На ўсе рукі майстры! Нататкі пра настаўніцкі дуэт з Чашніцкага раёна

- 13:01Учительский дуэт

Дзякуючы таму, што сямейную пару з Цяпінскай школы Чашніцкага раёна запрасілі на сустрэчу з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”, унук педагогаў Данік упершыню пабываў там, дзе працуюць яго бабуля і дзядуля.

З Масквы ў Цяпіна

Сяргей Валер’евіч Магнус, як і кожны з нас, мае шмат сацыяльных роляў. Настаўнік працоўнага навучання. Набыў вялікі вопыт як спецыяліст у школьным садзе, агаро­дзе. Як былы афіцэр ён яшчэ і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. А для Даніка перш за ўсё дзядуля. Як і Марына Ампалітаўна Магнус, школьны бібліятэкар і педагог-арганізатар, для ўнука проста клапатлівая і любімая бабуля. Зрэшты, у клопаце-пяшчоце-любові ўнук з Віцебска, прыехаўшы летам да родных, проста купаецца, нібы ў цёплай азёрнай вадзе.

“Данік толькі прыехаў да нас, а дзядуля змайстраваў яму паветранага змея… — бабуля расказвае нібыта мне, але ж і да ўнука звяртаецца, і ён шчасліва ўсміхаецца. — І мы яго разам усе запусцілі… А змей паляцеў-паляцеў, лёгка так паляцеў і высока…”

Уяўляю сабе той момант — і разумею: гэта ж і ёсць маленькі вобраз іх сямейнага шчасця. Бо колькі ж усяго павінна ў жыцці скласціся гарманічна, каб ураўнаважыліся розныя сілы, акалічнасці, каб “злавіць вецер” і ўсё ж узляцець — насуперак усім жыццёвым нягодам.

Лёсы Марыны Ампалітаўны і Сяргея Валер’евіча паядналіся дзякуючы Цяпінскай школе. Яна, у дзявоцтве Петрушэнка, родам з мясцовай вёскі Зазерыца. Папрацавала эканамістам, потым ёй прапанавалі месца лабаранта ў школе, яна і засталася ў Цяпіне. І ў тым жа 1996 годзе былы афіцэр Магнус прыйшоў працаваць у школу.

“Сам я з Чашнікаў, скончыў Новачаркаскае вышэйшае ваеннае вучылішча сувязі, — гаворыць Сяргей Валер’евіч. — У Маскве служыў, быў на перспектыўнай, як у ваенных кажуць, пасадзе. А калі ў краіне ўсё пасыпалася, Савецкі Саюз разваліўся, то разважыў і вырашыў: трэба мне ўсё ж быць бліжэй да бацькоў, да родных мясцін. І вярнуўся на малую радзіму. Тут была пасада настаўніка працоўнага навучання, вырашыў сябе і ў такой ролі паспрабаваць. Атрымалася”.

У Цяпіне абое свой сацыяльны статус змянілі і сямейнае жыццё ў хуткім часе ўладкавалі.

Дзедава навука

Сяргей Валер’евіч падкрэслівае, што рукі яго з маленства прывучаны да працы: “Дзядуля мой шмат чаго ўмеў рабіць. А мы, унукі, вось як Данік цяпер, амаль усё лета дзецьмі ў Міёрскім раёне праводзілі: у вёсцы Сачыўкі ў ваколіцах Дзісны. Дарэчы, і прозвішча ў дзеда было Сачыўка. Ён меў добрую майстэрню, а мы са стрыечным братам увесь час там побач круціліся. Ён то сталярнай справай займаўся, то слясарнай. Ён і садоўнік, таму я лёгка далучыўся да школьнага садоўніцтва. Умею з дзяцінства і на станках тачыць, і з дрэвам працаваць, з саломкай, лазой… Згадваю пра тое і раблю выснову: навыкі, якія ў дзяцінстве, у школе мы засвойваем, — гэта як базавы ўзровень, падмурак для далейшага лёсу. Веды ж, як кажуць, за плячыма не насіць: што зас­воіў — тое ў табе, тое тваё”.

У 2021 годзе, калі была ўведзена ў школах краіны пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, Сяргей Магнус на яе перайшоў: спатрэбіліся вайсковыя веды, навыкі. Раней выкладаў дапрызыўную пад­рыхтоўку — цяпер гэта іншы статус, кола абавязкаў пашырылася.

“Так што мы з Марынай Ампалітаўнай напрамую займаемся і ваенна-патрыятычным выхаваннем. Хоць і школьны сад, калі глянуць глыбей, у корань, таксама справа патрыятычная: бо гэта на розных узроўнях, у тым ліку пачуццёвым, умацоўвае ў кожным з нас цесныя сувязі з малой радзімай. Ёсць у вядомай песні словы пра траву ля дома, якая сніцца касманаўтам… Як па мне, дык болей шансаў прысніцца мае сад, тваімі рукамі пасаджаны, дагледжаны, бо трава можа быць і прыкметай занядбанасці, запусцення. І, напрыклад, дзедаў сад, яго навуку, вёску Сачыўкі я часта згадваю: гэта важная часцінка маёй любові да Радзімы”.

З мужам як адно цэлае…

Іх дачка Ганна, Данікава мама, працуе афтальмолагам — лазерным хірургам у абласной бальніцы ў Віцебску. Шэсць класаў скончыла ў Цяпіне, старшыя — у Чашніках: там і Магнусы жывуць, а на работу (9 км) у Цяпіна прыязджаюць. Марына Ампа­літаўна дадае, што жыллё ў іх ад Сяргеевых баць­коў, якія дом пабудавалі, а гарадскую кватэру прыватызавалі: “Дык і Сяргей будаваць дапамагаў, ён і ў гэтым спе­цыяліст. І бацька яго будаўніком быў”. Тым часам Данік яшчэ ціхенька дадае, што тата ў яго праграміст, а бабуля ўдакладняе: у Віцебск­энерга. У прыгожым энергаполі пашчасціла жыць Даніку, а цяпер у яго канікулы, лета, і малога насіць на руках гатовы бабуля і дзядуля.

Рукі бабулі, аднак, не толькі ўнукам занятыя, а шмат чаго ўмеюць: вясковае дзяцінства, напэўна, таму паспрыяла. Калі ў размове я пацікавіўся, ці складана было адаптавацца ў школе, прычым з даважкам-фразай “мужу лягчэй — ён усё ўмее”, ад Марыны Ампалітаўны пачуў: “І я шмат чаго ўмею! Спачатку лабарантам была, потым даручылі весці гурток рукадзелля. Тэхнікі розныя асвоіла: бісерапляценне ў тым ліку, ізанітка. (Такую мастацкую тэхніку называюць яшчэ ніцяной графікай, ці стрынг-артам. Дэкаратыўныя выявы ствараюцца ніткамі на кардоне альбо іншым цвёрдым матэрыяле. — Заўвага аўтара.) Потым даверылі адразу дзве пасады: педагога-арганізатара і бібліятэкара — па паўстаўкі”.

Як школьны бібліятэкар Марына Магнус кожны год удзельнічае ў абласным конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнага выхавання і асветы”. Конкурс праводзіцца па выніках работы за год, з улікам усяго зроб­ленага. Раней займала штогод 3-я месцы, а сёлета ўжо 2-е.

“Мы з мужам як адно цэлае, разам вядзём работу, каб вырасталі ў школе сапраўдныя патрыёты. Мяркуйце самі: педагог-арганізатар, бібліятэкар плюс працоўнае навучанне і ваенная падрыхтоўка — многае ў такім выхаванні ёсць на скрыжаванні гэтых сілавых ліній.

Мы разам рыхтавалі, праводзілі да 80-годдзя вызвалення Беларусі праекты, конкурсы. Зрабілі стэнд, прысвечаны былым педагогам школы — ветэранам вайны. У музеі, дарэчы, было няшмат інфармацыі на гэты конт, дык самі шукалі, падключылі старшакласнікаў, бацькоў вучняў, калег-настаўнікаў. Сабраную інфармацыю і тую, што ёсць у інтэрнэт-крыніцах, скампанавалі, на Google-дыск загрузілі, нават QR-коды згенерыравалі. Кнігу “Памяць. Чашніцкі раён” таксама выкарыстоўвалі. А яшчэ школьнікі, педагогі клапоцяцца пра воінскае пахаванне ў Цяпіне, у якім знайшлі спачын 18 чалавек, чац­вёра з якіх невядомыя”, — гаворыць Марына Ампалітаўна.

Згадалі яшчэ пра настаўніка-ветэрана: дырэктар Заверыцкай сярэдняй школы Аляксандр Піліпавіч Якаўлеў перайшоў працаваць у Цяпіна, вёў заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Мала што пра сябе расказваў. І шмат інфармацыі, ствараючы стэнд, Магнусы ўзялі пра яго на рэсурсе “Подвиг народа”. Паспрабуюць яшчэ імёны тых чатырох невядомых да 80-годдзя Перамогі пашу­каць… І яшчэ разважаем: да юбілею Перамогі варта б увекавечыць памяць усіх мясцовых жыхароў, якія ваявалі з ворагам, сталі ахвярамі захопнікаў. Хто вярнуўся з вайны дадому — тыя не згубіліся. Але ж не ўсе вярнуліся, і ёсць белыя плямы ў гэтай тэме. Дзе, калі хто загінуў — трэба памятаць, даследуючы факты пра генацыд беларускага народа.

“Гадоў пяць назад быў раённы конкурс, і такая работа вялася”, — прыгадвае Марына Ампалітаўна.

Фрагменты стэнда, зробленага ў Цяпінскай школе да 80-годдзя вызвалення Беларусі

Перад тым як наведацца ў Цяпіна, мы з намеснікам начальніка райаддзела па адукацыі Наталляй Бурмак пабывалі ў мястэчку Чарэя. Дарэчы, Наталля Уладзіміраўна родам адтуль. І вясковы бібліятэкар Таццяна Казлоўская цікава расказвала, як вяла пошукі звестак пра мясцовых удзельнікаў вайны. (А такія даныя варта сабраць і сістэматызаваць.) Таццяна Міхайлаўна і людзей распытвала, і сучаснымі пошукавымі сістэмамі карысталася. Імёны некаторых мясцовых людзей, казала, нібы вяртала з не­быцця.

Сяргей Валер’евіч згодзен, што такія пошукі трэба весці: “Мы знаходзілі ўжо імёны мясцовых жыхароў, якія загінулі ў фашысцкіх канцлагерах, і ведаем, хто дзе пахаваны. Нашаму загадчыку школьнай гаспадаркі дапамаглі знайсці звесткі пра сваяка: яго дзед, як аказалася, загінуў пад Ленінградам”.

Што Данік расказаў

Тым часам Данік патрабуе да сябе ўвагі, таму пераключаем размову на тое, што і яму цікава. Няўжо бабуля з дзядулем, жывучы ў гарадской кватэры, не паказалі яму ні вясковых курэй, ні гусей? А куры ёсць у Данікавых прабабулек: і ў Чашніках, і ў вёсцы Зазерыца, што непадалёк возера Турыцкага, бліжэй да запаведных лясоў Лепельшчыны. А як бабулю, што пры возеры жыве, зваць? Данік весела: “Баба Аня”. І прама са школы яны паедуць туды, у вёску за возерам, якая, відаць, у назве ранейшай — Заазерыца — згубіла з часам адну з падвойных літар.

Хлопчыку згадка пра курэй і бабулю Ганну, напэўна, дае сіг­нал: пара ў дарогу. Цярэбіць бабулю: паедзем ужо! Пытаюся: а на чым? З адказаў вынікае: на машыне, якая зялёная… і старая… і за рулём дзядуля Сяргей, а не бабуля Марына. І што яны з дзедам яшчэ пой­дуць на рыбалку. Ну вядома ж: побач возера.

“Данік рыбу з дзедам ловіць, — усміхаецца Марына Ампалітаўна. — Неяк штук 20 злавілі, але невялічкія, то іх Моніка з’ела”.

Значыць, і кошка тая хлопчыка чакае…

Велапаходы і піраграфія

Як па мне, калі вучні бяруць прыклад у жыцці з настаўнікаў, то гэта паказчык таго, што педагогі працуюць паспяхова.

“Ідуць вучні па маіх слядах, — гаворыць Сяргей Валер’евіч. — Сёлета ў нас Алег Тышкевіч у Ваенную акадэмію паступіў, на факультэт супрацьпаветранай абароны. Яшчэ дзесяцікласніца Аляксандра Буднік збіраецца пасля 11 класа паступаць у Ваенную акадэмію. Спрабавала ў кадэцкае паступіць, але не склалася. Рухаецца да сваёй мэты”.

З размовы я даведаўся, што Магнусы ра­зам удзельнічаюць у экаконкурсах, даследчых работах у школьных садзе і агародзе.

“Кожную ж работу аформіць трэба, — удакладняе Марына Ампалітаўна. — Справаздачы, фотапрэзентацыі, выступленні — усё разам, у тандэме робім. Як у агародзе, так і дома: некаторае насенне муж высявае дома на расаду, я потым пікірую. Перцы, памідоры, баклажаны… А капусту сеем адразу ў адкрыты грунт, пад плёнку, напрыканцы сакавіка. Як узыдзе, падрасце, тады рассаджваем на граду — на пастаяннае месца. І на бацькоўскіх агародах разам працуем. Муж у мяне рукасты і з раслінамі працаваць любіць”.

Настаўніцкі дуэт Магнусаў штогод рыхтуе матэрыялы на абласны конкурс “Юны натураліст”. Дзякуючы такой сумеснай рабоце, Цяпінская школа займала прызавыя месцы ў вобласці па кавунах (гатунак “бедуін”), дыні (“малага”), цыбулі, баміі.

“З Афрыкі тая бамія — культура такая, разнавіднасць гібіскуса, — гаворыць Сяргей Валер’евіч. — Яе сёлета не вырошчвалі. Цвіце прыгожа, вялікія кветкі, а потым з’яўляюцца струкі. Недаспелыя можна гатаваць: тушыць, саліць. У іх шмат бялку, і гэта як лякарства пры некаторых хваробах. А калі спелыя зярняткі змалоць, то будзе амаль кава без кафеіну. У нас была задача: апрабаваць бамію ў нашых месцах. І ўсё атрымалася”.

На заканчэнне-развітанне Магнусы яшчэ згадваюць добрым словам тых лю­дзей, дзякуючы якім у іх жыцці ўсё склалася так, а не інакш.

“Калі мы прыйшлі, то намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце была Валянціна Уладзіміраўна Каваленка, і яны з мужам (Анатоль Іванавіч фізруком быў) дапамагалі нам тут адаптавацца, — гаворыць Сяргей Валер’евіч. — Яна ж пасля стала дырэктарам, потым узначаліла райаддзел па адукацыі, цяпер на чале раённага аб’яднання ветэранаў. Помніцца, тады Анатоль Іванавіч вельмі актыўна займаўся велатурызмам. І мы ў камандзе з ім, разам з дзецьмі вандравалі, як кажуць, па ўсёй Віцебшчыне і нават за яе межы. Жонка, праўда, толькі ў адным паходзе з намі была, ды яна ж усё разам са мной адчувала і перажывала, калі ёй пра тое расказваў. А паходы былі незабыўныя, на веласіпедах па дзён 6—7”.

Яшчэ мы заглянулі-такі ў майстэрню, дзе праводзіць заняткі па працоўным навучанні Данікаў дзед. Сфатаграфавалі яго з Сяргеем Валер’евічам і некаторымі рэчамі, якія змайстравалі яны з вучнямі. Там ёсць арыгінальныя вырабы з бяросты, вазы з папяровых трубачак — нібы з лазовых пруткоў. А яшчэ ў Цяпіне вучні валодаюць піраграфіяй (выпальванне па дрэве), умеюць рабіць сталярныя вырабы, тачыць дрэва на станках, некаторыя асвойваюць і разьбу па дрэве. Драўляны макет машыны ратавальнікаў, які падавалі на конкурс, прысвечаны людзям гэтай прафесіі, заняў 1-е месца ў вобласці.

Даніку яшчэ спадабаўся самалёт, і шпакоўню яны збіраюцца разам з дзядулем змайстраваць. Так што, відаць, у майстэрню ён завітае не раз.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара