На старт! Увага! Памчалі!

- 10:03Спартыўныя падзеі

З 28 па 30 кастрычніка Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі прымаў удзельнікаў першага этапу адкрытага чэмпіянату і першынства краіны па аўтамадэльным спорце ў класе трасавых мадэлей. Шэсць каманд з Мінска, Гродна, Салігорска, Оршы (усяго 38 спартсменаў) сабраліся каля сучаснай, аснашчанай у адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі 8-дарожкавай трасы, каб не толькі на калег паглядзець, аўтамадэлі пазапускаць, але і праверыць узровень сваёй спартыўнай падрыхтоўкі, падняць планку развіцця айчыннага трасавага аўтамадэлізму на новы ўзровень.

На старт! Увага! Паехалі!.. Пасля гэтай судзейскай каманды і гукавога сігналу восем аўтамадэляў жоўтага, чырвонага, сіняга, зялёнага, фіялетавага, белага, чорнага, шэрага колераў з хуткасцю ветру імчаць на чарговае кола, да новых рэкордаў. Імчаць — гэта яшчэ слаба сказана. Лепш так: ляцяць, нясуцца. Некалькі крутых паваротаў — і кола даўжынёй у 42 метры аўтамадэль праязджае менш чым за 4 секунды. Для пераадолення такой адлегласці мадэлі павінны развіваць хуткасць да 100 км/г. Пры гэтым вага іх матора складае ўсяго 11 грам, а магутнасць дасягае паказчыка ў 100 Вт пры напружанні на трасе 12 В. Мадэлі, што ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, створаны са спецыяльнай сталі.

Спаборніцтвы па аўтамадэльным спорце ў класе трасавых мадэлей праводзяцца штогод у адпаведнасці з планам супрацоўніцтва Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна і арганізацыйнай структурай ДТСААФ Мінска і Мінскай вобласці. Сёлета яны праходзяць у два этапы (другі пройдзе ў снежні на базе Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна) у класе мадэлей G-33, G-12, ES-32, F-1, ES-24. У наступным годзе плануецца правядзенне ўжо трох этапаў (яшчэ адзін этап пройдзе ў Гродне). Павелічэнне колькасці этапаў сведчыць пра папулярызацыю трасавага мадэлізму, высокія вынікі, якія паказваюць удзельнікі спаборніцтваў, рэкорды, якія кожны год абнаўляюцца.

— Першая наша траса была невялікая, даўжынёй усяго 30 м з чатырма дарожкамі. Аднак прагрэс не стаіць на месцы, хуткасці мадэлей павялічваюцца, таму для якасных спаборніцтваў патрабавалася новая траса. Яна была зроблена па еўрапейскіх стандартах намаганнямі ў першую чаргу нашага педагога Юрыя Аляксандравіча Дубіка, — адзначыў суддзя спаборніцтваў загадчык кабінета агульнатэхнічнага мадэлявання МДПДіМ Вячаслаў Мікалаевіч Вінцэк.

Каб паспяхова пераадолець трасу, паказаць высокія вынікі і стаць прызёрам спаборніцтваў, ад спартсмена-тэхніка патрабуецца высокае майстэрства. Трэба ведаць, калі прытармазіць мадэль, каб яе не занесла на павароце, калі разагнаць, каб апярэдзіць саперніка. На вынік уплывае і тое, як настроены маторы, шасі, якой якасці пульт. Важна правільна выбраць камплекты гумы для аўтамадэлі. І гэта толькі невялікая частка сакрэтаў трасавых перамог. Дарэчы, пераможцам чэмпіянату ў пэўным класе прысвойваецца званне кандыдата ў майстры спорту.

— Першы этап чэмпіянату прайшоў вельмі напружана, навучэнцы паказалі высокія вынікі. З кожным годам хуткасці павышаюцца, мадэлі становяцца больш устойлівымі на віражах. Развіваць трасавы аўтамадэлізм неабходна. Удзельнікі цяперашніх спаборніцтваў — гэта будучыя інжынеры, якія будуць ствараць матэрыяльныя каштоўнасці для краіны, — адзначыў педагог Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Аляксандр Мікалаевіч Скалабан, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Нягледзячы на некаторыя памылкі, салігорскія навучэнцы паказалі высокія вынікі. Так, у індывідуальным заліку ў класе G-33 і класе F-1 пераможцамі сталі адпаведна Уладзіслаў Стражэвіч і Іван Васілеўскі. У класе G-12 1-е месца заняў Уладзіслаў Бекасаў з Мінска (трэнер Ю.А.Дубік), у класе ES-32 і ES-24 — Юрый Дубік з Мінска. У агульна-камандным заліку пераможцай стала каманда А.М.Скалабана арганізацыйнай структуры ДТСААФ Салігорска, 2-е і 3-е месцы падзялілі сумесная каманда Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і Маскоўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Мінска (трэнер Ю.А.Дубік) і сумесная каманда Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі і арганізацыйнай структуры ДТСААФ Гродна (трэнер К.М.Юшкевіч).

На старт! Увага! Паехалі!.. Гэтая каманда зноў прагучыць у снежні ў сценах Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Аўтамадэлі, створаныя будучымі інжынерамі, паляцяць на чарговае кола, да новых рэкордаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.