Набожнікі, вясельныя, трапкачы, уцірачы… Багатая калекцыя ручнікоў захоўваецца ў музеі гімназіі Белаазёрска

- 16:02Новости

Ручнікі — самыя шматлікія, пры гэтым самыя незвычайныя, а ў нечым і таямнічыя экспанаты школьных этнаграфічных музеяў.

Набожнікі, вясельныя, трапкачы, уцірачы… Адны толькі назвы ручнікоў, якія захоўваюцца ў экспазіцыйнай зале “Лянок” гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі Белаазёрска, гавораць пра іх асаблівую ролю ў жыцці нашых продкаў. А калі пачынаеш разгадваць сімволіку вышытых арнаментаў, пераконваешся: ручнік — гэта не проста ўпрыгожаны нітачнымі карункамі кавалак тканіны. Гэта сапраўднае мастацтва. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нярэдка адзін узор на традыцыйным ручніку замяняе цэлы літаратурны твор. Узяць для прыкладу тэму кахання. Каб раскрыць яе, майстар слова можа напі­саць цэлы раман, а вось народнаму майстру дастаткова вышыць некалькі сімвалаў, якія па сваёй мастацкай вартасці і эмацыянальным уздзеянні не саступяць сотням друкаваных старонак.

Метадыст Бярозаўскага РВМК Алена Казак у музеі

Такіх ручнікоў у калекцыі “Лянку” не адзін дзясятак. На некаторых можна ўбачыць выяву птушачак — самых распаўсюджаных сімвалаў кахання. Па словах кіраўніка музея настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Галіны Васільеўны Скарына, калі дзве птушачкі павернуты адна да адной, то вышыты ўзор расказвае пра ўзаемнае каханне майстрыхі. Тут і радасць ад сустрэчы з дарагім чалавекам, і ўспаміны пра першы пацалунак, і незабыўнае “Я цябе кахаю”. Калі ж птушкі павернуты ў розныя бакі, то ў жыцці стваральніцы ручніка каханне нешчаслівае, неўзаемнае. З якім настроем вышывала ўзор жанчына, здагадацца няцяжка…

— У нашай музейнай калекцыі больш за паўсотню ручнікоў. Самыя шматлікія — вясельныя. А вось ручнік, якім карысталіся продкі найбольш часта, — уцірач. Лёгка здагадацца, для чаго ён прызначаўся: для выцірання рук і твару. Такія ручнікі былі доўгія, бо сем’і раней былі вялікія, а мець кожнаму свой ручнік было не прынята, — паведаміла кіраўнік музея.

Асабліва цікавыя ручнікі з надпісамі. У Галіны Васільеўны яны самыя любімыя. Дзіва што! Гэта не проста надпісы, гэта сапраўдная паэзія.

— Вось паслухайце, — звяртае ўвагу педагог і пасля невялікай паўзы выразна, з інтанацыяй, трымаючы ручнікі, зачытвае: — “Когда помру, когда схоронят, венок наденут на меня, и в глубину земли зароют, тогда забуду я тебя”. Альбо вось: “Где нет любви, там нет веселья”. Людзі хоць і былі малаадукаванымі, бо, як бачыце, некаторыя ручнікі вышыты з памылкамі, затое рабілі сваю справу сумленна, ад душы. На некаторых ручніках можна заўважыць толькі аўтограф аўтара. Напрыклад, на гэтым. Вось тут чытаем тэкст, вышыты белымі ніткамі на белай тканіне: “Матяш Анна Осиповна, 1941 год, Нивы”. Гэта сястра нашай славутай зямлячкі Ніны Мацяш. Надпісу амаль не ві­даць, але ў той жа час аўтар увекавечыў сваё імя. Ёсць у нас і такія ручнікі…

Па непрыхаванай усмешцы Галіны Васільеўны можна было зразумець, што зараз яна пакажа нешта незвычайнае.

— Як думаеце, чаму на гэтым доўгім вузкім ручніку шмат вузельчыкаў? — загадкава спытала настаўніца і пасля непрацяглай паўзы дадала: — Гэта ручнік-трапкач, якім трапалі дзяцей за непаслухмянства.

Як гэта адбывалася, Галіна Васільеўна абавязкова паказвае наведвальнікам, прапаноўваючы ім выцягнуць рукі. Канечне, трапанне жартоўнае і заўсёды суправаджаецца дзіцячым смехам. Жарты жартамі, але дзякуючы такім інтэрактыўным экскурсіям дзеці задумваюцца над тым, што трэба слухаць старэйшых, у першую чаргу бацькоў.

Так захапляльна і ў той жа час павучальна праводзіць экскурсіі Галіна Ва­сільеўна не толькі для навучэнцаў і калег з Бярозаўскага раёна. Усіх ахвочых яна ласкава запрашае ў гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Белаазёрска. Тут вас чакае шмат цікавага, а пасля экскурсіі вы абавязкова захочаце вярнуцца, каб яшчэ раз палюбавацца вышытымі з любоўю стракатымі ручнікамі.

 Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара