На сваім месцы

- 11:42Навіны рэгіёнаў

Педагогі Высока-Літоўскага ясляў-сада Камянецкага раёна ўпэўнены, што ім пашанцавала з кіраўніком. На працягу 27 гадоў дашкольную ўстанову ўзначальвае Ніна Мікалаеўна Карась.

Яслі-сад для загадчыцы — гэта жыццё, прызванне і радасць. Ужо ў пачатку кіраўніцкай дзейнасці Ніна Мікалаеўна паказала лепшыя якасці адміністратара, што дазволіла педагагічнаму калектыву вырасці ў дружную і згуртаваную каманду, здольную паспяхова вырашаць любыя вучэбна-выхаваўчыя задачы.

— Кіраўнік — гэта не проста пасада, а лад жыцця, — лічыць Н.М.Карась. — Галоўная задача кіраўніка — зрабіць усё магчымае, каб педагогам камфортна працавалася, а бацькі ахвотна давяралі ім сваіх дзяцей.

Ніна Мікалаеўна цудоўна працуе з людзьмі. У крытычных сітуацыях яна добра валодае сабой, прадбачыць і папярэджвае магчымыя канфлікты. Кіраўнік заўсёды можа зразумець і падтрымаць, таму педагогі ідуць на работу з задавальненнем, ведаючы, што іх чакаюць, цэняць і паважаюць. Ніна Мікалаеўна — надзвычай актыўны чалавек, які атрымлівае задавальненне ад працы і разам з падначаленымі радуецца поспехам і засмучаецца няўдачам.

— Гэта вельмі светлы чалавек з адкрытай душой, — гаворыць музычны кіраўнік ясляў-сада Т.А.Данілюк. — Ніну Мікалаеўну цяжка ўявіць хмурнай, яна заўсёды ўсміхаецца і стварае добры настрой усім.

Н.М.Карась нарадзілася на Камянеччыне, вучылася ў Мінскім спартыўным інтэрнаце рэспубліканскага значэння, была чэмпіёнкай Брэстчыны па лёгкай атлетыцы. Пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна Ніна Мікалаеўна 4 гады працавала настаўніцай фізкультуры ў Опальскай сярэдняй школе Іванаўскага раёна.

Калі Н.М.Карась прыйшла ў яслі-сад, ён знаходзіўся на балансе Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. За вялікі ўклад у выхаванне дзяцей Ніна Мікалаеўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускай чыгункі.

Н.М.Карась рэалізавалася не толькі ў рабоце, але і ў сям’і, якая падтрымлівае і дапамагае ў любой сітуацыі. Ад бацькоў перадаліся такія важныя якасці, як справядлівасць, сумленнасць і цвёрдасць характару.

— Такіх бацькоў, як у мяне, жадаю кожнаму дзіцяці, — гаворыць Ніна Мікалаеўна. — Менавіта дзякуючы бацькам я дасягнула ўсіх жыццёвых мэт.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.