На што звярнуў увагу міністр адукацыі падчас сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю Карэліцкага раёна?

- 10:04Актуально, Образование

Пытанні якаснай адукацыі і выхавання былі ў цэнтры ўвагі на сустрэчы міністра адукацыі Андрэя Іванца з педагогамі Карэліцкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Кіраўнік міністэрства падкрэсліў, што ўжо зусім хутка будуць афіцыйна аб’яўлены вынікі мінулай рэпетыцыі ЦЭ, а інфармацыя аб памылках, якія сустракаліся найбольш часта і не толькі, ужо накіравана ва ўпраўленні адукацыі.

Удзельнікамі дыялогу ў сярэдняй школе гарадскога пасёлка Мір імя А.І.Сташэўскай сталі дырэктары ўстаноў адукацыі раёна і педагогі, прадстаўнікі маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў.

— Сістэма адукацыі тычыцца кожнага. У нас больш за два мільёны навучэнцаў на ўсіх узроўнях, — адзначыў Андрэй Іванец. — Задача школы — выхаваць годных людзей, якія знойдуць сваё месца ў грамадстве. Падмурак, на якім будуецца гэтая праца, — павага да роднага краю, старэйшага па­калення, працы.

Звярнуў увагу міністр на неабходнасць далейшага развіцця метадалогіі і методыкі дашкольнай адукацыі, удзялення ўвагі пытанням павышэння кваліфікацыі педагогаў дашкольнай адукацыі. Бацькі дашкольнікаў сёння зацікаўлены ў якаснай і сучаснай адукацыі і выхаванні іх дзяцей, уключаючы спартыўны напрамак, творчы, экалагічны, тэхнічны і прыродазнаўчанавуковы профілі. У гэтых адносінах Андрэй Іванец гаварыў аб важнасці своеасаблівай прафілізацыі ўстаноў дашкольнай адукацыі і адзначыў вопыт работы ў Астравецкім раёне.

Важную ролю ў адукацыйным працэсе па-ранейшаму адыгрывае выхаванне, і ў гэтым напрамку праводзіцца вялікая і сістэмная работа па музейнай педагогіцы, стварэнні асобных экспазіцый і музеяў у школах.

Разам з тым, як падкрэсліў кіраўнік міністэрства, важна, каб такія прасторы ствараліся не за зачыненымі дзвярыма спецыяльна адведзенага памяшкання, а былі пастаянна на вачах у школьнікаў.

Сярод важных задач, якія сёння стаяць перад агульнай сярэдняй адукацыяй, Андрэй Іванец адзначыў работу з дзецьмі з АПФР. Тычыцца яна не толькі стварэння інклюзіўнай культуры. Важна знайсці моцныя бакі кожнага такога вучня, падтрымаць і накіраваць яго. Ніводнае дзіця, якое апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі, не павінна заставацца без увагі прадстаўнікоў сістэмы адукацыі.

Нацэльваць школьнікаў на прафесійна-адукацыйную траекторыю важна як мага раней. І ў гэтым плане трэба выбудоўваць работу не толькі і не столькі з дзецьмі, колькі з іх бацькамі.

Азнаёміўся Андрэй Іванец з матэ­рыяльна-тэхнічнай базай установы аду­кацыі, умовамі для выхавання і навучання. У школьным STEM-цэнтры пе­дагогі і навучэнцы прадставілі вопыт работы факультатыва “Вывучэнне асноў робататэхнікі (на прыкладзе камплектаў “РОББО”)” і аб’яднання па інтарэсах “Scratch і 3D-мадэляванне”. Цікава прайшла экскурсія па народным гісторыка-краязнаўчым музеі. У школе, дарэчы, функцыянуе абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык “Педагогіка музейнай дзейнасці ў пашырэнні адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”.

У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” ганаровы госць пагутарыў з навучэнцамі школы. Вучні цікавіліся, дзякуючы чаму Андрэй Іванавіч здолеў дабіцца поспехаў і вынікаў адразу па некалькіх напрамках — прафесійным, навуковым, спартыўным, а таксама што паўплывала на выбар яго жыццёвага шляху.

Міністр адзначыў, што кожны чалавек павінен знайсці тую справу, якая яму падабаецца, і быць гатовым не спыняцца на дасягнутым, ісці па шляху адукацыі праз усё жыццё.

— Фактычна падчас першага знаёмства з прадметам “Хімія” зразумеў, што хачу сур’ёзна займацца гэтай навукай, і з гэтага часу вызначыўся з напрамкам свайго прафесійнага шляху, — дадаў міністр адукацыі.

Напрыканцы сустрэчы Андрэй Іванец падарыў у школьную бібліятэку кнігі патрыятычнай тэматыкі. Навучэнцы, у сваю чаргу, уручылі госцю кнігі пра гісторыю старажытнага Міра.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара