Начальнік аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама – аб эксперыментальным праекце і іншых дасягненнях

- 13:24Планерка

Аб надзённых пытаннях арганізацыі вучэбнага працэсу, прафарыентацыйнай і выхаваўчай рабоце карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла з начальнікам аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама Аленай Несцяровіч.

— У красавіку споўніўся год, як вы ўзначалілі сістэму адукацыі раёна. Раскажыце пра свой прафесійны шлях. Што з назапашанага вопыту дапамагае вам у рабоце кіраўніка?

— Пачынала з выхавальніка сельскага дзіцячага сада ў Чэрвеньскім раёне, адкуль я родам. Амаль 20 гадоў прысвяціла школьнай адукацыі. Прайшла ўсе прыступкі прафесійнай дзейнасці: настаўнік беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Клічаўскага райвыканкама, галоўны спецыя­ліст раённага аддзела адукацыі… Такі разнапланавы вопыт цяпер вельмі мне дапамагае. Добра ведаю асаблівасці работы па розных кірунках адукацыі. Гэта важна, бо кіраўнік — гэта чалавек, які прымае рашэнні і нясе адказнасць за іх.

— Чым з дасягненняў, напрацовак апошняга часу вы і вашы калегі асабліва ганарыцеся? 

— Клічаўскі раён не самы вялікі — 1,4 тысячы навучэнцаў, 19 устаноў адукацыі. Але станоўчых вынікаў працы нямала. У раёне 15 навучэнцаў, якія ўключаны ў банк даных адоранай моладзі Беларусі. Нашы дзеці паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах. Так, на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў гэтым годзе атрымалі два дыпломы, на заключным — адзін, па астраноміі. У абласным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах заваявалі 5 дыпломаў, на рэспубліканскім узялі дыплом па інфарматыцы.

Дзмітрыеўскай сярэдняй школе Клічаўскага раёна ў верасні мінулага года прысвоены статус Школы міру.

Працягваем рэалізацыю інавацыйных праектаў, пачалі новы эксперыментальны праект. Яго ўвасабляе ў жыццё Дзмітрыеўская сярэдняя школа Клічаўскага раёна. Тэма — “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

— У ліку пераможцаў на рэгіянальным этапе рэспуб­ліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Марыя Жукава. Вядома, такія перамогі — вынік як індывідуальнай, так і калектыўнай працы…

— Сапраўды так. Педагогі нашага раёна і раней бралі ўдзел у абласным этапе конкурсу, а вось у ліку пераможцаў апынуліся ўпершыню. Гэтаму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Тут важна ўсё: якаснае правядзенне другога этапу конкурсу, арганізацыя, змест, воля да перамогі канкурсанта і, вядома ж, падтрымка і дапамога калег.

Педагагічная грамадскасць нашага раё­на складаецца ў асноў­ным з вопытных педагогаў. Рэгулярна прыходзіць і мола­дзь. Створаны ўсе ўмовы для станаўлення, замацавання маладых спецыялістаў на рабочым месцы, на належным узроўні арганізавана настаўніцтва, прадугледжана матэрыяльная падтрымка, дапамога з жыллёвым пытаннем. Дарэчы, аб падрыхтоўцы дастойнай змены клапоцімся загадзя. У гэтым навучальным годзе з 6 маладых спецыя­лістаў, якія прыступілі да работы, 4 — мэтавікі. І на сёння мы ўжо выдалі 2 мэтавыя накіраванні на навучанне будучых педагогаў.

— Пагаворым пра надзённыя пытанні. З якім настроем педагогі і адзінаццацікласнікі рыхтуюцца да здачы цэнтралізаванага экзамену? Што новага прапаноўваецца для школьнага меню? Ці дамовіліся ўжо аб тым, як зменіцца з 1 верасня форма вучняў?   

— Пунктам правядзення цэнтралізаванага экзамену ў Клічаўскім раёне вызначана гарадская сярэдняя школа № 1. Мы правялі вялікую растлумачальную работу і з дзецьмі, і з баць­камі, адказалі на хвалюючыя пытанні. У рэпетыцыі выпрабаванняў змаглі паўдзельні­чаць усе 68 адзінаццацікласнікаў. Усе аспекты намі прапрацаваны, замінак на іспытах быць не павінна.

Працуем над паляпшэннем школьнага меню. У сакавіку на базе самай вялікай у раёне школы правялі апрабацыю 13 новых страў. Тыя з іх, што найбольш спадабаліся дзецям, пасля вясновых канікул уключылі ў меню ва ўсіх школах раёна. У іх ліку, напрыклад, фрытата, запечаная долькамі бульба, тварожная запяканка з какавай.  

Што тычыцца новага элемента школьнай формы, то мы ра­зам з бацькамі навучэнцаў вызначыліся на гэты конт. Ва ўсіх школах раёна дабавяцца пінжакі, спадніцы, штаны, сарафаны сіняга колеру.

— Для выпускнікоў школьны званок хутка прагучыць апошні раз. Як дапамагаеце дзецям у працэсе вучобы вызначыцца з будучай прафесіяй?

— У школах раёна адкрыты 7 класаў педагагічнага і 5 аграрнага профілю, ёсць група ваенна-патрыятычнай накіраванасці. На базе цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі старшакласнікі асвойваюць дзве спецыяльнасці — “Вадзіцель калёсных трактароў” і “Візажыст”.

У гэтым навучальным годзе з 6 маладых спецыялістаў, якія прыступілі да работы, 4 — мэтавікі.

Праходзіць вялікая колькасць прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Частыя госці ў школе — прадстаўнікі кале­джаў аграрнага кірунку Клічава, Клімавіч, Жыліч, іншых навучальных устаноў. Запрашаем старшакласнікаў на прафарыентацыйныя экскурсіі. У гэтым навучальным годзе былі, напрыклад, у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, наведвалі прадпрыемствы. Рэгулярна арганізуем факультатыўныя заняткі, удзельнічаем у кірмашах мэтавай падрыхтоўкі, іншых мерапрыемствах.

— 2023 год — Год міру і стварэння. На чым робіцца акцэнт у выхаваўчай рабоце з дзецьмі?

— Вельмі важна, каб яны ведалі гісторыю Беларусі, ганарыліся сваімі продкамі. Возім іх на экскурсіі па знакавых месцах розных часоў — наведваем замкі, мемарыялы, музеі. Дзеці пранікаюцца, натхняюцца, дзеляцца ўражаннямі і фотаздымкамі ў сацыяльных сетках. У дзвюх гарадскіх і дзвюх сельскіх школах працуюць музеі, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — музейна-выставачная зала. У кожнай установе адукацыі створана экспазіцыя па генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Не менш важныя задачы — выхаванне ў навучэнцаў гордасці за сваю краіну і яе сённяшнія дасягненні, гатоўнасці абара­няць нашу незалежнасць, разумення каштоўнасці мірнага жыцця і стваральнай працы. Упэўнена, што сістэмнасць і разнастайнасць форм дзейнасці ў гэтых кірунках, шчыры і неабыякавы падыход педагогаў абавязкова дадуць свае вынікі, мы вырасцім сапраўдных грамадзян нашай краіны.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара