На варце міру і незалежнасці: у Індустрыяльна-педагагічным каледжы правялі тэматычную інфармацыйную гадзіну

- 12:07Актуально, Образование

Адзіная інфармацыйная гадзіна ў межах адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» прайшла ў сталічным Індустрыяльна-педагагічным каледжы РІПА з удзелам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Тэма для абмеркавання — «Радзіма мая Беларусь у асобах. Абаронцы Айчыны». Мерапрыемства было арганізавана ў форме віктарыны. У цэнтры ўвагі былі абароназдольнасць і бяспека краіны, гатоўнасць да выканання воінскага абавязку, сучасная армія, актыўная грамадзянская пазіцыя, павага да подзвігу герояў, баявыя традыцыі, мужнасць, патрыятызм.

Навучэнцы паразважалі, чаму ваенная служба ва ўсе часы была справай гонару, школай мужнасці і самаадданасці. Яны прагледзелі тэматычныя відэаролікі, расказалі пра армейскія міжнародныя гульні і дасягненні беларускіх вайскоўцаў у іх, мэты створаных у краіне цэнтраў бяспекі МНС па рабоце з насельніцтвам, пра тое, чым займаецца кіналагічная служба на мяжы і мытні, прывялі прыклады доблесці і самаахвяравання беларускіх воінаў у гісторыі сучаснай Беларусі (подзвігі Уладзіміра Карвата, Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, якім прысвоена званне «Герой Беларусі»).

На мерапрыемстве адзначалася, што ва ўсе часы абарона Айчыны была, ёсць і будзе свяшчэнным патрыятычным і ганаровым абавязкам. Працягваючы слаўныя традыцыі мінулых гадоў, сучасныя Узброеныя Сілы нашай краіны з’яўляюцца надзейнай апорай на шляху яе развіцця. Сапраўдную школу мужнасці і патрыятызму праходзяць абаронцы, якія нясуць воінскую службу ў розных родах войск. Маладыя людзі сышліся ў меркаванні, што сёння агульная задача — стаяць на варце незалежнасці, нацыянальных інтарэсаў і цэласнасці краіны, ахоўваць мір і спакой яе грамадзян.

— Праект «ШАГ» доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Спачатку ў ім удзельнічалі толькі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі: школы, гімназіі, ліцэі. Зараз гэтыя заняткі праводзяцца ў сістэме і прафесійна-тэхнічнай, і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На кожны год дзеяння праекта мы распрацоўваем сваю стратэгію. Сёлета расказваем пра Беларусь у асобах. Галоўныя героі лютага — абаронцы Айчыны. Мы гаворым пра супрацоўнікаў Узброеных Сіл, МНС, пагранічнай і мытнай службаў. Гэта вельмі важна, паколькі цікавасць да службы ва Узброеных Сілах, разуменне сваёй Айчыны, сваёй сям’і павінны прыходзіць у юныя гады, — адзначыў А. Кадлубай.

Намеснік міністра адукацыі азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа, наведаў цэнтр кампетэнцый сучасных зварачных тэхналогій, дзе навучэнцы трэніруюцца на 3D-трэнажорах, адточваюць навыкі па ўсіх відах зваркі на сучасным абсталяванні. А яшчэ асвойваюць тэрмічнае рэзанне ліставога металу і труб, вучацца рыхтаваць метал да зваркі, кіраваць робатызаваным зварачным комплексам, ажыццяўляць кантроль якасці зварных злучэнняў.

Па словах рэктара РІПА Валерыя Галубоўскага, каледж працуе па абноўленых вучэбных планах і праграмах, пашыраны пералік спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў. Асноўная мэта дзейнасці педагагічнага калектыву філіяла — падрыхтоўка канкурэнтаздольнага спецыяліста, удасканаленне вучэбнага працэсу, тэхналогій навучання, метадаў выкладання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара