На старце зімняй Сусветнай універсіяды

- 10:07Актуально, Апошнія запісы

29 студзеня, у нядзелю, горад Алматы вітаў спартсменаў больш чым з 60 краін свету на ўрачыстым адкрыцці XXVIII Зімняй сусветнай універсіяды, якая праходзіць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU). Працягнецца ўніверсіяда да 8 лютага. Дарэчы, Казахстан першы сярод краін СНД прымае зімні міжнародны студэнцкі форум. Дагэтуль зімнія ўніверсіяды ў краінах былога Савецкага Саюза не праводзіліся, а летнія прайшлі ў Маскве ў 1973 годзе і ў Казані ў 2013 годзе. Напярэдадні вялікай спартыўнай падзеі ў Рэспубліканскім цэнтры фізвыхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў адбыліся провады беларускай каманды на зімнюю ўніверсіяду — 2017.

Спаборніцтвы ў Алматы пройдуць па 12 відах спорту, сярод якіх біятлон, гарналыжны спорт, кёрлінг, канькабежны спорт, лыжнае дваяборства, лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, сноўборд, фігурнае катанне, фрыстайл, хакей з шайбай і шорт-трэк. Будзе разыграна 86 камплектаў медалёў.

“Я думаю, што для нашых спартсменаў місія прадстаўляць студэнцкі спорт краіны з’яўляецца важнай. Зразумела, у нас ёсць традыцыі, асабліва ў біятлоне, таму што за ўвесь час удзелу нашай каманды біятланісты заваявалі больш за 30 медалёў рознай вартасці. Але мы спадзяёмся на поспех не толькі біятлоннай каманды, але і астатніх удзельнікаў універсіяды, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. — Шчыра кажучы, мы не ставім нейкіх медалезаданняў, разам з тым вельмі спадзяёмся на годнае выступленне беларускай каманды. Прыемна, што ўніверсіяда праходзіць напярэдадні важных міжнародных студэнцкіх спаборніцтваў, якія ўпершыню будзе прымаць наша краіна ў наступным годзе, — чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце. Ад гэтай каманды мы таксама чакаем добрых вынікаў на ўніверсіядзе!” — заўважыў намеснік міністра адукацыі і пажадаў усім спартсменам волі да перамогі.

Акрамя таго, Віктар Віктаравіч адзначыў, што з улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы была распрацавана новая Канцэпцыя арганізацыі студэнцкага спорту.

“Гэта перш за ўсё тычыцца гульнявых відаў спорту. Баскетбольная студэнцкая ліга, якая правяла спаборніцтвы ў мінулым навучальным годзе, — гэта дасягненне. Але мы звяртаем увагу і на дасягненні ў зімніх відах спорту — не толькі традыцыйных, але і гульнявых, таму, напрыклад, студэнцкі хакей — у цэнтры нашай увагі. Зразумела, Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму, Нацыянальным алімпійскім камітэтам аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы спартсменаў да ўдзелу ва ўсіх міжнародных студэнцкіх спаборніцтвах на лініі Міжнароднай студэнцкай арганізацыі FISU”, — звярнуў увагу намеснік міністра.

Беларускія студэнты-спартсмены выступяць у Казахстане ў 6 відах спорту. Гарналыжны спорт прадставіць студэнтка БДУФК Марыя Шканава. За ўзнагароды ў фрыстайле (лыжная акрабатыка) паспрачаюцца таксама студэнты БДУФК Ганна Рослік, Вера Ляшкевіч і Арцём Башлакоў. Давядзецца пахварэць і за нашых канькабежцаў студэнтаў БДУФК Глеба Астапава, Марыну Зуеву, Ігната Галавацюка, Антона Капусціна і Аляксея Кірпічніка. На старт выйдуць і беларускія біятланісты Віктар Крыўко (БДУФК), Уладзіслаў Мядзюха (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава), Раман Малуха (БДПУ імя Максіма Танка) і Яўген Ліпай (БДУФК). У лыжных гонках нашу краіну прадставяць Аляксандр Воранаў (Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова), Аляксандр Саладкоў (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), Іна Луконіна (Беларуская дзяржаўная ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі і ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга сельскагаспадарчая акадэмія) і студэнты БДУФК Віктар Кіменка, Алег Чычыкаў, Марыя Рашчынская, Марына Букініч, а таксама Настасся Майнгарт. Фігурнае катанне (танцы на лёдзе) таксама не застанецца па-за ўвагай беларускіх спартсменаў — у гэтых спаборніцтвах паўдзельнічаюць Юрый Уліцкі і Хрысціна Каўнацкая.

Акрамя студэнтаў, у беларускую спартыўную дэлегацыю ўваходзяць трэнеры, медыцынскія работнікі, а таксама члены адміністрацыйнай групы.

Спаборніцтвы арганізаваны на 8 спартыўных аб’ектах, сярод якіх вядомыя спартыўныя комплексы, гарналыжныя курорты, стадыёны і палацы спорту. Спецыяльна да ўніверсіяды пабудаваны два новыя аб’екты — Халык-Арэна і Алматы-Арэна. Акрамя таго, упершыню ў гісторыі зімніх універсіяд была пабудавана атлетычная вёска — аналаг алімпійскай вёскі, якая знаходзіцца ў адным з раёнаў горада.

Начальнік упраўлення нацыянальных каманд Міністэрства спорту і турызму Ігар Генадзьевіч Барэйша адзначыў, што ўніверсіяда — адзін з галоўных этапаў падрыхтоўкі нацыянальных каманд.

“Праведзена вялікая работа, патрачаны гадзіны трэніровак, тысячы кіламетраў за плячыма. Цяпер самае галоўнае, каб спартсмены паказалі максімальныя вынікі, каб кожны ўстанавіў свой асабісты рэкорд. Вось тады будуць і медалі”, — упэўнены Ігар Генадзьевіч. Ён расказаў спартсменам аб неабходнасці спраўляцца з псіхалагічным хваляваннем перад стартам, а таксама пераканаў юнакоў і дзяўчат: “Поспех прыйдзе. Справа за малым — верыць у сябе”.

Што ж, пакуль яны вераць у сябе, мы будзем верыць у іх і чакаць зімовых поспехаў ад нашых спартсменаў у Алматы!

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.