 прадметах: беларуская, руская і замежная мовы, матэматыка, фізіка, біялогія і гісторыя Беларусі. 

“Пералік прадметаў вызначаны Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў, а наш універсітэт з’яўляецца адным з 41 пункта здачы ЦТ, — расказаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі Васіль Міхайлавіч Бандарык. — Сёлета для здачы цэнтралізаванага тэсціравання зарэгістраваліся і аплацілі праходжанне 4939 абітурыентаў. Большасць з іх здаюць ЦТ у БДУІР па 3—4 прадметах. Напрыклад, для здачы цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове — аднаго з самых запатрабаваных прадметаў — у БДУІР зарэгістравалася 1058 абітурыентаў”.

Са слоў Васіля Міхайлавіча, здараецца так, што абітурыенты, калі рэгіструюцца на ЦТ і здаюць яго, бываюць няўважлівымі.

“Бывае, што абітурыенты рэгіструюцца да здачы ЦТ на рускай мове, а пасля для запаўнення бланка ў аўдыторыі карыстаюцца другой дзяржаўнай мовай, — сказаў В.Бандарык. — На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў ёсць інфармацыя пра тое, што патрабуецца захоў­ваць адпаведнасць выбранай мовы і падчас рэгістрацыі на тэсціраванне, і ў запаўненні бланка адказаў. Здараецца, што абітурыенты могуць забыць пашпарт ці гелевую ручку. Праблемы з ручкай можна выра­шыць, мы даём яе тым, хто забыў. А ў выпадку з пашпартам, на жаль, нічым дапамагчы не зможам”.

У дзень здачы ЦТ па рускай мове ля корпуса БДУІР, дзе праходзіла тэсціраванне, за паўтары гадзіны да яго пачатку ўжо было мнагалюдна. Алег Ярашэвіч, выпускнік гімназіі № 18 Мінска, выбраў гэты пункт здачы не проста так.

“Я разам са сваімі аднакласнікамі, з якімі сёння прыйшоў здаваць ЦТ, ужо праходзіў у БДУІР рэпетыцыйнае тэсціраванне, — сказаў Алег Ярашэвіч. — Нам падабаецца, як у БДУІР створаны ўмовы для здачы ЦТ. Сёння я крыху хвалююся, але, напэўна, радасці больш: хутка ўсё скончыцца. Да ЦТ рыхтаваўся самастойна, рашаў тэсты з мінулых гадоў. Сёння здаю рускую мову, наперадзе тэсты па матэматыцы, фізіцы і англійскай мове. Замежную мову вырашыў узяць як чацвёрты прадмет”.

Хлопец расказаў, што ў далейшых планах — паступленне ў Інстытут бізнесу БДУ. 

“Са спецыяльнасцю дакладна яшчэ не вызначыўся, буду глядзець па колькасці набраных балаў. Але перавагу аддаю інфармацыйным тэхналогіям. 11 клас я скончыў з сярэднім балам 9,1”, — прызнаўся малады чалавек. 

У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт збіраецца паступаць і аднакласнік Алега, выпускнік гімназіі № 18 Канстанцін Мільчанін. 

“У мяне сярэдні бал атэстата 8,5, лічу, што гэта добры бал, — разважае Канстанцін. — Да ЦТ па рускай мове рыхтаваўся з пачатку навучальнага года. Безумоўна, былі тэмы, якія выклікалі цяжкасці. Трапляліся і простыя заданні, і больш цяжкія. Але я заўсёды стараўся ва ўсім разабрацца. Я ўпэўнены ў сваіх сілах, таму не хвалююся перад тэсціраваннем. Яшчэ буду зда­ваць матэматыку, фізіку і англійскую мову. Паступаць планую на механіка-матэматычны факультэт БДУ”.  

А вось у Андрэя Харытоненкі, яшчэ аднаго выпускніка гімназіі № 18, варыянтаў, куды аднесці дакументы, некалькі.

“Я буду выбіраць паміж факультэтам камп’ютарных сістэм і сетак, факультэтам камп’ютарнага праектавання БДУІР і Інстытутам бізнесу БДУ, — падзяліўся малады чалавек. — Да ЦТ па рускай мове рыхтаваўся 2 гады, але найбольш грунтоўна на працягу гэтага навучальнага года. Так, былі і бяссонныя ночы, і многа нерваваўся. Сярэдні бал майго атэстата — 9,2. Можна было і вышэй, але не атрымалася. Я, як і аднакласнікі, таксама здаваў РТ. Бал, які атрымаў за яго, парадаваў, але спадзяюся, што сёння змагу здаць лепш. Ва ўсякім разе, буду выкладвацца па максімуме, бо здача ЦТ гэтага патрабуе”. 

Дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі адзначыў, што пастановай аб правядзенні ЦТ вызначана, што ў кожнай з аўдыторый, дзе яно здаецца, павінны знаходзіцца не менш чым тры арганізатары.

“У кожнай аўдыторыі абавязкова тры арганізатары, адзін з якіх адказны за правядзенне тэсціравання, — патлумачыў В.Бан­дарык. — Гэта супрацоўнікі нашага ўніверсітэта. Сёлета да нас далучыліся стажоры — школьныя настаўнікі, а таксама выкладчыкі ліцэяў і каледжаў. Праз год яны будуць право­дзіць цэнтралізаваны экзамен. Думаю, што ўвядзенне ЦЭ дазво­ліць знізіць нагрузку на выпускнікоў школ. Экзамен будзе праводзіцца ў маі па нядзелях. Колькасць пунктаў здачы ЦЭ плануецца павялічыць да 100”.

Сёлета ў БДУІР па ўсіх формах навучання на бюджэт будзе залічаны 1171 абітурыент, на платнае аддзяленне — 1715 выпускнікоў. Што тычыцца мэтавай падрыхтоўкі, то ў мінулым годзе ў БДУІР не было ні аднаго абітурыента, хто б паступаў па накіраванні. 

“Сёлета з прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў нас будуць вучыцца 26 студэнтаў, — прывёў лічбы дэкан факультэта. — 20 заявак прадаставіў “Інтэграл”, 6 месцаў для сябе зарэзерваваў БДУІР. Ва ўніверсітэце конкурс высокі і да нас заўсёды прыходзяць матываваныя дзеці. Сёння, калі ў абітурыентаў наперадзе яшчэ некалькі ЦТ, хачу пажадаць ім толькі аднаго — добра выспацца. Усе веды, якія можна было атрымаць, ужо атрыманы і сістэматызаваны. А значыць, трэба паверыць у сябе і быць упэўненымі, што яны змогуць стаць тымі, кім захочуць”.   

 Наталля САХНО.